Наста

30 гадоў


Для мяне зрабіць камін-аўт — гэта паведаміць людзям пра тое, хто я насамрэч, калі па змоўчанні мяркуецца іншае. Калі ты проста... не ведаю, вы гаварылі з сябрам пра знакі задыяка, і ты сказала: «Я Авен». Гэта не будзе камін-аўтам, таму што наўрад ці ён думае, што ты абавязкова Панна і толькі гэтак.

Але пытанне ў тым, што менавіта казаць. Напрыклад, няма дастатковых словаў для гэтага. Альбо недзе ёсць, але іх не разумеюць людзі, з якімі я дачыняюся. Я не ведаю, што ім гаварыць. Чытаць лекцыю на тры гадзіны пра сваю гендарную ідэнтычнасць ці што? Таму я звычайна кажу «мне падабаюцца жанчыны» ці «я сустракаюся з дзяўчынай».

Камін-аўты бываюць розныя. Бываюць сур’ёзныя — да іх можна аднесці камін-аўт перад бацькамі ці перад любымі важнымі людзьмі, якія цябе вельмі даўно ведаюць, ледзь не з дзяцінства. І вось пасля трыццаці гадоў вашага знаёмства ты вырашаеш ім адкрыцца, паказаць частку сябе.

Адзін з апошніх такіх камін-аўтаў у мяне быў перад цёцяй. Яна мне пра дзяцей пачала гаварыць, што вось, ужо ўзрост, трэба задумацца пра дзяцей. А цёця для мяне блізкі чалавек і мне было важна з ёй блізкасць захаваць. І я падумала, што гэта можа быць той момант, калі ў нас атрымаецца шчыра пагаварыць. Усё адбывалася на кухні, яна наразала каўбасу, я нешта разагравала ў мікрахвалёўцы. Не было такога, што мы сядзім адна насупраць адной і глядзім у вочы. Хаваліся за нейкай дзейнасцю. Яна гаворыць: «Ты можаш не выходзіць замуж, але дзіця нарадзі». Я адказваю: «Ты разумееш, што я сустракаюся з жанчынамі?» І тут быў няёмкі момант. Якраз ляснулі дзверцы мікрахвалёўкі... і я не ведаю, ці то яна сапраўды не пачула, ці то ад нечаканасці ў мяне перапытала: «Што?» І я думаю: «Бля…» Давялося яшчэ раз паўтараць гэтую фразу.

Яшчэ адзін від камін-аўту — гэта камін-аўт «між іншым». Нядаўна быў выпадак, калі да мяне па справах зайшла калега. Яна пытаецца: «А ты адна тут жывеш?» І я разумею, што ў мяне ў галаве ўжо адбыўся аналіз — сказаць-не сказаць-скажу-што-будзе? У мяне не атрымліваецца так, між іншым, сказаць, што я жыву тут са сваёй дзяўчынай. Па факце я так і сказала, але ўнутры мяне гэта патрабавала пэўнага рашэння — гаварыць так ці па-іншаму. То бок нейкім натуральным чынам, каб я ўвогуле не задумалася пра гэта, у мяне не атрымліваецца.

Мне здаецца, гэта таму, што такое стаўленне ў грамадстве. Я не бачу, каб, напрыклад, дзе-небудзь у мяне людзі пыталіся: а ў цябе ёсць хлопец ці дзяўчына? Я ні разу не сустракала, каб хтосьці — ці то ў камунальных службах, ці то ў ахове здароўя — прапанаваў мне выбар. Яго няма. Адзін варыянт у цябе. Калі ты хочаш іншы — ты павінная пра гэта сказаць.

З гінеколагам быў досвед. Давялося рабіць камін-аўт. Таму што прыходзіш, і яны цябе пытаюць, ці «жывеш палавой жызнью». Што маецца на ўвазе? Я вось не ведаю… Я жыву, але ці тое гэта, што яна мае на ўвазе?

Камін-аўт перад бацькамі, фактычна перад маці, я зрабіла гадоў у 18. Мне было важна расказаць, але нейкі час гэта было немагчыма. Напэўна, два гады цягнулася. З таго моманту, як я вырашыла, што мне важна ім расказаць, да таго, як расказала — гэта быў час пакутаў. Я кожны дзень думала: божа, мне трэба ім расказаць. Але як? Усё, зраблю гэта заўтра. Памятаю, у дзённіку пісала: «Надыдзе гэты дзень, незалежна ні ад чыёй рэакцыі — ён стане днём маёй свабоды». І я чакала гэтага дня, калі я вызвалюся, калі раскажу… Ну і ўрэшце так — настаў той дзень.

Для мяне стала магчымым сказаць маме, калі яна сама задала пытанне. Іначай не ведаю, колькі б гэта яшчэ цягнулася. У нас адбылася размова. Памятаю, мама спытала: «Вось ты заўсёды гэтых людзей абараняеш, а сама ты што?» Я кажу: «Ну так, і сама я такая». Ну і ўсё, такім чынам гэты камін-аўт і адбыўся.

Вядома, не можа быць аднолькавага правіла, і не заўсёды трэба рабіць камін-аўт. Часам яго рабіць небяспечна — гэта факт. Таму тут не можа быць закліку: «Давайце ўсе рабіце камін-аўт». Чалавек сам адчувае, ці дастаткова ў яго сілаў, рэсурсаў, падтрымкі звонку і ўнутры сябе, каб зрабіць камін-аўт. Але бывае, што падтрымкі і сілаў ужо дастаткова, але чалавек усё адно чамусьці яго не робіць.



2014