16 ліпеня 2014

Эмі Лоўэл: «Калі пакідаю цябе, губляе сусвет апошні свой гук»

5 046
Прапануем вашай увазе вершы Эмі Лоўэл.
Прапануем вашай увазе вершы Эмі Лоўэл у перакладзе Юлі Цімафеевай. Большасць перакладаў друкуецца ўпершыню.

Юля Цімафеева: «Вершы Эмі Лоўэл я знайшла ў інтэрнэце, калі рада часопіса «ПрайдзіСвет», куды я ўваходжу, займалася падрыхтоўкай так званага «жаночага нумару». Знайшла і сама захацела яе перакласці. Я раней не чытала жаночых любоўных вершаў, напісаных паэткамі ХІХ стагоддзя. Гэта было досыць незвычайна, тонка і прыгожа.

«Лоўэл звяртаецца да сваёй каханай з такой пяшчотай і адначасова ўсведамленнем роўнасці і лучнасці, якіх практычна не сустрэнеш у «мужчынскай» паэзіі таго часу»

Мне падабаецца яе перакладаць, быццам летнім надвячоркам перабіраць свежыя яркія кветкі (што так любіць апісваць паэтка), адбіраць найлепшыя і, сплёўшы іх у вянок, упрыгожваць імі не сябе, а гераіню яе вершаў. Уразілі мяне таксама і некаторыя факты біяграфіі Эмі Лоўэл: яе прага ведаў, нягледзячы на адсутнасць вышэйшай адукацыі для амерыканскіх жанчын таго часу, і яе смеласць кінуць выклік кансерватыўнаму грамадскаму густу тых часоў і жыць па сваіх правілах».


Калі ласка, гартайце вершы мышкай

Venus Transiens

Скажы,
Ці была прыгажэйшай Венера,
Чым ты,
Калі ўзышла
На шапоткія хвалі,
І паплыла да берагу
У сваёй ракавінцы?
Ці была мілейшай за маю
карціна Батычэлі;
І ці былі фарбаваныя ружы,
Пад нагамі яго мадонны,
Лепшымі,
Чым словы, якімі я агортваю цябе,
Каб захінуць тваю празмерную гожасць,
Быццам газай
Срэбнага туману?
Для мяне,
Спакойная, ты стаіш
У блакітным і плыткім эфіры,
Акружаная празрыстымі вятрамі,
І ступаеш па сонечным святле.
А хвалі, што бягуць перад табой,
Рабізной пакрываюць
Пясок пад маімі нагамі.

У яркі дзень

Павеў ветру закінуў край тваёй шалі
У фантан,
Ён плавае там і кружыцца
Між лілеяў,
Быццам з сапфіраў сатканы.
Але ты не зважаеш,
Пальцамі гладзіш лішайнік
На каменных сценках фантану,
А вачыма сочыш за высокімі аблокамі,
Што выплываюць па-над падубамі.

Белыя парэчкі

Даць табе белых парэчак?
Не ведаю чаму, але раптам прымроіла гэтыя ягады.
І цяпер іх вобраз лашчыць мае пачуцці,
Парэчкі больш жаданыя, чым найчысцейшыя смарагды.
Насамрэч у маіх руках пуста, і таму
Мне варта было б абраць індыйскія самацветы,
Я ж абіраю белыя парэчкі.
Можа, таму што ахрыплы вецер грукоча за домам?
Я ўяўляю, як ён акругляе вусны і агаляе іклы, змрочны, злавесны,
Рые носам, угрызаецца і забівае кволыя карані крокуса.

Можа, назавем яго белымі парэчкамі?
Няхай гэта будзе сімвалам, калі хочаш.
Няхай для цябе яны будуць даўкія, ці салодкія, ці проста прыемнага колеру,
Пакуль ты прымаеш іх
І мяне.

Ліст

Крамзоліны дробных словаў, раскіданыя на паперы,
Як мушыныя лапкі,
Ці здольныя вы апісаць мігценне яркага месяца
Праз дубовае лісце,
Ці гэта цьмянае акно, ці голую падлогу
Ў аскепках святла?
У вашых блазнерствах і выбрыках ні намёку
На цвіценне глогу,
І гэты аркуш нудны, хрусткі, роўны — цнатлівая мілата
Пад маёю рукой.

Я стамілася, Любая, абдзіраць сваё сэрца
Аб жаданне цябе;
Уціскаць яго ў кроплі атраманту,
І адпраўляць далёка.
Самотная, тут, я згараю, накрытая полымем
Вялікай поўні.

Дзесяцігоддзе

Калі ты прыйшла, то была віном чырвоным і мёдам.
Смакам салодкім сваім мне язык апякала.
Цяпер ты – як ранішні хлеб,
Лагодны і гладкі.
Я больш не спрабую цябе, твой ведаю прысмак.
Ды ўсё ж пачуваюся сытай.

Таксі

Калі пакідаю цябе,
Губляе сусвет
Апошні свой гук.
Імя тваё ў колкія зоры крычу,
Гукаю самотна ў парывах вятроў,
А вуліцы мчаць,
Адна за адной
Растуць паміж намі
І ліхтарамі засцяць мне вочы,
Каб болей не бачыла твару твайго.
Чаму я павінна сыходзіць
і сэрца ўспорваць аб вострыя лёзы начы?

Каханка

Калі б я змагла ўхапіць зялёны ліхтар светляка,
то здолела б напісаць ліст да цябе.

Адсутнасць

Сёння мой кубак пусты,
Сухія і халодныя яго краі,
Астуджаныя ветрам з раскрытага акна.
Самотай і пустэчай ён бялее ў месячным святле.
Пакой напоўнены дзівосным пахам
Кветак гліцыніі.
Яны калышуцца ў промнях свяціла
І злёгку кранаюць сцяну.
Аднак кубак майго сэрца нерухомы,
Халодны і пусты.

Калі ж ты з’яўляешся, ён поўніцца
Чырванню маёй палкай крыві,
Крыві майго сэрца, пі яе,
Каб насыціўся рот твой каханнем
І горка-салодкім смакам душы.


Вершы «Дзесяцігоддзе», «Таксі» і «Адсутнасць» былі надрукаваныя ў часопісе «ПрайдзіСвет» (№5-6)



Эмі Лоўэл: «Калі пакідаю цябе, губляе сусвет апошні свой гук»
Эмі Лоўэл \ Amy Lowell
1874 – 1925

Амерыканская паэтка, літаратурны крытык, выдавец. Нарадзілася ў вядомай і заможнай сям’і. У сувязі з тым, што ў сям’і Лоўэлаў мець універсітэцкую адукацыю было непрымальным для жанчын, з 17-гадовага ўзросту актыўна занялася самаадукацыяй.

Пасля смерці бацькоў Эмі Лоўэл набыла радавы маёнтак і пасялілася там. Цягам гэтага часу Эмі захапялася пісьменствам, вельмі цікавілася тэатрам, наведвала п’есы з удзелам актрысы Элеаноры Дзьюс (Eleonora Duse). Пабачыўшы актрысу ў новым спектаклі, Эмі вярнулася дахаты і напісала белы верш-прысвячэнне актрысе. Пазней Лоўэл прызнавалася: «Я знайшла сапраўднае прызначэнне». Ім стала паэзія.

У 1904 годзе пабачыў свет яе першы зборнік «Палац з каляровага шкла» (A Dome of Many-Coloured Glass). Праз восем год Эмі Лоўэл пазнаёмілася з яшчэ адной актрысай – Адай Дуаер Расэл (Ada Dwyer Russell), што была на 11 гадоў старэйшай за паэтку. З 1914 года і да самай смерці Лоўэл яны жылі разам у так званым «бостанскім шлюбе». Эмі Лоўэл напісала мноства вершаў, прысвечаных Адзе.

Маючы даволі мажны целасклад, апраналася яна па-мужчынску: у строгія гарнітуры і мужчынскія кашулі, насіла пенснэ і прычоску ў стылі пампадур, трымала аўчарак. Яна завешвала люстэркі і спыняла гадзіннікі. І – мабыць, самае абуральнае ў вачах публікі – яна паліла сігары.

Біяграфію цалкам чытайце на сайце часопіса перакладной літаратуры ПрайдзіСвет.

Пераклад з ангельскай — Юля Цімафеева. Ілюстрацыі да вершаў — Святлана Гатальская.