11 ліпеня 2014

Планета жанчын

7 548
Якім стаўся б наш соцыум, калі б даміноўным грамадскім ладам у ім быў матрыярхат?
Изображение: Simple Insomnia
© Simple Insomnia
Якім стаўся б наш соцыум, калі б даміноўным грамадскім ладам у ім быў матрыярхат? Як выглядалі б палітыка, эканоміка і ідэалогія ў свеце, дзе жанчына грала б галоўныя ролі, а праявы жаноцкасці не расцэньваліся б як слабасць ці нават сацыяльная дэвіяцыя? Не варта даказваць, што сучасная цывілізацыя стаіць на патрыярхальным падмурку. Патрыярхат — не толькі асноўная форма грамадскага ўладкавання, але і сістэма каштоўнасцяў, што фармуюць нашу свядомасць.

Варта адзначыць, што ў сучаснай цывілізацыі адсутнічаюць паўнавартасныя прыклады матрыярхальных грамадстваў. То бок у нашай гісторыі не існуе такой формы грамадства, дзе жанчыны цалкам займалі б кіроўныя пазіцыі, а мужчыны — цалкам другасныя. Больш за тое, не знойдзена нават дакументальных сведчанняў, якія б сцвярджалі існаванне матрыярхату. Усе гістарычныя матэрыялы на гэтую тэму ствараліся ў «патрыярхальныя часы». Сучасная пісьмовасць, навука, дзяржава, палітыка, эканоміка, ідэалогія і іншыя дасягненні культуры — прадукты, якія з’явіліся пад мужчынскай уладай.

Аднак да нашых дзён можна знайсці ў свеце грамадствы, набліжаныя да матрыярхату. Гэта так званыя суполкі з рысамі матрыцэнтрычнага ўладкавання. Да іх адносяць грамадствы з прыкметамі матрылінейнасці (пераходу і размеркавання спадчыны па жаночай лініі) і матрылакальнасці (перасялення пары ў дом маці жонкі пасля шлюбу).

Планета жанчын
© Brent Stirton. Жанчыны-туарэгi, Марокка

Важная адметнасць патрыярхальнага ўладкавання — не толькі тое, што ў сем’ях мужчыны маюць уладу над жанчынамі і дзецьмі, а па-за сем’ямі яны ёсць носьбітамі палітычнай улады, маральнага аўтарытэту і кантролю над уласнасцю. Найважнейшая дэталь такой сацыяльнай формы — сілавы прынцып у арганізацыі: улада, строгая бескампрамісная іерархія перадусім.

Усе кампаненты соцыуму мусяць працаваць на карысць падтрымання яго жыццядзейнасці. Усе аб’екты ў складзе канструкцыі мусяць займаць у ёй пэўнае месца, вядома, максімальна для яе карыснае. Калі так не адбываецца, кампанент павінны быць выкраслены з сістэмы. Прынцып улады дазваляе выключаць кампаненты з сістэмы, знішчаць аб’екты, што стаяць ніжэй на іерархічнай лесвіцы. Менавіта таму канфармізм — важная частка патрыярхальнага грамадства. І чым большы ў соцыуме градус патрыярхальнага, тым больш ён схіляецца да аўтарытарнасці.


Спрабуючы змадэляваць умоўнае матрыярхальнае грамадства, някепска будзе разгледзець рэальныя матрыцэнтрычныя соцыумы, вядомыя сёння культуролагам.

Наогул, нашая гісторыя мае няшмат звестак пра матрыярхат. Пераважная большасць з іх шчыльна звязаная з міфалогіяй. Некаторыя працы антычных навукоўцаў, напрыклад, Герадота і Арыстоцеля, павярхоўна закранаюць гэтую тэму, а найбольш грунтоўныя тэксты аўтараў бліжэйшага мінулага — Ж. Ф. Лафіто, Ё. Я. Бахафена, Л. Г. Моргана — з’яўляюцца антрапалагічнымі гіпотэзамі са значнай перавагай суб’ектыўных меркаванняў. Каб разгледзець асаблівасці сапраўднага, а не «гіпатэтычна-міфічнага» матрыцэнтрычнага соцыуму, звернемся да антрапалогіі і геаграфіі і скіруемся ў сучасную Індыю.

Планета жанчын
© Danny Burke. Жанчыны-кхасi

Тут у штаце Мегхалая, што на поўнач ад Бангладэш, жыве народ кхасі. Іх колькасць складае каля мільёна жыхароў. Сацыяльнае ўладкаванне грамадства кхасі — гэта квазіфеадальныя стасункі з матчына-родавай арганізацыяй. Гэта значыць, што прозвішча і маёмасць перадаецца па жаночай лініі малодшай дачцэ, а шлюбы матрылакальныя. Сям'я ў кхасі пераважна малая, у сельскай суполцы прысутнічае расслаенне па класах. Апошнім часам, паводле сведчанняў даследчыкаў, у грамадстве развіваецца рух за раўнапраўе мужчынаў і юрыдычную рэгістрацыю шлюбаў [1].

У гэтым жа рэгіёне жыве яшчэ адзін народ з матрылінейнымі рысамі колькасцю каля 1,2 мільёна чалавек — гаро. Спадчына па традыцыях гаро таксама пераходзіць ад маці да малодшай дачкі. Хлопчыкі пакідаюць дом бацькоў у перыяд палавога выспявання і жывуць у спецыяльных мужчынскіх школах-інтэрнатах. Пасля шлюбу хлопец пераязджае ў дом жонкі. Уся матэрыяльная ўласнасць гэтага народа належыць жанчынам. У той жа час, мужчыны гаро прымаюць палітычныя рашэнні, займаюцца аховай і служаць у мясцовых войсках. Сучасныя гаро паступова страчваюць рысы матрылінейнасці пад моцным уплывам хрысціянства [2].

Планета жанчын
© Vishma Thapa. Гаро

На паўднёвым усходзе Еўразіі, на захадзе выспы Суматра, у ХІІІ стагоддзі таксама існавала феадальная матрыярхальная дзяржава — Мінангкабаў. Цяпер на гэтай тэрыторыі жыве аднайменны народ колькасцю каля 6 млн чалавек. Гэтаму грамадству была ўласцівая складаная матчына-родавая структура. Найважнейшай сацыяльнай адзінкай была вялікая сям'я маці — «сапаруі», што азначае «плод аднаго лона». Ядро сям’і складалі сваякі па жаночай лініі, якія вялі свой род ад адной прабабкі. Яны жылі ў адным доме і мелі правы на маёмасць. Мужчыны, прыходзячы ў гэткую сям’ю праз шлюб з жанчынамі роду, рабіліся прымакамі. Яны бралі ўдзел у сацыяльным жыцці, але права на ўласнасць не мелі. Пасля разводу ўся маёмасць і дзеці заставаліся ў сапаруі жонкі, а мужчына мусіў вяртацца ў клан уласнай маці. Фактычна, уласнасцю на зямлю ў мінангкабаў валодалі толькі жанчыны, але сацыяльны аўтарытэт быў падзелены пароўну [3].

Планета жанчын
Жанчыны-мінангкабаў. Фота з сайта www.pbaralekdi.blogspot.com.jpg

Колькасць звестак аб жыцці наступных народаў дазваляе разгледзець іх больш грунтоўна. Так, вялікая этнічная супольнасць туарэгаў (5,2 млн чалавек), распаўсюджаная на паўночным захадзе Афрыкі, таксама мае рысы матрыцэнтрычнасці. Нягледзячы на тое, што туарэгі — пераважна мусульмане-суніты, яны захавалі шэраг даісламскіх сацыяльных асаблівасцяў. Сярод іх — матрылінейнае родавае ўладкаванне (прозвішча ўспадкоўваецца па жаночай лініі, але маёмасць — па мужчынскай), матрылакальнае рассяленне і матрылатэральны артакузэнны шлюб (шлюб між дзецьмі дзвюх стрыечных сясцёр). Акрамя таго, мужчыны-туарэгі нават дома мусяць хаваць свой твар пад цёмна-блакітнай павязкай. Сапраўдны туарэг можа ўзяць шлюб толькі адзін раз толькі з адной жанчынай.

Планета жанчын
© Alfred Weidinger. Мужчыны-туарэгi

У мясцовым грамадстве жанчыны карыстаюцца вялікай павагай. Дзяўчынкі з маленства вучацца пісаць і чытаць, а вось мужчыну дазволена быць непісьменным. Жанчыны-туарэгі карыстаюцца сваім уласным алфавітам (тыфінаг), а мужчыны — арабскім. Да шлюбу і ў хлопца, і ў дзяўчыны вітаецца наяўнасць сэксуальнага досведу, а пасля шлюбу адзюльтэр не лічыцца смяротным грахом. Дарэчы, да шлюбу дзяўчынкі-туарэгі не мусяць працаваць увогуле, толькі займацца адукацыяй і мастацтвамі. Разам з гэтым соцыум туарэгаў мае і заўважныя патрыярхальныя рысы. Мужчыны там з’яўляюцца палітычнымі кіраўнікамі, жаўнерамі-ваярамі, гандлярамі [4].

Планета жанчын
© Brent Stirton. Туарэгi

У сучасным Кітаі, у правінцыі Сычуань, у перадгор’ях Гімалаяў жыве народнасць мосуа, які ўваходзіць у склад групы народаў насі. Гэта пераважна сельскі народ колькасцю каля 40 тысяч чалавек. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што гэта адзін з самых набліжаных да «ідэальнага матрыярхату» соцыумаў сучаснасці. Жанчына тут кіраўнік сям’і, спадчына перадаецца па жаночай лініі, эканамічныя рашэнні прымае таксама гаспадыня. Цікава тое, што сельскагаспадарчыя абавязкі ў гэтым маленькім грамадстве размеркаваныя гэтаксама, як у патрыярхальнай сістэме: жанчына займаецца хатняй працай, корміць свойскую жывёлу, прыбірае, тчэ і прадзе; мужчына клапоціцца пра быдла, ворыва, будуе, ходзіць па рыбу, а таксама моліцца і займаецца ахвярапрынашэннем. На мужчыну ў гэтым соцыуме накладаецца адказнасць ў прыняцці пэўных палітычных рашэнняў.

Планета жанчын
Мосуа. Фота з сайта www.defence.pk

Яшчэ адна цікавая традыцыя гэтага народа — спецыфічны фармат шлюбу і сям’і. Дынастыі адлічваюць сваяцтва па матчынай лініі, а ўсе сэксуальныя зносіны ў культуры мосуа лічацца «гасцявым шлюбам» і будуюцца на ўзаемных пачуццях (у нас такі фармат стасункаў завецца «спатканнямі»). Пачаць стасункі можа як хлопец, так і дзяўчына, але толькі дзяўчына дазваляе хлопцу наведваць яе ноччу. Такія «начныя візіты» звычайна трымаюцца ў таямніцы: хлопец наведвае сваю каханую пасля надыходу цемры, а раніцай вяртаецца дадому. Гіпатэтычна жанчыны мосуа могуць па сваім жаданні адразу знаходзіцца ў стасунках з некалькімі партнёрамі, але фактычна яны не прызнаюцца поліандрычным (шматмужным) народам, бо мала хто з жанчынаў мае адначасова больш за аднаго партнёра. Нягледзячы на тое, што мосуа аддаюць перавагу доўгім спатканням, партнёры не патрабуюць вернасці адно ад аднаго, а ў мове гэтага народа адсутнічае слова «рэўнасць». Большасць з жанчынаў вызначае, хто бацька іх дзяцей, аднак грамадствам не асуджаюцца таксама дзеці, што не ведаюць сваіх бацькаў.

Хоць стасункі і могуць быць доўгачасовымі, мужчына ніколі не пераходзіць на пастаяннае жыхарства ў дом жанчыны (ці наадварот). Пара не мае агульнай маёмасці. Бацька звычайна амаль не бярэ ўдзелу ў выхаванні сваіх дзяцей — мужчыны больш уцягнутыя ў працэс выхавання пляменнікаў і пляменніцаў. Бацька можа падносіць падарункі сям’і каханай, каб прадэманстраваць зацікаўленасць у выхаванні. Гэта надасць яму пэўны статус, але ў любым выпадку дзеці гадуюцца ў доме маці і атрымліваюць яе прозвішча. Абодва партнёры не абмежаваныя абавязкамі, таму скончыць стасункі можа любы бок у любы момант. Хаця матрыярх і можа прымусіць пару разысціся, здараецца такое рэдка [5].

Планета жанчын
© Mikel Butragueo. Жанчына-мосуа пераплывае на лодцы возера Лугуху

Падчас агляду сучасных матрыцэнтрычных народаў былі акрэсленыя толькі асноўныя характэрныя рысы, але і так відавочна, што яны — толькі бляклы цень тэарэтычнага матрыярхату. Усе гэтыя грамадствы наскрозь прасякнутыя патрыярхальнымі рысамі, а некаторыя з іх нагадваюць патрыцэнтрычныя супольнасці нават больш, чым пэўныя еўрапейскія соцыумы. Глабалізацыя зрабіла нязначны ўплыў на культуру гэтых народаў. Большасць вышэйназваных супольнасцяў схіляюцца да традыцыйных вераванняў і маюць пераважна аграрна-феадальнае ўладкаванне. Гэтыя народы маюць такую ж ступень канформнасці, уцягнутасці ў сацыяльную сістэму, што і патрыярхальныя грамадствы. Пераважная большасць побытавых і сацыяльных абавязкаў у іх размеркаваная паміж поламі гэтак жа, як і ў нас. Адзінае грунтоўнае адрозненне — стаўленне да сэксуальных стасункаў. Усе матрыцэнтрычныя плямёны амаль не рэгламентуюць характар сэксуальных зносін, апошнія не з’яўляюцца грамадскім рычагом кіравання. Сям’я і шлюб часцей за ўсё маюць сямейна-родавы характар.

Насамрэч складана сказаць, як бы выглядаў наш соцыум, калі б даміноўным грамадскім уладкаваннем у ім быў матрыярхат. Хутчэй за ўсё, гэта было б грамадства, дзе эратычныя стасункі, сэксуальнасць і гендар не былі б табуяванымі тэмамі. Гэта быў бы соцыум, дзе жаночае і мужчынскае гарманічна крочылі б поруч і не былі б прадметам гонару ці знявагі. Так ці інакш, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, таму нам застаецца толькі здагадвацца, якой была б планета жанчын. Цяпер рэчаіснасць прымушае нас імкнуцца да іншых ідэалаў. Сёння бездакорнасць хаваецца ў палавым раўнапраўі. Тое, што свет рушыць у гэтым кірунку, цалкам відавочна. Але добра гэта ці кепска і да чаго нас прывядзе, пакажа толькі час.

Літаратура:


1. Маретина, С. А. Кхаси // Народы и религии мира / Глав. ред. В. А. Тишков. — М.: БРЭ, 1999. — С. 277.
2. West Garo Hills District official website: The people — Garos.
3. Маретин, Ю. В. Народы мира. Этнографические очерки: народы Юго-Восточной Азии / ред. А. А. Губера. — М.: Издательство Академии наук СССР, 1966. — С. 502—511.
4. Травина, В. И. Тайны пустынь. — М.: ООО «Издательство “РОСМЭН_ПРЕСС”», 2003. — С. 113—118.
5. Kingdom of Women: The Matriarchal Mosuo of China // Films for the Humanities and Societies. — 2007.
6. Стелла Джоргуди. Создание мифа о матриархате // История женщин на Западе: В 5 т. Т.1: От древних богинь до христианских святынь. — СПб.: Алетейя, 2005. — С. 457—471. Доступ через интернет http://ec-dejavu.ru/m/Matriarchy.html
7. Кирин, Л.В. Матриархат. Доступ через интернет http://feminizma.net/matriarhat/o-matriarhate/matriarxat.html
Карусь Люты для MAKEOUT