20 кастрычніка 2014

Рэйтынг лаяльнасці краінаў Паўднёвай і Заходняй Еўропы да ЛГБТК

4 354
MAKEOUT склаў рэйтынг лаяльнасці, які дапаможа зразумець стаўленне грамадства да прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці ў розных краінах.
Изображение: Andrew Cowier
© Andrew Cowier
Большасць з нас ведае, што такое быць геем, лесбіянкай, бісэксуалам, транссэксуалам ці квірам у Беларусі. Некаторыя нават чулі, як маюцца прадстаўнікі ЛГБТК у суседніх краінах. Але мала хто здагадваецца, як жывецца лесбіянцы ў Будапешце ці транссэксуалу ў Дэлі, чаго каштуе правесці гей-парад у Грузіі ці двум хлопцам — пацалавацца на галоўнай плошчы Найробі.

MAKEOUT працягвае знаёмiць чытачоў з рэйтынгам лаяльнасці, які дапаможа зразумець стаўленне грамадства да прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці ў розных краінах.


Рэйтынг лаяльнасці краінаў да ЛГБТК паводле MAKEOUT грунтуецца на звестках пра заканадаўства і іншыя мясцовыя асаблівасці пэўных тэрыторыяў і складаецца з 14 крытэраў ацэньвання: ад магчымасці ўсынаўлення дзяцей гей-парамі да наяўнасці смяротнага пакарання за аднаполы сэкс. За кожны крытэр даецца пэўны бал. Чым болей краіна атрымлівае балаў, тым яна бяспечнейшая і камфортнейшая для наведвання і жыцця гомасэксуалаў. Рэйтынг актуальны на 28 верасня 2014 года.

Рэйтынг лаяльнасці краінаў Паўднёвай і Заходняй Еўропы да ЛГБТК

Мы працягваем расфарбоўваць Еўропу ў колеры MAKEOUT. Раней мы ўжо разглядалi рэйтынг лаяльнасці краінаў Усходняй, Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы да ЛГБТК. Сёння ў нас на чарзе Паўднёвая і Заходняя Еўропа. Гэта вельмі папулярныя тэрыторыі для турызму розных кірункаў: пляжы Чарнагорыі і Грэцыі, горныя курорты Італіі і Францыі, музеі з тэатрамі Вялікабрытаніі і Нідэрландаў. Варта азнаёміцца з артыкулам, калі вашая дарога вядзе ў адну з краінаў гэтага рэгіёна. Краіны Паўднёвай і Заходняй Еўропы маюць розныя ўзроўні як эканамічнага, гэтак і сацыяльна-прававога ладу. Цягам ХХ стагоддзя пэўныя дзяржавы рэгіёна былі часткай «Сацыялістычнай восi» (Сербія, Албанія і інш.), некаторыя складалі ядро еўрапейскага капіталізму (Вялікабрытанія, Францыя і інш.), а асобныя нават паспелі пабыць жорсткімі дыктатарскімі рэжымамі (Іспанія, Італія). Розныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя ўмовы развіцця грамадства Паўднёвай і Заходняй Еўропы паўплывалі на тое, што сёння гэта адна з самых кантрастных частак кантынента ў стаўленні да ЛГБТК.


Агульнае становішча


На цяперашні момант у краінах Паўднёвай і Заходняй Еўропы аднаполы сэкс легальны паўсюль. У Ватыкане, напрыклад, ён ніколі не быў злачынствам. Францыя скасавала пакаранні за «садамію» пасля Вялікай Рэвалюцыі. У гэты ж перыяд (канец ХVІІІ — пачатак ХІХ стст.) Андора, Манака, Бельгія, Люксембург і Нідэрланды як часткі Францыі ў сваіх крымінальных кодэксах адмовіліся ад артыкула «За аднаполыя сэксуальныя практыкі». У ХІХ ст. гэта зрабілі і Турцыя (1858) з Італіяй (1890). Большасць краінаў рэгіёна, аднак, дэкрыміналізавалі аднаполы сэкс толькі ў другой палове ХХ ст. Цікава, што Чарнагорыя адмовілася ад «карання садаміі», яшчэ ўваходзячы ў склад Югаславіі (1977), а ў Вялікабрытаніі дэкрыміналізацыя адбывалася паступова: Англія і Ўэльс — 1967, Шатландыя — 1981, Паўночная Ірландыя — 1982. Але і ў ХХІ ст. на некаторых тэрыторыях рэгіёна аднаполыя сэксуальныя стасункі не былі легальнымі. Да 2001 — у Сан-Марына і да 2014 — на Паўночным Кіпры.

Рэйтынг лаяльнасці краінаў Паўднёвай і Заходняй Еўропы да ЛГБТК

Паводле вынікаў сацыялагічнага даследавання European Values Study, на пытанне «Ці былі б вы супраць суседзяў-гомасэксуалаў?» пераважная большасць рэспандэнтаў з Заходняй Еўропы адказала адмоўна. Самымі «нецярпімымі» тут аказаліся жыхары Люксембургу (19% апытаных былі б супраць). У астатніх краінах рэгіёна доля гамафобнага насельніцтва яшчэ меншая. Сітуацыя ў Паўднёвай Еўропе крыху адрозніваецца. Найбольш лаяльнымі тамтэйшымі рэспандэнтамі былі жыхары Іспаніі (5%), Мальты (20%), Італіі (21%), Партугаліі (21%), Грэцыі (30%) і Кіпру (38%). Самымі гамафобнымі аказаліся апытаныя з Турцыі (89%), Чарнагорыі (64%), Босніі і Герцагавіны (61%), Македоніі (58%), Сербіі (54%), Албаніі (52%) і Балгарыі (50% апытаных былі б супраць суседзяў-гомасэксуалаў).

Рэйтынг лаяльнасці краінаў Паўднёвай і Заходняй Еўропы да ЛГБТК

Паўднёвая і Заходняя Еўропа вылучаецца канфесійнай неаднароднасцю. Амаль усе краіны тут трапляюць пад моцны рэлігійны ўплыў. У рэгіёне большасць вернікаў — прыхільнікі самых розных плыняў хрысціянства: каталіцызму (Іспанія, Італія, Партугалія, Мальта), праваслаўя (Сербія, Чарнагорыя, Грэцыя, Балгарыя), пратэстантызму (Вялікабрытанія, Нідэрланды, Люксембург). А ў некаторых краінах большасць насельніцтва — мусульмане (Турцыя, Албанія, Боснія і Герцагавіна). У розных канфесій рознае стаўленне да ЛГБТК. Часцей за ўсё прадстаўнікі большасці веравызнанняў катэгарычна асуджаюць гомасэксуальнасць і выхад за межы бінарнай гендарнай сістэмы. Асабліва моцная гамафобная рыторыка ў вернікаў ісламу і праваслаўя. Каталікам уласцівае стрыманае непрыняцце. А вось пэўныя пратэстанцкія супольнасці (у Бельгіі, Нідэрландах, Францыі) нават падтрымліваюць ЛГБТК.

Амаль ва ўсіх краінах рэгіёна адкрытым гомасэксуалам дазволена служыць у войску, выключэнне складаюць Турцыя і Кіпр. Гей-парады і шэсці рэгулярна яскрава ладзяцца ў Іспаніі, Францыі, Партугаліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландах і нават Турцыі. Перашкоды былі толькі ў Босніі і Герцагавіне і Сербіі. Звесткі пра цкаванне гомасэксуалаў зарэгістраваныя ў Турцыі, Сербіі і Ватыкане. Але гэта толькі афіцыйна зарэгістраваныя выпадкі, таму ўсё роўна варта быць асцярожным з паводзінамі ў краінах з высокай доляй гамафобных настрояў (глядзі табліцу вышэй). Звестак пра крымінальныя злачынствы на глебе гамафобіі няма.


Антыдыскрымiнацыйнае заканадаўства

Рэйтынг лаяльнасці краінаў Паўднёвай і Заходняй Еўропы да ЛГБТК

Краіны Паўднёвай і Заходняй Еўропы маюць вельмі рознае сацыяльнае заканадаўства. Пэўныя дзяржавы абараняюць правы грамадзян далёка не на ўсіх узроўнях, некаторыя імкнуцца да суцэльнага раўнапраўя. Так, напрыклад, любая дыскрымінацыя паводле сэксуальнай арыентацыі забароненая ў Албаніі, Андоры, Балгарыі, Грэцыі, Чарнагорыі, Партугаліі, Сербіі, Іспаніі, Бельгіі, Францыі, Ірландыі, Люксембургу, Вялікабрытаніі, Нідэрландах і на Кіпры з Мальтай. Ёсць антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, якое не ахоплівае ўсіх сацыяльных сфераў, у Босніі і Герцагавіне, Італіі, Сан-Марына. Антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, што абараняла б гомасэксуалаў, адсутнічае ў Ватыкане, Македоніі, Турцыі і Манака.

Афіцыйна змяніць свой гендар у дакументах дазволена без ніякіх умоваў у Італіі, Партугаліі, Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Сербіі, Іспаніі і на Мальце; пасля стэрылізацыі ў Балгарыі, Грэцыі, Чарнагорыі, Турцыі, Францыі і Люксембургу; у Бельгіі імя можна змяніць пасля гарманальнай тэрапіі, гендар — пасля стэрылізацыі. Забаронена дакументальна змяняць свой гендар у Албаніі, Андоры, Босніі і Герцагавіне, Македоніі, Сан-Марына, Ватыкане і Ірландыі.


Шлюбы, партнёрствы i магчымасць усынаўлення

Рэйтынг лаяльнасці краінаў Паўднёвай і Заходняй Еўропы да ЛГБТК

Аднаполае партнёрства (юрыдычны саюз, які дазваляе весці агульную гаспадарку) можна стварыць у Андоры, Сан-Марына, Ірландыі, Люксембургу і на Мальце. Больш за тое, у Нідэрландах (з 2001), Бельгіі (з 2003), Іспаніі (з 2005), Партугаліі (з 2010), Францыі (з 2013), Вялікабрытаніі (з 2014 акрамя Пн. Ірландыі) і Люксембургу (з 2015) аднаполыя пары могуць пабрацца шлюбам. Права на ўсынаўленне зарэгістраванымі аднаполымі парамі ёсць толькі ў Іспаніі, Бельгіі, Францыі, Вялікабрытаніі (акрамя Пн. Ірландыі), Нідэрландах і на Мальце. У Люксембургу гэта дазволяць з 2015 года. Але ў Балгарыі, Італіі, Ірландыі права на ўсынаўленне мае кожны асобны грамадзянін, у тым ліку і з гомасэксуальнай арыентацыяй. Ва ўсіх астатніх краінах рэгіёна гомасэксуальныя пары не маюць ніякай юрыдычнай акрэсленасці і правоў.

MAKEOUT скампіляваў усе лакальныя ўмовы і фактары, згодна з якімі краіны размеркаваліся наступным чынам:
Рэйтынг лаяльнасці краінаў Паўднёвай і Заходняй Еўропы да ЛГБТК

Бачна, што рэгіёну ўласцівая кантрастнасць. Тут ёсць як надзвычай лаяльныя, так і шчыра гамафобныя тэрыторыі. Але нават самыя ліберальныя дзяржавы Паўднёвай і Заходняй Еўропы прайшлі доўгі шлях да раўнапраўя. Так, у Францыі, Нідэрландах, Бельгіі, якія дэкрыміналізавалі аднаполы сэкс яшчэ ў ХVІІІ—ХІХ ст., жорсткая дыскрымінацыя прадстаўнікоў ЛГБТК назіралася да 80-х гадоў мінулага стагоддзя. У Францыі, напрыклад, жорстка каралася гей-прастытуцыя, на падставе барацьбы з якой на гасцініцы і забаўляльныя ўстановы было зладжана шмат аблаваў, якія разбурылі безліч лёсаў, у тым ліку невінаватых. У Нідэрландах мясцовымі ўладамі вялася спецыяльная гей-картатэка, што ўлічвала ўсіх гомасэксуалаў, бо, на думку чыноўнікаў, такія людзі мелі большую схільнасць «схіліць падлеткаў да ненатуральных сэксуальных практык». Часта такую інфармацыю выкарыстоўвалі з мэтай шантажу. Нават да гэтага часу тамтэйшым мужчынам, якія мелі сэкс з мужчынамі, не дазволена быць донарамі (як, дарэчы, і ў Бельгіі, Люксембургу, Ірландыі і інш.). Але за апошнія 35 гадоў свядомасць мясцовых грамадстваў і заканадаўства гэтых краінаў зрабілі неверагодныя крокі да раўнапраўя ўсіх грамадзян, незалежна ад гендару ці арыентацыі.

Звышліберальная сёння Вялікабрытанія таксама прайшла няпросты шлях. Тут з 1544 года за «садамію» заканадаўства прызначала смяротнае пакаранне, якое толькі ў 1861 годзе было замененае на пажыццёвае зняволенне. У 1885 годзе ў крымінальным кодэксе з’явілася так званая «спапраўка Лабушэра», згодна з якой мужчыны, абвінавачаныя ў «грубай непрыстойнасці» (пад якой разумелася любая гомасэксуальная актыўнасць у выпадку, калі «садамію» даказаць было немагчыма), караліся двухгадовым тэрмінам зняволення. Пры гэтым пакаранне за садамію існавала асобна. Найбольш знакамітымі асуджанымі паводле гэтай папраўкі былі Оскар Ўайлд і Алан Цьюрынг.

У 1967 годзе Англія і Ўэльс дэкрыміналізавалі аднаполы сэкс паміж мужчынамі, старэйшымі за 21 год, ва ўмовах «прыватнага жыцця». Але прынцып «прыватнага жыцця» парушаўся, калі палавы кантакт адбываўся ў грамадскім месцы (напрыклад, у прыбіральні) ці ў прысутнасці трэціх асобаў, а таксама калі сэкс быў больш чым паміж двума мужчынамі. У 1988 годзе парламент Вялікабрытаніі пад кіраўніцтвам Маргарэт Тэтчэр прыняў так званы «Артыкул 28», які абавязваў мясцовыя ўлады «не дапускаць садзейнічання ў распаўсюджванні гомасэксуальнасці або матэрыялаў, накіраваных на яе падтрымку». І толькі ў 2003 годзе з англійскага заканадаўства цалкам прыбралі паняцці «садамія» і «грубая непрыстойнасць», а таксама «Артыкул 28». Але варта адзначыць, што ўжо ў наступным, 2004 годзе быў прыняты закон «Аб аднаполых партнёрствах». Яшчэ праз дзесяць гадоў брытанскае грамадства будуць называць найліберальнейшым у свеце.

Не менш драматычны шлях прайшла Іспанія. З 1524 года на тэрыторыі Арагонскага княства святая інквізіцыя пачала караць «мужаложцаў» смерцю. Паводле архіваў, толькі ў перыяд з 1570 па 1630 г. было пакарана 637 асобаў. Артыкул за садамію быў выключаны з крымінальнага кодэксу краіны толькі ў 1822 годзе, але не назаўжды. Падчас дыктатуры Франсіска Франка, у 1954 годзе, быў прыняты акт, які пакідаў па-за законам аднаполы сэкс. Юрыдычна ён быў не злачынствам, а «праявай самага нізкага ўзроўню маральнасці, які патрабаваў выпраўлення». Вінаватыя накіроўваліся ў спецыяльныя турмы, так званыя «галерэі вычварэнцаў», ці проста ў вар’ятні. Да 1975 года (год смерці Франка) у такіх установах пабывалі тысячы асобаў, што часта не мелі ніякага дачынення да гомасэксуальнасці. Гэты артыкул быў скасаваны толькі ў 80-я. Мясцоваму грамадству спатрэбілася яшчэ 25 гадоў, каб зрабіць сваю краіну адной з самых прагрэсіўных з пункту гледжання сацыяльнага права ў свеце.

Некаторыя дзяржавы рэгіёна (Сербія, Чарнагорыя) прымалі антыдыскрымінацыйнае заканадаўства пад палітычным ціскам Еўрасаюза, што, магчыма, у будучыні і зменіць дагэтуль надзвычай гамафобнае мясцовае грамадства. Але так ці інакш, акурат 28 верасня, напярэдадні сербскага гей-прайду, у Бялградзе прайшла шматтысячная агрэсіўная акцыя пратэсту супраць правядзення ЛГБТК-шэсця. Арганізатарам акцыі стала мясцовая праваслаўная супольнасць.

Насельніцтва ж некаторых іншых краінаў (Італія, Сан-Марына, Грэцыя, Люксембург, Манака) ужо «маральна гатовае» прыняць аднаполыя шлюбы, трансгендарнае і антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, але ўлады пакуль марудзяць з такімі законамі. А асобныя дзяржавы ўвогуле рухаюцца кансерватыўным шляхам (Турцыя, Македонія, Кіпр, Албанія, Боснія і Герцагавіна): тут прадстаўнікі ЛГБТК пакуль не могуць адчуваць сябе натуральна і свабодна. Так ці інакш, заўжды варта зважаць на лакальныя асаблівасці краіны і не страчваць галавы, дзе б ты ні знаходзіўся.

Цяпер усе краіны Еўропы прайшлі аналіз MAKEOUT на лаяльнасць да ЛГБТК. Чытай, разглядай, аналізуй, карыстайся! Наступным разам мы раскажам пра іншы рэгіён свету.
Карусь Люты для MAKEOUT