© verasen

Карусь Люты

25 год


Самы першы, вельмі важны для мяне камін-аўт быў перад двума сябрамі — хлопцам і дзяўчынай. Я сказаў, што нам трэба паразмаўляць, і прызначыў месца. Мы сустрэліся вельмі загадзя, доўга ішлі да гэтага месца, выпілі піва. Я выкурыў літаральна пачак цыгарэтаў, чырвоных, вельмі моцных. У мяне трэсліся рукі. Была такая драма. Я сказаў: «Сябры, вось так і так… Я гей». Дзяўчына не паверыла. Яна сказала, што магла б падумаць пра каго заўгодна, толькі не пра мяне. А хлопец, як гэта ні дзіўна, вельмі лаяльна паставіўся. Усю ноч пасля гэтага я ванітаваў — напэўна менавіта праз гэтыя чырвоныя цыгарэты. Сяброўка мне толькі праз два дні сказала: «Я не хачу, каб ты знікаў з майго жыцця».

Я зразумеў, наколькі прасцей і лягчэй жыць адкрыта. І пасля гэтага панеслася, камін-аўты пасыпаліся як снежная лавіна. Залежала ад людзей — з некаторымі было вельмі складана, з некаторымі прасцей. Потым пайшлі новыя знаёмыя, большасць з якіх, як правіла, ужо ведаюць мяне як чалавека з гомасэксуальнай арыентацыяй.

Родныя — адзіныя з майго атачэння, перад кім я не зрабіў камін-аўт. Ёсць вельмі важныя людзі для мяне, якім я не магу адкрыцца: гэта мае бацькі і найбліжэйшыя сваякі. Матуля хутчэй за ўсё здагадваецца, проста не хоча пытаць мяне, хоча, каб у яе засталася магчымасць спадзявацца, што я адкажу «не» [«Я не гей». — Рэд.].

Але я ўпэўнены, што яна здагадваецца. Я перакананы ў гэтым.

Яны ж ведаюць мяне з самага дзяцінства, ведаюць, якім я быў. Яны не дурныя людзі, могуць правесці карэляцыю.

Калі я быў малым і мы з дзецьмі гуляліся, я заўсёды быў хроснай. Калі маці заўважала гэта, яна лаялася: ты хлопчык, ты не можаш быць хроснай. Тады я, як патрэбна, пачынаў граць «правільныя» ролі. Пасля, калі матуля сыходзіла, я казаў: так, усё назад, я зноў хросная.

Калі б яна наўпрост спытала мяне, гэта было б самае файнае, што толькі можа быць. Я чакаю гэтага пытання ўжо вельмі даўно. Мне вельмі хочацца, каб яна яго задала. Вельмі хочацца, каб яна проста паразмаўляла са мной. Тады б я дакладна ведаў, што яна гатовая прыняць гэты факт, гатовая размаўляць.

Я разумею, што раблюся ўсё больш і больш закрытым з роднымі. Маё сумленне ўжо не дазваляе ўвогуле размаўляць на гэтыя тэмы. То бок раней я мог проста хлусіць і казаць: матуля, я еду да сяброўкі. А цяпер проста ігнарую гэтае пытанне, нічога не гавару. Я бачу, што яна пакутуе ад гэтага.

Ведаеш, пра што я шкадую? Я шкадую, што не сказаў гэта ў 14 гадоў, напрыклад, ці нават у 18. Думаю, гэта як гланды, якія прасцей вырваць у дзяцінстве, ці апендыцыт, ці вятранка, якую прасцей перанесці ў дзяцінстве. І проста забыць пра гэта. Чым далей, тым складаней… Абсалютна.

Але кола пачынае звужацца. Гэтая тэма атачае мяне з усіх бакоў, і мне здаецца, што калі-небудзь здарыцца так, што мне давядзецца адкрыцца перад бацькамі. Я шчыра спадзяюся, што так і будзе.


    Камін-аўт

    ЛГБТК-супольнасць у Беларусі застаецца збольшага нябачнай. Пра гома- і транссэксуальнасць часта кажуць як пра штосьці нехарактэрнае для нашага грамадства. З дапамогай праекта КАМІН-АЎТ мы пачынаем гаварыць пра сябе самі. Мы жывем у Беларусі, і гэта нашае месца таксама.
    Чытаць больш падрабязна ↓
  • Саша

    27 лет
  • Мила

    23 года
  • Леша

    26 лет
  • Сергей

    27 лет
  • Рина

    19 лет
  • Света

    28 гадоў
  • Алина

    32 года
  • Алесь

    29 гадоў
  • Дарья

    21 год
  • Оля

    25 лет
  • Усе гісторыі
18+
Меркаванні ў артыкулах належаць аўтар_цы і неабавязкова адлюстроўваюць пазіцыю рэдакцыі. Публікацыя імя, фатаграфіі або іншай выявы якіх-небудзь асоб у межах гэтага сайта ніякім чынам не ўказвае на іх сэксуальную арыентацыю ці сэксуальныя перавагі. Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта абавязкова актыўная спасылка.