Арт-клуб BABYLON

MAKEOUT працягвае цыкл матэрыялаў пра жыццё ЛГБТК-супольнасці Мінску ў мінулыя гады.
21 ліпеня 2014 | 4 852 | Каментары
© verasen
MAKEOUT працягвае цыкл матэрыялаў пра жыццё ЛГБТК-супольнасці Мінску ў мінулыя гады. Другое месца, пра якое пойдзе гаворка ў рубрыцы «Рэтра», — легендарны клуб «Вавілон», прыватны праект аднаго чалавека, які быў створаны для душы, а пасля ператварыўся ў адно з самых гламурных месцаў Мінска, аднолькава любімых як гомасэксуальнай, так і гетэрасэксуальнай публікай. Сюды марылі трапіць тыя, каму яшчэ не споўнілася 18 гадоў, а некаторыя дагэтуль успамінаюць «часы Вавілона» як найлепшыя ў жыцці.

Чым быў легендарны «Вавілон» для яго сталых наведнікаў? У чым феномен клуба і чаму дагэтуль ніводны мясцовы гей-клуб не змог паўтарыць колішні поспех «Вавілона»?


Вуліца Талбухіна, 4 — звычайны будынак недалёка ад метро «Парк Чалюскінцаў», трэці паверх універмагу, дзверы за металічнай агароджай. Тут месціўся самы вядомы гей-клуб дзвюхтысячных «Вавілон», які праіснаваў шэсць гадоў (з 2001 па 2007 гг.). Планку, якую ў свой час паставіў гэты клуб, дагэтуль не змаглі пабіць ні яго прадаўжальнікі (Casta Diva, «Шакалад»), ні арганізацыі-канкурэнты.

Доўгі час за дыджэйскім пультам «Вавілона» працаваў адзін з самых вядомых яго рэзідэнтаў dj Яdzik. Ён апісвае «Вавілон» як камфортнае месца, дзе была магчымасць пабыць сярод «сваіх» — прынамсі, такім ён задумваўся спачатку.


Архіўныя запісы з уласнай калекцыі герояў матэрыялу

dj Яdzik: «Днём людзі маглі працаваць дзе заўгодна, а сюды прыходзілі менавіта «адрывацца». Тут яны сябе паводзілі як хацелі — маглі апранацца як хацелі, размаўляць як хацелі і з сабе падобнымі паводзіліся так, як ім хацелася. Грамадства дагэтуль застаецца даволі-такі «традыцыйным» — нашы людзі адчуваюць сябе вельмі «заціснута», і гэтая сітуацыя няхутка зменіцца. Днём людзі баяцца сябе паказваць, таму паказваюць ноччу. Напэўна, таму дагэтуль існуюць клубы закрытага ды паўзакрытага тыпу».


Часта ў пошуках супольнасці людзі спачатку прыходзілі на Панікоўку і толькі там даведваліся пра «Вавілон». Здараліся і іншыя гісторыі, але гісторыя Дзімы тыповая. Першы раз ён трапіў у «Вавілон» летам 2001 года, у свае 18, пасля чаго яшчэ доўгі час рэгулярна наведваў клуб.

Дзіма (31 год): «Панікоўка ды Вавілон — два месцы, куды я хадзіў на той момант. Спачатку я прыйшоў, вядома, на Панікоўку, а пасля ўжо даведаўся, што ёсць такі клуб — «Вавілон». Для мяне Вавілон не быў месцам пошуку супольнасці. Хутчэй месцам для камфортнага адпачынку. Я ведаю, шмат хто шукаў там нейкія знаёмствы і г.д. Але для мяне ён быў проста месцам, дзе ёсць добрая музыка, нармальны бар і свая атмасфера.

«Вавілон для мяне быў такім сабе гламурным даважкам да Панікоўкі»

Калі гэта была субота — усе збіраліся на Панікоўцы, бухалі там піва, таму што піва можна было піць паўсюль, а пасля ехалі на «Вавілон» і ўжо там працягвалі весяліцца. Пасля ўсе раз’язджаліся па хатах, адсыпаліся, прыводзілі апухлы тварык у парадак. У нядзелю зноў тусаваліся на Панікоўцы.

Чаго б ты ні хацеў ад гэтага месца — там было ўсё. Кожны ішоў туды са сваімі мэтамі. І людзі там знаходзілі адно аднаго, каб гэтыя мэты ажыццявіць. Калі ты хочаш проста пазнаёміцца з кім-небудзь на барнай стойцы, пагаварыць — сядаеш на барную стойку, і ў любым разе (можа быць, не адразу) на цябе звернуць увагу, з табой пазнаёмяцца. Калі ты хацеў лёгкіх неабцяжарвальных адносінаў на адну ноч — гэта можна было зрабіць адразу ў клубе — была шторка з правага боку ад дыджэйскага пульта. Нават мне, які ў той час абсалютна спакойна ставіўся да ўсіх відаў сэксуальнай разнастайнасці, было неяк няёмка, шчыра скажу.

У мяне на той момант былі досыць сур’ёзныя стабільныя адносіны, таму, вядома, у клуб я хадзіў не для таго, каб кагосьці знайсці. Для мяне прыярытэтам было сацыялізавацца, знайсці кампанію, у якой мне камфортна. Я яе знайшоў, з многімі дагэтуль на сувязі».

«Вавілон» — культуралагічны феномен

Арт-клуб BABYLONНа месцы колішняга «Вавілона»

Мерапрыемствы гей-прайду, першыя конкурсы трансвестытаў, выступы драг-куін, травесці-дзіваў — усё гэта і шмат іншага адбывалася на сцэне «Вавілона». Героі матэрыялу згадваюць пра багатую культурную праграму, што была ў клубе.

dj Яdzik: «Увесь час адбываліся нейкія культурныя працэсы. Вельмі сур’ёзны ўнёсак зрабіў Эдвард Тарлецкі, які цяпер жыве за мяжой.

«Сапраўды, Вавілон можна разглядаць як культуралагічны феномен, які пры невялікіх матэрыяльных выдатках меў пэўнае культурнае значэнне для горада»

Асабліва памятны конкурс «Miss Diva», які ладзіўся для «дамаў» сталага ўзросту і называўся «Miss Diva. Вяленький цветочек». Там удзельнічалі ўжо такія спадары за сорак, яны асабліва старанна падыходзілі да падрыхтоўкі. У іх было больш выгаднае матэрыяльнае становішча, яны маглі не проста там нейкія сукенкі сабе пашыць, але яшчэ і камянямі іх упрыгожыць. Таму конкурс атрымаўся вельмі прыгожы ды яскравы. Эдвард да апошняга дня рабіў такія мерапрыемствы. Вакол яго была сапраўды крэатыўная каманда, якая днём аддавалася алкагалізму, а ноччу рабіла цуды. Макс Югаў, які ў той час працаваў на СТВ, вёў розныя конкурсы. Ён са сваёй брыгадай часам рабіў вельмі цікавыя вечарыны, якія сапраўды збіралі горад, прымушалі людзей стаяць у чарзе пачынаючы з першага паверха».


Акрамя забаўляльнай функцыі «Вавілон» выконваў таксама адукацыйную. Часам пляцоўку выкарыстоўвалі для актывізму, хаця ён ніколі не выходзіў на першы план («…плюс да ўсяго, гэта быў такі, у зачаткавым стане, квазі-кам’юніці цэнтр»).

Дзіма: «Там можна было абсалютна спакойна купіць часопіс «Форум», дыскі з музыкай, «Лямбда» рабіла брашуры, яны ляжалі на сталах, іх таксама можна было ўзяць з сабой пачытаць. «Встреча» займалася працай па прафілактыцы ВІЧ-СНІД — раздавалі прэзерватывы, змазкі і г.д. То бок там можна было весці нейкую актыўнасць, але яна была такая, «квазі». Само месца сябе пазіцыянавала як абсалютна нейтральнае, не замарочанае на нейкіх актывісцкіх рэчах».

«Сельскія» клубы vs «Вавілон»

Дыджэй Ядзік працаваў тут кожную ноч — з адкрыцця клуба ў лютым 2001 г. да жніўня 2005 года («…ніколі не ўспрымаў гэта як «я іду рабіць вечарыну», я проста ішоў на працу. Гэта цяпер мы можам сказаць, што мы рабілі класную справу, быў класны клуб»). Былы дыджэй «Вавілона» ўспамінае, як усё пачыналася.

dj Яdzik: «Сюды было ўкладзена мінімум гуку, мінімум святла. Натуральна, была самая танная мэбля, самы танны посуд. Тым не менш, тут быў даволі нядрэнны бар. Былі ўжо не тыя дапатопныя столікі і крэслы, на якіх сядзела па 8 чалавек — адно ў аднаго на каленках. Была сапраўды нейкая мэбля, канапы, дзе людзі маглі спакойненька паваляцца. Нават па памеры ён ужо прэтэндаваў на еўрапейскі ўзровень».

Арт-клуб BABYLON
Арт-клуб BABYLON
Арт-клуб BABYLON
Арт-клуб BABYLON
Арт-клуб BABYLON
Арт-клуб BABYLON

Менавіта ў гэтым будынку 10 гадоў таму месціўся легендарны «Вавілон»


Раней людзі былі менш патрабавальнымі, — кажа дыджэй Ядзік і апісвае першыя, так званыя «сельскія», клубы. А вось «Вавілон» у яго разуменні ўжо не быў «сельскім» клубам, ён крочыў далей.

dj Яdzik: «Я яшчэ заспеў клубы канца ды сярэдзіны 90-х. У «сельскіх» клубах людзі сябе паводзілі як сваякі, як малочныя сёстры. Дзесяць чалавек маглі запіваць гарэлку адной шклянкай соку. Яны маглі аднаго бойфрэнда лабызаць паўночы. Маглі танчыць пад магнітафон «Маяк» усю ноч, пераварочваючы адну і тую ж касету. Іх гэта задавальняла. Цяпер, канечне, публіка нашмат больш патрабавальная. Менавіта гэта вывела людзей у больш рэспектабельныя «натуральныя» клубы. Людзі пачалі выязджаць за мяжу і глядзець, якія мерапрыемствы там адбываюцца.

«Але па вялікім рахунку, брыдота ўсюды адбываецца адна і тая ж. І ў мінскіх, і ў кіеўскіх, і ў клубах на Ібіцы — гэтаксама людзі нажыраюцца, гэтаксама пасля абмочваюць сабе джынсікі»


«Вавілон» — арт-клуб ці гей-клуб?

Праз тое, што ў клубе адбываліся рэгулярныя праверкі з боку адміністрацыі раёна і горада, на ўваходзе было напісана «ART CLUB». І сапраўды, амаль кожныя выходныя тут адбываліся выступленні якіх-небудзь зорак беларускай эстрады. Тут выступалі Аляксей Хлястоў, Ліка Ялінская, гурт «Мантана», Б’янка, прыязджалі выступоўцы з Украіны. Сярод гасцей «Вавілона» былі гурт «Аrmy of lovers» і Барыс Маісееў.

dj Яdzik: «Вядома, «Вавілон» быў гей-клубам. Але яму правільна прыляпілі назву «Арт-клуб». Чалавек, якія яго адкрываў [Ігар Паланскі — MAKEOUT] паталагічна бачыў сябе ў багемнай тусоўцы, на той час ён марыў сустракацца менавіта з людзьмі з артыстычнай тусоўкі. Таму ён стварыў для іх клуб. Калі ты не артыст, а звычайны правінцыйны гей і не можаш уліцца ў гэтую тусоўку, нічога іншага, як узначаліць яе, не застаецца. Ён стварыў вялікую пляцоўку, дзе нашая багемная публіка магла сябе адчуць так, як не магла адчуваць на працы. Тыя самыя дыктары тэлебачання прыходзілі сюды расслабіцца. З VIPамі былі праблемы. «Пасадзіце мяне так, каб мяне ніхто не бачыў, а я бачыў усіх». Публіка была даволі капрызная. Тут сапраўды збіралася вялікая колькасць артыстаў — з тэатраў, радыёработнікі, з тэлебачання. Таму ён зваўся «Арт-клуб» і такім, у прынцыпе, заставаўся».

Тры стадыі развіцця «Вавілона»: гей-клуб → арт-клуб → заапарк

Арт-клуб BABYLONФота з архіва герояў матэрыялу

Спачатку «Вавілон» быў звычайным бізнесам для душы, пасля стаў камерцыйным праектам — ён рабіўся ўсё больш і больш папулярным. З гей-клуба (месца для «сваіх») «Вавілон» паступова ператварыўся ў арт-клуб (багемнае месца), а скончыў тым, што сюды пачалі прыходзіць, каб «паглядзець на геяў».

Дзіма: «Спачатку там былі ўсе свае, то бок калі ты прыходзіў, ты заўсёды быў упэўнены, што там няма левых. Там не было залётных людзей увогуле. Ты прыходзіў туды і ведаў, чаго чакаць ад гэтага месца. Там была свая публіка, свой дыджэй, заўсёды годная шоў-праграма. Паступова «Вавілон» пачаў усё больш трансфармавацца — з месца для выключна сваёй публікі ў багемнае месца. Пра яго даведвалася ўсё болей людзей. У выходныя клуб быў бітком набіты. Неўзабаве гаспадары ўвялі бясплатны ўваход у буднія дні (чэк-бар або яшчэ нейкая сістэма). Туды пачалі хадзіць студэнты з суседніх інтэрнатаў. Пайшлі чуткі па горадзе, рэклама на радыё пачала круціцца.

«І паступова людзі пачалі сюды прыходзіць як у заапарк. Калі на цябе глядзяць як на малпу ў клетцы, гэта сапраўды непрыемна»



«Па вялікім рахунку, чалавек, які прыйшоў збоку, ніколі ў жыцці не сказаў бы, што гэта гей-клуб, — часам паненак тут было болей», — успамінае познія дні «Вавілона» дыджэй Ядзік.

Любоў гетэрасэксуальных дзяўчат да гей-клубаў — вядомы феномен. Па словах маіх суразмоўцаў, у «Вавілоне», у адрозненне ад «звычайных» клубаў, дзяўчаты адчувалі сябе больш камфортна, адначасова разняволена і бяспечна. Дзіма згадвае, як кожную суботу прыходзіў у клуб са сваёй гетэрасэксуальнай сяброўкай.

Дзіма: «Яна казала: «Я сябе тут не адчуваю кавалкам мяса, за якім хтосьці ганяецца». Даволі заможныя дамы пачалі туды хадзіць, каб сапраўды павесяліцца, а не адчуваць сябе аб’ектам пажады за барнай стойкай».

«Па духоўнасць сюды не прыходзілі»

Арт-клуб BABYLONФота з архіва герояў матэрыялу

Сапраўды, праз пэўны час «Вавілон» стаў вельмі папулярным у тым ліку і сярод гетэрасэксуальнай часткі насельніцтва. На старонках аднаго з беларускіх форумаў захавалася тэма, прысвечаная клубу. Змяшчаю тут некаторыя, на маю думку, найбольш яскравыя паведамленні.


torven: «На днях посетил данный клубец. Впечатлений масса. Начиная с того, что меня и моих 3 друзей с первого раза не пустили, сказав, что мы не похожи на геев (…) и заканчивая абсолютно свободной и развязной обстановкой, которую я больше в жизни своей не видел».

PasGor: «…по поводу геев и лесби — так ведь они ни к кому не пристают, у них своя тусовка. Иногда можно видеть там очень интересных людишек... И ещё — клуб весьма раскованный — первые несколько раз смотрел на происходящее круглыми глазами (Шабаш!), а потом привык».

Тигра: «Попала туда первый раз сразу после открытия... И с первого же раза поняла, что альтернативы этому заведению в Минске нет. И не потому, что геи там наблюдаются в больших кол-вах (кстати, их все меньше и меньше становится), а именно благодаря абсолютно развязной и пышущей свободой атмосфере».



Што ўсё ж такі прываблівала гетэрасэксуалаў у «Вавілоне»? Што яны там шукалі? Адзін з карыстальнікаў форума пад мянушкай maloy па маёй просьбе пагадзіўся ўспомніць мінулыя часы і адказаў на пытанні.

maloy: «Насколько я могу судить, парни не-геи ходили туда с девушками. Я, например, без подруги не представлял, что там делать. Да и «стремно», наверное, мне просто было, некая гомофобия, как не крути, присутствует. А вот девчонки шли туда с радостью, они туда меня и притянули.

«Вот для девчонок, как мне кажется, там и был самый отрыв. Там атмосфера такая была, что подруга могла себя вести сколь угодно развратно, и никто даже не подумал бы ее оскорбить, назвав шлюхой или блядью»

Ну и девчонки могли поцеловаться друг с дружкой, бисексуальность им всегда прощается и даже заводит парней. В общем, в весь этот винегрет женского разврата окунуться было здорово, да что там здорово, слов таких не подобрать.

Было в основном это так: собирались мы изначально где-то в кафе или на квартире, разогревались спиртным, потом шел клич «на Вавилон», и ехали туда. Ну, а оттуда разгоряченные пары отправлялись прямиком в постель осуществлять разогретые желания. Если девушка хотела парня, ей нужно было притянуть его на «Вавилон», потом они неизбежно проснутся вместе и он неизбежно будет без ума от этой ночи, правило работало на 100%. Ну, вот как-то так. За духовностью туда не ходили».

Чаму не спрацавала ідэя «мікс-клуба», або Заняпад «Вавілона»

Арт-клуб BABYLONФота з архіва герояў матэрыялу

Так ці іначай, але ідэя «мікс-клуба» не спрацавала. Як калісьці на Панікоўцы кавярня «СаюзАнлайн» паставіла гандлёвыя намёты на вуліцы побач з Домам афіцэраў, тым самым парушыўшы інтымнасць месца, так і тут: бяспека сталых наведнікаў апынулася пад пагрозай. На іх тэрыторыю прыйшлі іншыя людзі з іншымі мэтамі. І ўжо гэтыя людзі ўспрымалі «Вавілон» зусім інакш. Яны былі не «свае», яны парушылі інтымнасць.

Дзіма: «Мікс-клуб — гэта мікс-клуб. Але калі ён ператвараецца ў заапарк, гэта непрыемна. Калі людзі ходзяць міма столікаў і проста паказваюць пальцам, гэта непрыемна. Пакуль гэта было ў межах закрытай установы, пра якую мала хто ведае, там было досыць камфортна. Гэта было добрае месца для добрага адпачынку. Усё было ОК. Калі ён стаў «легендарным» «Вавілонам», вось тады ўжо, з гэтай легенды, усё і пачало сыпацца. Людзі туды прыходзілі, глядзелі на ўсё гэта сваімі рэтраградскімі вачыма. Стала непрыемна. Так усё гэта і жыло, пакуль не памерла ў пагоні, напэўна, за нейкім больш выгадным маркетынгам. Такая сумная гісторыя».

Сярод прычын, якія прывялі да закрыцця «Вавілона», дыджэй Ядзік таксама называе прысутнасць «чужых» людзей.

dj Яdzik: «Я зразумеў, што клуб зусім змяніўся, зусім змянілася публіка. Я пабачыў, што на нашую публіку проста пачалі паказваць пальцам, і зразумеў, што месца лепей забіць, каб яно не мучылася».

«Вавілон»: з прыватнага у публічнае

Клуб — гэта закрытая прастора, і доўгі час заўсёднікі «Вавілона» пачуваліся досыць камфортна ў сваім збольшага герметычным існаванні. Тым не менш, нават да прыходу сюды больш шырокага кола людзей сутыкненне з вонкавым светам адбывалася — напрыклад, у грамадскім транспарце па дарозе дадому.

Дзіма: «Самае цікавае здаралася, вядома, пасля заканчэння вечарыны. Вось гэта ўсё, разадзетае, у пер’і, блёстках ды парыках, раз’язджалася па хатах. У тыя часы ездзіць на таксі было дорага, таму ехалі ў транспарце ў тым ліку. Трэба было бачыць, як публіка, якая з самай раніцы, прадраўшы вочы, едзе на заводы на працу, на гэта ўсё рэагуе.

«Гэта быў пэўны кіч, прычым жорсткі. Было абсалютна не ў падлу зладзіць перформанс проста на пероне метро. Як увогуле пускалі ў такім выглядзе, незразумела»

Самая цікавая штука ва ўсім гэтым — што спачатку агрэсіі ўвогуле не было. Людзі праходзілі міма, адводзілі вочы. Зразумела, што гэта іх бянтэжыла, скажам шчыра. Ну, там, калі двое хлопцаў ідуць з клуба, чырыкаюць у метро, а пасля на выхадзе адзін другога цалуе ў шчочку і сыходзіць, а той едзе далей. Безумоўна, у нейкай ступені гэта людзей шакавала, але яны проста не хацелі звяртаць увагі. Кожны пакруціў сабе гэта ў галаве хвіліну-дзве і забыў, што такія ўвогуле ёсць.

Чаму гэта ўсё адбылося? Чаму цяпер увогуле такое балота? Цяпер жа ўвогуле нічога няма. Раней, на Панікоўцы, людзі гулялі ў рызіначкі, у сокс, чыталі вершы Цвятаевай, размаўлялі, знаёміліся. А цяпер? Людзі сышлі з вуліц, таму што на вуліцах стала сумна ды панура. Я, напрыклад, на сённяшні момант ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі ўвогуле не бачу. Яе проста няма. Ладна яшчэ Л і Г — яшчэ хоць неяк праглядаюцца, хоць у нейкім дробным варыянце, але Т-супольнасці ўвогуле няма. І гэта вялікая праблема».


Арт-клуб BABYLON© verasen

Па сваім настроі і эмацыйнай афарбоўцы «Вавілон» і Панікоўка — месцы розныя, а часам нават супрацьлеглыя. Калі, па маіх адчуваннях, Панікоўка была «фігурай маці», якая прымала да сябе кожнага, то ў «Вавілон» пускалі не ўсіх. Суразмоўцы, якім на той момант яшчэ не было 18-ці, расказвалі, як «дзяжурылі» перад уваходам і марылі пра часы, калі можна будзе трапіць у клуб («За агароджу ахова не пускала; стаіш у калідоры, назіраеш за людзьмі, як яны туды-сюды ходзяць, і думаеш: якія яны шчаслівыя»).

Аліса (27 гадоў): «Мяне ўвогуле туды не пускалі вельмі доўгі час, таму што мне не было 18-ці. Не пускалі, а я ўсё адно прыходзіла і прыходзіла. І пасля, калі мне споўнілася 18, я адзначыла там свой дзень нараджэння. Шчасцю не было канца».

Сяргей (26 гадоў): «У адзін з вечароў я паспрабаваў трапіць туды. Над клубам яшчэ вісела шыльда «BABYLON», як у серыяле «Queer as folk». Я адчуваў захапленне: вось, я ўпершыню іду ў гей-клуб, тут так шмат геяў! Але мяне туды не пусцілі, бо ў мяне не было пашпарту. А пашпарт я з сабой не ўзяў, бо мне было 17. Трапіў я ў клуб, калі мне ўжо было 18 — гэта былі апошнія месяцы яго працы.

«Я трапіў у апошні, так сказаць, трамвай, у цягнік, які адыходзіў»

Для мяне асабіста гэта быў, канечне, час вялікіх перажыванняў, бо я шмат чуў пра «Вавілон», шмат людзей расказвала мне пра легендарныя вечарыны. Для мяне гэта быў вельмі, вельмі ўзрушвальны момант. Увесь гэты час «Вавілон» быў для мяне загадкай — пакрыты налётам прыемных дзіцячых фантазій, якія малявалі, што тут зараз будзе вечарына як ў Маямі падчас зімняга прайду».

Пра музыку, але не толькі


Архіўныя запісы з уласнай калекцыі герояў матэрыялу

dj Яdzik: «Маё глыбокае перакананне ў тым, што ў такія клубы, і ў тыя часы і цяпер, людзі ўсё ж ходзіць не па музыку — у адрозненне ад «натуральных» клубаў. Сюды ходзяць з іншых прычын, і ўсім трэба дагадзіць. Хтосьці любіць Мадонну, хтосьці — «Рамштайн», а для кагосьці і Таня Буланава — Даліда. Але як суправаджэнне, як фон музыка грае вельмі важную ролю. Публіка патрабуе, каб музыка была пазнавальнай. Пакуль яны яшчэ цвярозыя, яны могуць успрымаць клубную музыку, але з кожнай шклянкай узрастае патрэба ў больш папсовай, больш простай і даступнай музыцы. А яшчэ з кожнай наступнай шклянкай людзі патрабуюць музыку ўсё больш раннюю. Таму свежая музыка ідзе ў пачатку ночы, а пад раніцу… [сёння дыджэй Ядзік працуе ў бар-клубе «CASTA DIVA» — MAKEOUT]

«Пад раніцу, скажу шчыра, мне, з аднаго боку, прыемна, а з іншага — не ўпэўнены, што вельмі. У 4-5 раніцы будуць стаяць і, заплятаючыся, патрабаваць: «Вавілон давай!»

Гэтай публікі невялікі працэнт (да 10 за ноч), я іх называю нашыя «старажытнававілонскія старухі». Яны патрабуюць музыку, пад якую яны тут танчылі, якую тут перажывалі, для іх гэта, відаць, нейкія чароўныя ўспаміны. І калі яны даходзяць да той кандыцыі, да якой тут даходзілі, у іх, відаць, раскрываюцца чакры ўспамінаў, і яны і плачуць, і выпіваюць рэшткі ў бары пад гэтую музыку. Хтосьці дагэтуль жыве «Вавілонам», наколькі я ведаю.


Ёсць людзі, якія сапраўды ўспамінаюць. Сядуць, шклянку падымуць, слязу пусцяць. «А памятаеце, як на «Вавілоне» было добра?» Я імкнуся на гэтым размову спыняць, бо як бы добра ні было, я адношу сябе да той катэгорыі людзей, якія жывуць не ўчорашнім днём. Усё ж такі я думаю, што мой лепшы «Вавілон» яшчэ наперадзе».
18+
Меркаванні ў артыкулах належаць аўтар_цы і неабавязкова адлюстроўваюць пазіцыю праекта.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта абавязкова актыўная спасылка.