7 студзеня 2014

«Я б даўно дапамагла яму раскрыцца, калі б хоць нешта адчула»

7 813
Изображение:
Навіна пра гомасэксуальнасць ці трангендарнасць дзіцяці часта робіцца для бацькоў нечаканасцю. Калі самі дзеці, магчыма, ужо некалькі гадоў думаюць: «Як жа я раскажу бацькам?», то бацькі павінныя за пяць хвілін адрэагаваць: «Усё ў парадку, ты ж наш сын/нашая дачка». Часам гэта зрабіць няпроста.

«Я б даўно дапамагла яму раскрыцца, калі б хоць нешта адчула»

Марыя (62 гады): Я ўспамінаю сваё дзяцінства: мы дык увогуле нічога не ведалі [пра гомасэксуальнасць. — Рэд.]. Ужо ў юнацтве паціху даведвалася, таму што кнігі нейкія чытаеш, там-сям праслізне. Але — ёсць і ёсць. Ужо калі закранула мяне асабіста — цяпер я ў бой рвуся няспынна! Неяк на працы нехта пакрытыкаваў, што на бульвары Шаўчэнкі гей-парад збіраюцца арганізаваць: «Ой, глянь! Вы ўяўляеце! Ну вось навошта ім гэта патрэбна?!» Я слухаю, што яны кажуць, і гавару: «Напэўна ж, трэба, калі робяць!» А сама чую, які мой голас гучны. Усе адразу змоўклі.


***

Коля ўвогуле сказаў мне першай. Я адразу расказала братам [іншым сынам. — Рэд.]. Саша сказаў: «Я здагадваўся». Паша: «Мама, якія праблемы?» Бацьку не гаварыла. Я думаю, усе спачатку гавораць з мамай. Пасля нейкі час патрымала ў сабе, патрымала, асэнсавала. І пачала. І сястры расказала, і пляменніцы. Сястра мая — педагог са стажам у правінцыйным горадзе. Яе рэакцыя была: «Ну і што?» Ну і ўсё. Пытанне закрытае, і дзякуй Богу.

Я нават сяброўкам адкрылася, але так — паступова. Спачатку тым, каго лічу самымі блізкімі, а пасля нават больш далёкім. Каб не чапляліся: «Коля, а дзевачка ў цябе ёсць? Дзевачка ёсць? Дзевачка ёсць?» Коля кажа: «Мама, мне гэта надакучыла!» Я кажу: «Добра, не будуць». І ўсё. Усе шоўкавыя ў мяне. І мне стала так спакойна, як перастала хаваць. А што тут хаваць?
Часам кажуць, сэрца маці ўсё адчувае. Нічога маё сэрца не адчувала! Я ні сном ні духам, як кажуць. Таму я болей не веру, калі так гавораць. Я б даўно дапамагла яму раскрыцца, калі б хоць нешта адчула. Але ўвогуле нічога. Ён мне сказаў гадоў у 20, але ж ён сам пра сябе зразумеў раней! І яго гэта нервавала, турбавала, і неяк жа ён набраўся духу, выклікаў мяне на размову.




Так і сказаў: «Мама, я гей». Канечне, нечакана. Але ён на мяне так глядзіць… І я кажу: «Коля, якія пытанні. Ты мой сын — быў, ёсць і будзеш».

Я адразу ўспрыняла безагаворачна. У мяне нават не ўзнікла жадання пакапацца недзе, пашукаць. Вось я месяц таму даведалася, што ў мяне дыябет. Я толькі глянула, як мне харчавацца. А капацца — што, ад чаго — мне нешта не хочацца. Ай, думаю, госпадзе, жыццё ўсё адно ідзе. Перабудавалася з харчаваннем ды ўсё. Ну, глюкометр яшчэ купіла. Гэтак жа і з Колем. Думаю: навошта мне лезці, капацца, ад чаго гэта? Мне ўсё роўна. Ёсць і ёсць. Галоўнае, што Коля ёсць. І ўсё.
«Я б даўно дапамагла яму раскрыцца, калі б хоць нешта адчула»Я ж кнігі чытаю. Вось вазьмі тую самую Мёрдак, у яе ў кожным рамане недзе мільгае гэтая лінія як адна з нормаў жыцця. Ужо звыкла. Людзі-людзі-людзі-людзі… Усе жывуць. І толькі ў некага ў нейкім плане нешта сваё. Я гэта зразумела — і ўсё.

Перажыванні былі, але іншай прыроды — страх за яго. Я ведаю, у якім грамадстве мы жывем. Ужо не кажучы пра тое, у якой краіне. Затое цяпер у мяне такі стымул жыць — не тое каб яго ахоўваць, але неяк так… Калі што — я буду побач. Так, я за яго баюся. Таму што бачу, як нават адэкватныя людзі могуць ставіцца. Не кажучы ўжо пра тое, колькі навокал неадэкватных. Я, напэўна, за кожнага з сыноў гатовая… Гэта проста нейкае мацярынскае, жывёльнае. Хаця я ўжо часам думаю: патрэбная я ім, непатрэбная?



Унукі
У мяне столькі дзяцей, што за ўнукаў я не перажываю. Дый пакуль выгадавала ўсіх дзяцей (а Коля, да таго ж, малодшы)... такога, што «ўнукаў хачу», у мяне ўвогуле ніколі не было. Я на дзяцей ужо сілы патраціла.

Што можаце параіць іншым бацькам?
А ў якім сэнсе параіць? Тым бацькам, якія ў прастрацыю ўпалі, калі даведаліся? Дык я не магу іх зразумець. Як я магу ім нешта раіць? Людзей, якіх я не разумею, увогуле шмат у свеце… Што параіць… ну, будзьце вы больш адукаванымі, ці што. Пачытайце Платона.



«Я дагэтуль нікому са сваіх не гавару»


Ніна (55 гадоў): Я неяк увогуле пра гэта не думала і не здагадвалася. Яна ўвесь час гуляла з лялькамі. І я ўсё уяўляла — і нават цяпер уяўляю, — што яна будзе клапатлівай маці, бо ўсё жыццё насілася з «Данікам». У яе іншых цацак не было, толькі «сынок-Данілка». І ў студэнцтве ездзіла з хлопцам зарабляць грошы ў Англію. Я нават думала, можа, паміж імі што ёсць.

Пасля, як яна прызналася, я зразумела, што магла падумаць тады, ці тады… Я ўжо дрэнна памятаю… Можа, яна неяк і намякала, але я не хацела гэтаму верыць, не прымала, думала, жартуе ці перарасце.

«Лесбіянка» гучыць для нас нязвыкла. Мы такіх словаў не ведалі раней… Можа, я, вясковая, не ведала, можа, хто ведаў больш.



«Мне падабаюцца дзяўчаты», — так і сказала. Мне было спачатку цяжка ў гэта паверыць, але мяне цешыла тое, што яна мне расказала: значыць, давярае. І раз яна мне давярае і расказала, то я магу неяк зрабіць, каб ёй лягчэй было. А як зрабіць, каб было лягчэй?
Я спачатку вельмі вінаваціла сябе, думала: ну што я не так зрабіла? Думала, што, можа, каб схадзілі да сэксапатолагаў, я б магла гэта ўсё вылечыць. А можа, гэта таму, што я ніколі не размаўляла на гэтую тэму? Але пасля думаю: дык і са мной мама ніколі не размаўляла пра гэта. Неяк лічылася, што дзеці павінныя на прыкладзе бацькоў вучыцца. Заўсёды казалі: колькі ні выхоўвай, усё адно дзеці будуць падобныя да цябе.

Што яшчэ немалаважна — мяне муж падтрымаў. Яна ж мне ўсё расказала, а я — яму. Ён адразу ж падтрымаў, сказаў: ты не расстройвайся, не плач, такія людзі даўно ёсць. Ну, мы не можам нічога памяняць. Але ж ты ведаеш, што яна ў нас добрая дзяўчынка. З часам зразумела, што нічога, у прынцыпе, не змянілася. Мне толькі хацелася, каб ёй не было цяжка. А для мяне яна ўсё роўна лепшая за ўсіх. Абы была шчаслівая і здаровая. Як на цяперашні мой розум, я не разумею, што тут можа быць дрэннага.

Я цяпер сябе не вінавачу. Бывае толькі, калі ёй стане кепска ці з дзяўчынай не атрымалася, то думаю: вось яна, бедная, пакутуе. Можа, гэта я вінаватая, што нарадзіла такую? Але ж усім дрэнна можа стаць, няважна, з кім ты.



Калі шчыра, я не чытала, не даведвалася надта [пра гомасэксуальнасць. — Рэд.]. Я лічу, што і не трэба чытаць пра такіх людзей, бо ўсе людзі розныя. Што пра іх чытаць і параўноўваць? Сярод такіх таксама ёсць добрыя, ёсць дрэнныя. Мне ж не трэба думаць, што яна дрэнная. Я проста веру сваёй дачцэ.

Мне проста хацелася, каб ёй не было цяжка, я ж ведаю, якое стаўленне.
Я дагэтуль, напрыклад, нікому са сваіх не гавару. Не таму, што баюся, што яны даведаюцца, але… Маім старым бацькам расказваць? Дык ім доўга трэба тлумачыць, нашто нам гэта? Гэта такі бок жыцця, які нікога не павінен цікавіць.

Ну, пытаюцца, напрыклад, ці выйшла замуж. «Не, не выйшла». Людзі не пытаюцца, чаму. Не выйшла і не выйшла.

Унукі
Мне толькі хочацца, каб яна сабе знайшла… такую сяброўку, каб яны адна адну разумелі. Каб дзеткі былі, вось што. Я ў ЖЖ чытаю пра адну пару, там таксама дзяўчаты. І яны нарадзілі дачку. Чытаю іх старонку і вельмі зайздрошчу. І бацькі паміж сабой сябруюць — у шашкі-шахматы гуляюць, фотаздымкі вывешваюць. Бачна, што разумныя, інтэлігентныя людзі. Галоўнае, каб згода была ў сям’і. А ўжо хто з кім жыве — гэта нікога не датычыць.

Ці хацелі калі паразмаўляць з іншымі бацькамі?
Я не адчуваю, што мне дрэнна або цяжка, што ў мяне такая дачка. Таму з кімсьці размаўляць, у нечым пераконваць, нібы псіхолаг, мне не хочацца. Я не ведаю, што можа дапамагчы. Бацькі павінныя самі бачыць сваіх дзяцей, разумець іх.


«Я вельмі хацела дзяўчынку. Мне яе далі. Але пасля зрабілі так, як павінна быць»


Ваши дети — вовсе не ваши дети.
Они сыновья и дочери извечной мечты бытия —
воссоздать себя.
От вас, но не из вас они родом.
И хотя они с вами, но не вы их хозяин.
Вы можете подарить им любовь,
Но не мысли ваши —
Ибо мысли они имеют свои...

Халіль Джэбран


З гэтых радкоў Валянціна пачынае аповед пра прыняцце сына. Яе сын — FtM-транссэксуал.

Валянціна (58 гадоў): Цудоўныя вершы, якія дапамагаюць, калі цяжка. Яны да мяне прыйшлі яшчэ «да таго, як», і вельмі дапамаглі. Бо нам здаецца, што мы кіруем: што хочам, тое і атрымліваем… Я, напрыклад, вельмі хацела дзяўчынку. Малілася, каб у мяне была дзяўчынка. Вынік вядомы — мне яе далі. Але пасля зрабілі так, як павінна быць.

Я амаль нічога не ведала пра транссэксуальнасць, акрамя ўрыўкаў інфармацыі — пошлай, брыдкай, няўцямнай. Ужо цяпер, калі пачытала, зразумела, што ўсё гэта можна было прадбачыць. Але я думала, мала што… Хто можа здагадацца? Разумееце, ніхто ніколі не здагадваецца, нават калі бачыць. Заўсёды хочацца гэта адрынуць, нібыта такога не можа быць, а са мной — тым больш.
Я зразумела, што акрамя мяне, майму дзіцяці няма на каго разлічваць. Каму мы ўвогуле ў жыцці патрэбныя, акрамя самых блізкіх — маці, бацькі, мужа ці жонкі?

Выла як воўк. Крычала, галасіла, спрабавала пераканаць. Спрабавала тлумачыць, што ёсць шкілет такі, ёсць гэткі, што ў мужчын такія храмасомы, а ў жанчын — такія. Што ёсць віды спорту мужчынскія і жаночыя, нарматывы па падняцці цяжару — для мужчын і жанчын, што жанчына створаная для таго, каб прадаўжаць род. І што ў выніку ўсё адно захочацца мець дзіця — гэта нармальна. Але ніякія ўгаворы пачутыя не былі. Давялося самой спрабаваць зразумець.



Дапамагае, калі вы гледзіце ў адзін бок, ідзяце да адной мэты. А калі ў сям’і раздрай, то чалавек увогуле нікому не патрэбны і спрабуе змагацца сам. І я зразумела, што акрамя мяне, майму дзіцяці ў яго сітуацыі разлічваць няма на каго. Мужу давялося самой тлумачыць.
Там увогуле анекдот атрымаўся. На той момант мы рабілі рамонт. Неяк жа трэба патлумачыць, каб чалавеку не стала дрэнна. Ну, я і кажу, што вось, збіраецца памяняць пол… Ну і добра, кажа. Мы ў сябе памянялі — і там памяняем.


«Перыяд прыняцця зацягнецца на ўсё жыццё»


Вядома, было вельмі цяжка. Мозг — гэта не касета, якую выцягнулі, прачысцілі, адфарматавалі і ўставілі назад. У мяне ёсць успаміны, як нараджала, як дзіця пайшло… Усё адно, як бы ні гаварылі, да хлопчыкаў і дзяўчат абсалютна рознае стаўленне. Да дзяўчынкі больш цеплыні выказваеш, дабрыні, больш прабачаеш, на нешта закрываеш вочы... ну, у мяне, прынамсі, было так. І гэтыя ўспаміны я прыбраць не магу. Вядома, я спрабую іх перавесці на новы лад. Калі атрымліваецца, калі не вельмі. Але сказаць, што гэта лёгка, я не магу.

Мне здаецца, што гэты перыяд прыняцця зацягнецца на ўсё жыццё. Я прыняла, але калі ты больш за 20 гадоў ужывала адзін займеннік, а цяпер трэба мяняць на іншы... Кантралюеш сябе, але ўсё роўна часам прарываецца.

Я нават не вагалася, ці расказваць іншым. Як гэта схаваеш? Можа, таму, што людзі адукаваныя, мае сяброўкі ды сябры Мішу прынялі добра. Нешта яны разумеюць, нечага не, спачуваюць, але прынамсі агрэсіі няма. Я ім проста патлумачыла. Цяпер яшчэ даволі шмат інфармацыі ідзе з тэлебачання. Вядома, не заўжды станоўчай, але гэта ўжо кожны сам фільтруе. Аднаму з нашых суседзяў 80 гадоў… Ці вось цётцы маёй 70, і яна Мішу прыняла нармальна.
Гэта справа кожнага чалавека — што і як. З кім яму жыць, як яму жыць і кім яму быць.




Бацькі вельмі закрытыя
Я не ведаю, дзе мне іх знайсці [іншых бацькоў. — Рэд.], але хацелася б хоць з кімсьці пагутарыць. Іх дзеці выбралі такі шлях, і хочацца, каб яны ім неяк дапамаглі, падтрымалі. А вельмі шмат тых, хто, наадварот, адштурхоўвае. Ім і без гэтага цяжка, а калі яшчэ і бацькі адштурхоўваюць... Іншыя вельмі закрытыя. Яны баяцца: а раптам хто даведаецца? Ну і што?

«Хацелася б стварыць нейкае добраахвотнае таварыства дапамогі бацькам, у якіх такія дзеці. Ці, можа, асобны сайт з інфармацыяй. Таму што калі не ведаць, то здаецца, што ты адзін. А пасля высвятляецца, што нас даволі шмат. Але чамусьці, калі ўзнікае нейкае пытанне, я ізноў застаюся адна. І ў свой час побач не аказалася нікога, хто б мог падтрымаць».


Кантакты мамы Мішы знаходзяцца ў рэдакцыі MAKEOUT.

Фота з архіва герояў.