8 красавіка 2014

Сёння ў Мінску: "Білінгвізм як культурная стратэгія"

Прагляды: 2 478

“Моўнае пытанне” - адно з найбольш вострых і праблемных для беларусаў. Кожная культурная падзея нацыянальнага значэння выклікае спрэчкі па вызначэнні “сваё” і “чужое”, беларускае альбо савецкае\расейскае… І моўны крытэрый звычайна становіцца вызначальным аргументам.

Дадалі паліва ў палымяныя дыскусіі і ўкраінскія падзеі, надаўшы моцы як моўным рыгарыстам, якія пужаюць “выратавальніцкай” стратэгіяй расійскай акупацыі, так і прыхільнікам кампрамісаў як шляху выратавання ад грамадзянскай вайны. Гэта сітуацыя чарговы раз раскалола беларускае грамадства і абвастрыла праблему мовы як прыкметы нацыі. Але яна ж і вымушае да пошуку агульнага шляху і сінхроннага рушэння як адказу на выклік свету, які змянуўся за апошнія некалькі месяцаў.

Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” запрашаюць прыхільнікаў моналінгвістычнай і білінгвістычнай культурных традыцый - філосафаў, навукоўцаў, літаратараў, сцэнарыстаў, культурных менеджэраў - да дыскусіі “Білінгвізм як культурная стратэгія. Шлях да росквіту ці заняпаду?”

Падставай да дыскусіі стануць тэзісы філосафа і літаратара Ігара Бабкова, якія пазіцыянуюць стратэгію білінгвізму для развіцця беларускай культуры: падмуркі, кантэкст і прыярытэты. І супольна з прадстаўнікамі розных пазіцый мы абмяркуем наступныя пытанні:

- Ці здольная білінгвістычная культурная стратэгія вырашыць моўныя супярэчнасці і канфлікты ў “новай сітуацыі”?

- Ці варта змяняць нацыянальны кантэкст у моўным пытанні на больш шырокі?

- Ці ёсць патэнцыял да разгортвання білінгвістычнай стратэгіі: прыхільнікі і апаненты?

- Якія пытанні і выклікі паўстаюць перад інтэлектуальнай супольнасцю пры змене стратэгіі з “беларускае па форме” на “беларускае па змесце”?

Да ўдзелу ў дыскусіі запрошаныя: філосаф Валянцін Акудовіч, культуролаг Юлія Чарняўская, метадолаг Уладзімір Мацкевіч, культуролаг Максім Жбанкоў. Да абмеркавання далучыцца таксама і каардынатар кампаніі “Будзьма” па Гарадзенскім рэгіёне Хрысціна Марчук. Вядоўцы: ініцыятар дыскусіі філосаф Ігар Бабкоў і палітолаг Андрэй Ягораў. Дыскусія будзе праходзіць 9 красавіка ў галерэі “Ў”, пачатак а 18.30. Уваход вольны!

Па ўсіх пытаннях просім звязвацца з каардынатарам – Юліяй Галіноўскай: [email protected]; +375297422040