Света

28 гадоў


Мае бацькі ў курсе. Гэта быў вельмі важны момант, але не скажу, што прыемны. Я не тое каб прыйшла і сказала: «Мне трэба з вамі сур’ёзна пагаварыць, я вырашыла вам адкрыцца». Так само атрымалася.

Там была простая сітуацыя. Я паказвала надрукаваныя фота — гэта былі часы, калі фота яшчэ раздрукоўвалі, і каментавала: вось гэта наш гітарыст са сваёй дзяўчынай, а гэта наш басіст са сваёй дзяўчынай. Пасля ішлі фотаздымкі дзяўчыны ў розных сукенках, гэтыя я хутка прагартала. І мама ці то жартам, ці то сур’ёзна спытала: «А гэта твая дзяўчына?»

Я, вядома, была не гатовая да такога пытання. Але адказала «так». Мама зрабіла паўзу, перастала гартаць фотаздымкі, спытала: «Што, сур’ёзна?» Я кажу: «Так». Яна адклала здымкі і пайшла ў іншы пакой. Не размаўляла са мной цэлы дзень.

На наступны дзень я прыйшла дадому позна, каля дзвюх ночы. Звычайна бацькі ў гэты час ужо спалі, а тут бацька сядзіць на кухні, п’е гарбату і глядзіць тэлевізар. Я таксама заварыла сабе гарбаты, і ён сказаў: «Давай паразмаўляем». Ну, і пайшлі звычайныя пытанні: а дзеці, а ўнукі, а грамадства? Я спрабавала нешта патлумачыць. Пасля прыбегла мама, уся ў слязах. Я таксама, канечне, пачала плакаць. Бацька спрабаваў супакоіць то мяне, то маму. Карацей, мы размаўлялі гадзінаў да пяці раніцы, яны прапаноўвалі мне да псіхолага пахадзіць, палячыцца — маўляў, ты ж разумееш, што гэта ненармальна, у такіх адносінаў няма будучыні, дзіцяці патрэбны бацька...

Пасля мама легла ў бальніцу: яна вельмі моцна перажывала, і ў яе на гэтай глебе вылезла шмат розных непрыемнасцяў. Я разумела, што гэта мая віна — я давяла маму да такога стану, я яе прымусіла так хвалявацца, што цяпер у яе сур’ёзныя праблемы са здароўем. Пачуццё віны, ад якога вельмі нядобра… Я сказала сваёй дзяўчыне, што нам трэба расстацца, бо вось такая сітуацыя. І мы не бачыліся месяц. Пасля я зразумела, што ўсё ж такі гэта няправільна. Мы зноў з ёй сустрэліся. Але гэты месяц і мяне моцна змяніў, і яе.

Гэта няпроста, канечне, калі ты каханаму чалавеку гаворыш… Яна казала: я цябе разумею, я не хачу для тваёй мамы праблемаў, хачу, каб яна была здаровая, але мы кахаем адна адну, разумееш? Як мы можам расстацца, калі мы кахаем? І тады я сказала: «Не, я цябе не кахаю». Вось гэта быў піздзец. Калі ты каханаму чалавеку кажаш: «Не, я цябе не кахаю».

І вось месяц прайшоў, мы сустрэліся… Я цяпер не памятаю… Мне здаецца гэта важна было сказаць, што так, сапраўды, я тады табе хлусіла. Мы рассталіся не таму, што я цябе не кахала, а таму што вось… такія акалічнасці. Але гэты месяц неяк мяне змяніў, яе змяніў. Карацей, нічога далей не атрымалася.

Праз нейкі час было новае каханне. Такое, як і ўсе каханні — вельмі моцнае. І я сабрала рэчы і пераехала да яе. Была яшчэ адна сур’ёзная размова. Мама мне тады сказала: калі ты зараз сыдзеш — дзверы для цябе зачыненыя, ты спальваеш усе масты, дарогі назад для цябе няма, усё, ты нам болей не дачка. Канечне, гэта ўсё суправаджалася слязьмі і істэрыкамі. Я сказала: кажы што хочаш, я сыходжу. Я была вашай дачкой і застануся. Вы мае бацькі — былі і будзеце. І я пайшла адтуль. Мы не размаўлялі з мамай два гады.

У яе зноў былі праблемы са здароўем. Паўтара года яна ляжала па розных бальніцах. Зноў згрызоты сумлення, што гэта мая віна. А з іншага боку, разумееш, што гэта тваё жыццё. Задаеш сабе пытанне: а ці магла б я па-іншаму зрабіць? Ці магла не сыходзіць, не расказваць? Не, не магла б. Тады разумееш, што ёсць ты, а ёсць успрыняцце цябе. І тут пытанне — чаго ты хочаш? Ты хочаш быць шчырай і жыць у згодзе сама з сабою або не ствараць праблемаў іншым? Важна, канечне, каб усе навокал не хварэлі, каб быў мір ва ўсім свеце. Але я не магу гэтага зрабіць. Я магу зрабіць, каб быў мір ува мне. І гэта ўсё. За астатніх я не адказваю.

Два гады мы не бачыліся з мамай, а з бацькам захоўвалі сухія адносіны. Можа, раз на паўгода мама мне тэлефанавала і пыталася, як справы. Так, суха. Ні пра што. Гэта не таму, што ёй сапраўды было важна даведацца, як у мяне справы, што ў мяне новага. Ёй трэба было паказаць, што яна побач… Але сказаць «Я цябе люблю» — на гэта не было сілаў. Гэта вельмі моцная фраза, яе няпроста гаварыць. Часам мы пытаемся, як справы, але пры гэтым думаем: «Я цябе люблю».

Я разумела, навошта яна званіла. Мне было прыемна яе чуць, але ў мяне гэтак жа не хапала сілаў сказаць, вось у чым фігня. А потым… я не памятаю, ці то мама пазваніла, сказала — прыходзь, ці штосьці такое. Я прыйшла, яна мяне абняла і сказала: прабач, я памылялася, я не павінная была так рабіць.

Прайшло ўжо дзесяць гадоў. Дзесяць гадоў з моманту майго камін-аўту. Але мы і цяпер не абмяркоўваем гэтыя тэмы. Хаця нядаўна пазванілі бацькі… Мы з імі часта размаўляем, але яны заўсёды пытаюцца: «Як там у цябе справы?» Няма гэтага «вы». І тут яны мне пазванілі: ну што, ты дзе? Я кажу, вось, еду з басейна. «Дык, можа, заехала б да нас?» Я кажу, я цяпер еду дадому, а праз пару гадзінаў магу заехаць. «Дык разам прыязджайце. У нас ёсць боршч, разам паабедаем, прыязджайце». Гэта было ўпершыню. Я сказала: «Дзякуй за запрашэнне». Надзя сябе дрэнна адчувала, таму мы нікуды не паехалі. Але гэта было важна.

Я не знаю, шчыра кажучы, ці сказала б я, калі б мама сама тады ў мяне не спытала. Я ж не тое каб… я ж не хавалася. Да таго як адбыўся гэты камін-аўт, мы з дзяўчынай год сустракаліся ці два... І я вельмі часта не начавала дома, а начавала ў дзяўчыны, казала, што «еду да Олі», але пасля высветлілася, што мама думала, я не да яе езджу, а да яе старэйшага брата.

Канечне, заўсёды цяжка, калі табе даводзіцца не тое каб хлусіць, але недагаворваць. Канечне, табе хочацца падзяліцца сваёй радасцю, сваім шчасцем. Але ты разумееш, што твая радасць больш нікому радасці не прынясе.

У мяне толькі мама заўсёды пытаецца, калі я з’язджаю куды-небудзь: ну што там, няма магчымасці застацца? То бок яна разумее, што тут жыцця не будзе. Грамадства ніколі не прыме мяне і такіх, як я. Не пры маім жыцці.

Ці хачу я з’ехаць? Гэта вечная тэма для роздуму. Ты нібыта і хочаш, а пасля думаеш: якога хера я павінная з’язджаць адсюль? Шмат пытанняў. Але пакуль ты можаш яшчэ тут нешта рабіць, трэба заставацца. Калі ўжо не зможаш, тады, напэўна, трэба з’язджаць.



2014