4 лістапада 2014

Па-за межамi бiнарнай культуры

5 739
Найбольш вядомыя прыклады сацыялізацыі трансгендарных асобаў у розныя эпохі і ў розных кутках зямлі.
Изображение: Kenny Png
© Kenny Png
Феномен трансгендарнасці нават сярод ЛГБТК-кам’юніці схаваны туманам чутак, легендаў і беспадстаўных стэрэатыпаў. Не сакрэт і тое, што адна з самых моцных фобіяў унутры гей-суполкі пануе менавіта ў дачыненні да транс*-асобаў. Паводле Вікіпедыі, трансгендарнасць — гэта абагульненае азначэнне з’явы несупадзення сацыяльнага полу (гендару) з біялагічным. Трансгендарнасць не залежыць ад сэксуальнай арыентацыі: трансгендарныя асобы могуць ідэнтыфікаваць сябе як гетарасэксуалы(-кі), гомасэксуалы(-кі), бісэксуалы(-кі) і інш. У сучаснай заходняй сацыялагічнай навуцы пад катэгорыю трансгендарнасці трапляюць феномены транссэксуальнасці, андрагіннасці, бігендарнасці, інтэрсэксуальнасці і шмат іншых.

Між тым, трансгендарныя людзі сустракаліся ва ўсе часы і ва ўсіх геаграфічных лакацыях. Нават у закасцянелых традыцыйных соцыумах з дасягненнем крытычнай колькасці такіх выпадкаў грамадства выпрацоўвае інклюзіўныя схемы, каб рэгуляваць гендарныя стасункі паміж людзьмі без выключэння. Гістарычна склалася так, што самыя кансерватыўныя супольнасці абвяшчаюць трансгендэрнасць па-за законам і маргіналізуюць яе, але некаторыя соцыумы ставяцца да гэтых праяваў чалавечае натуры з паразуменнем і нават крэатыўна, упісваючы іх у мясцовыя грамадскія інстытуты. Сёння мы паспрабуем разгледзець самыя яскравыя прыклады сацыялізацыі трансгендарных асобаў у розныя эпохі і ў розных кутках зямлі. Але загадзя варта адзначыць вельмі важную дэталь: трансгендарнасцю гэтыя сацыяльныя феномены мы называем толькі з пункту гледжання нашай заходняй культуры, а з лакальнага пункту гледжання феномен мае ўласную назву, і часта падставы для яго існавання хаваюцца не ў моцным жаданні самавызначыцца, а ў мясцовых асаблівасцях размеркавання ўлады, тамтэйшых эканамічных рэаліях і інш.

Па-за межамi бiнарнай культуры
©Pepa Hristova

Так, напрыклад, у Албаніі, адной з нешматлікіх ісламскіх краінаў Еўропы, у перыяд з ХV па ХХ ст. жанчыны займаліся хатняй гаспадаркай, некаторымі рамёствамі, гадавалі дзяцей, не прымаючы аніякіх эканамічных і палітычных рашэнняў на ўзроўні вёскі, мясцовай грамады і нават сям’і (клана). Больш за тое, ім не дазвалялася галасаваць, купляць зямлю, наведваць пэўныя ўстановы і нават (!) насіць гадзіннік на руцэ. Калі мясцовая жыхарка была незадаволеная такім станам рэчаў, яна мела шанец атрымаць мужчынскія прывілеі і заняць высокую пазіцыю ў соцыуме, зрабіўшыся бурнешай. Бурнешы былі паўнавартаснымі ўдзельнікамі грамадства: яны атрымлівалі ўсе мужчынскія правы, у тым ліку права валодаць зброяй, паліць тытунь і інш.

Прайсці пасвячэнне ў бурнешы жанчына магла ў любым узросце, калі атрымлівала згоду мясцовай грамады. Пасля неабходнай падрыхтоўкі жанчына мусіла даць зарок перад сходам старэйшын сваёй вёскі, што ніколі не вернецца да ранейшага жыцця. Яна брала мужчынскае імя і выходзіла ў свет новым чалавекам. Ад гэтае пары пачынаўся яе вечны цэлібат. Парушэнне клятвы каралася смерцю або выгнаннем, акрамя асобных сітуацыяў, якія таксама ўзгадняліся на радзе паселішча.

Па-за межамi бiнарнай культуры
©Pepa Hristova

Фактычна бяспраўе жанчыны, а не прага да самавызначэння абумоўлівала існаванне гэтага феномену. Адна з найбольш частых прычынаў — спроба пазбегнуць шлюбу з нялюбым, якога абірала для маладой сям’я. Дзяўчына не мела ўплыву на бацькоў, а шлюб часцяком заключалі па эканамічных матывах, напрыклад, у абмен на кароў. Пасля сыходу ў бурнешы новыя чальцы грамадства мусілі даказаць сваю карысць суполцы ў якасці мужчын, інакш клятву абвяшчалі несапраўднай. Распаўсюджанай прычынай таксама была адсутнасць мужчыны ў паселішчы. Калі бацькі, сыны і браты сыходзілі на вайну і не вярталіся, найстарэйшая жанчына ў сям'і прымала зарок бурнешы. Сям’я зноў абзаводзілася кіраўніком і лідарам, які вёў усе справы дому. Падставай таксама магла стаць вендэта. За абразу сваяка ў Албаніі звычайна расплачваліся крывёю, вайна паміж кланамі магла цягнуцца ажно да чацвёртага калена. Пытанне можна было вырашыць і мірным шляхам, але часцей за ўсё пралівалася кроў. Чарада забойстваў магла доўжыцца дзесяцігоддзямі, пакуль кланы не знішчалі адзін аднаго. Жанчыны не мелі права помсціць за сваіх блізкіх — калі не давалі зарок бурнешы.

Па-за межамi бiнарнай культуры
©Abdul Majeed Goraya

У неверагодна патрыярхальных Індыі, Бангладэш і Пакістане, дзе паводзіны прадстаўнікоў абодвух палоў жорстка рэгламентуюцца мясцовымі законамі ці Каранам, таксама знайшлося месца для трансгендарных людзей. Хіджра — так называецца адна з кастаў, у якую ўваходзяць асобы, якія нарадзіліся мужчынамі, але адчуваюць сябе жанчынамі. Людзі гэтай касты адносяць сябе да асобнага, трэцяга полу. Стаць хіджрай магчыма, прайшоўшы рытуальную кастрацыю. Сёння яна нелегальная, таму звычайна праводзіцца падпольна ў антысанітарных умовах, што час ад часу прыводзіць да смяротных вынікаў. Хіджры жывуць вялікімі суполкамі, з выразнай іерархіяй і сістэмай падтрымкі. Некаторыя нават маюць жонак і дзяцей. Пакланяюцца прадстаўнікі гэтай касты пераважна багіні Бахачура Мата (адно з увасабленняў Багіні-Маці). Сёння іх колькасць, паводле розных ацэнак, вагаецца ад 50 тысячаў да 5 мільёнаў.

Па-за межамi бiнарнай культуры
©Prakash Singh

Іерархія хіджраў — аснова існавання іх касты. На найвышэйшым узроўні там знаходзяцца асобы, які маюць культавы статус. Яны часцей за ўсё прайшлі рытуальную кастрацыю, прытрымліваюцца цэлібату і, згодна з лакальнымі павер’ямі, маюць моцную сувязь з багамі. Такія хіджры наведваюць (часцяком без запрашэння) вяселлі ці святкаванні з нагоды нараджэння хлопчыка, бяруць удзел у перасяленнях; бяздзетныя жанчыны просяць у іх блаславення. «Найвышэйшыя» хіджры спяваюць і танчаць на вуліцах, патрабуючы за гэта «бадхаі» — сімвалічнай узнагароды, у адваротным выпадку могуць нават накласці праклён. Хіджры ніжэйшага ўзроўню не давалі зарок цэлібату, яны зарабляюць на хлеб жабрацтвам, махлярствам ці нават прастытуцыяй. «Прыстойны» індус удзень будзе зневажаць і абражаць дачок Бахачура Мата, а ўночы прастаіць у доўгай чарзе, каб скарыстацца іх сэксуальнымі паслугамі. Такі механізм сацыялізацыі парадаксальны, бо аб’ядноўвае сакралізацыю з маргіналізацыяй. Хіджры граюць важную культавую ролю ў рэлігійнай супольнасці і адначасова вымушаныя зарабляць прастытуцыяй.

У красавіку 2014 Найвышэйшы суд Індыі дазволіў афіцыйна вызначаць хіджраў і трансгендараў асобамі трэцяга полу.

Па-за межамi бiнарнай культуры
©Munir Uz Zaman

У індзейцаў Амерыкі яшчэ стагоддзе таму можна было сустрэць бердашаў — «асобаў з дзвюма душамі». Яны былі ва ўсіх буйных народнасцях: ад іракезаў на паўночным усходзе і ўздоўж усяго атлантычнага ўзбярэжжа; на Вялікіх раўнінах у плямёнах іліноіс, арапаха і далей на паўднёвы захад у піма, наваха, махавэ; у плямёнах які і сапатэкі ў Мексіцы, у пэўных паўднёваамерыканскіх народаў і сярод эскімосаў Аляскі.

Бердашамі называліся як мужчыны, так і жанчыны, якія прынялі гендарныя асаблівасці супрацьлеглага полу і выконвалі культавыя функцыі. Часцей за ўсё яны былі шаманамі і знахарамі.

Па-за межамi бiнарнай культуры
©U.S. National Archives and Records Administration

У асобных этнасаў амерыканскіх індзейцаў бердашы цалкам прымалі стыль адзення, манеры і ролю супрацьлеглага полу. У такіх грамадствах мужчыны-бердашы выконвалі «жаночыя» хатнія абавязкі, такія як прыгатаванне ежы, клопат пра вопратку, наладка прыладаў працы, вядзенне сельскай гаспадаркі. Жанчыны-бердашы майстравалі зброю і палявалі. У іншых плямёнах такія шаманы апраналіся і паводзілі сябе ў адпаведнасці са сваім біялагічным полам, выконваючы толькі сацыяльныя абавязкі полу супрацьлеглага. І хоць у пэўных грамадствах да такіх людзей ставіліся як да асобаў іншай палавой прыналежнасці, у большасці плямёнаў яны ідэнтыфікаваліся як людзі асобнага, трэцяга полу — не мужчыны і не жанчыны. У такіх супольнасцях не лічылася, што мужчына, які мае інтымныя стасункі з бердашам, спіць з іншым мужчынам. Бердашы не мусілі мець палавых кантактаў з іншымі бердашамі, такія сувязі былі табуяванымі і лічыліся інцэстам.

Па-за межамi бiнарнай культуры
©Bosque Redondo

Няспынная глабалізацыя змяняе не толькі геаграфічныя межы, але і сацыяльныя. Амаль не засталося ў Албаніі бурнешаў, зусім ужо не знайсці на прасторах Амерыкі бердашаў, як і саміх карэнных амерыканцаў. Але глабалізацыя стварае ўмовы для новых «сацыяльных феноменаў», сярод якіх варта адзначыць «катой». Найбольшае распаўсюджанне ён атрымаў у сучаснай Паўднёва-ўсходняй Азіі, у прыватнасці, у Тайландзе. Назва «катой» тайская і літаральна абазначае трэці пол. Раней гэтае слова выкарыстоўвалася як лаянка ці абраза, а сёння мае іранічнае адценне. Пра катояў у тайскім грамадстве кажуць, што яны «сапраўдныя жанчыны» (бо іх выбар усвядомлены), ці «жанчыны найвышэйшага гатунку». Само паняцце дастаткова шырокае і абазначае мужчын, якія дэманструюць жаноцкасць у рознай ступені, а таксама мужчын, якія для фемінізацыі выкарыстоўваюць гарманальную тэрапію, карэкцыю формы грудзей, выдаленне кадыка і аперацыю на геніталіях. Незалежна ад ступені фемінізацыі катояў, іх сэксуальныя інтарэсы могуць быць скіраваныя на мужчынаў, жанчынаў і іншых катояў.

Па-за межамi бiнарнай культуры
©Kenny Png

Згодна некаторым даследаваннямі, феномен «трэцяга полу» вядомы будысцкай культуры Тайланда з глыбокай даўніны. Але пераважная большасць даследчыкаў вызначае гэты феномен як «малады» і лічыць, што ён мае дакладныя сацыяльныя перадумовы. У 1962 годзе Каралеўства Тайланд падпісала ваеннае пагадненне з ЗША, войскі якога пачалі базавацца ля рыбацкай вёскі Патая. З гэтае пары пачынаецца бурны эканамічны рост тэрыторыі, які разам з павелічэннем колькасці амерыканскіх жаўнераў у рэгіёне прывёў да ўзнікнення «дамоў цярпімасці». Эканамічныя рэаліі тамтэйшых жыхароў былі несуцяшальнымі — адэкватны заробак мужчына мог атрымаць толькі ў мясцовым войску ці на дзяржслужбе (нават цяпер неафіцыйны конкурс туды складае каля 700 чалавек на месца). А адсутнасць працоўных месцаў па-за вялікімі гарадамі (апроч працы, звязанай з вырошчваннем рысу) і рост попыту на прастытуцыю прывяло да таго, што бацькі былі вымушаныя рабіць са сваіх сыноў дзяўчынак, даючы жаночае імя і гарманальныя прэпараты ў перыяд сталення.

Сутэнерская сетка ў Тайландзе даволі развітая і мае кланавую архітэктуру. Калі ў сям’і нараджаўся «лішні» хлопчык, бацькі вырашылі яго лёс, загадзя дамаўляючыся з прадстаўніком уладальніка мясцовага клуба «гоў-гоў». Такі метад дазваляў бацькам даць адукацыю і фінансавую падтрымку іншым дзецям.

На сённяшні дзень катоямі збольшага робяцца мужчыны, якія не атаясамліваюць сябе з целам, у якім нарадзіліся. Гэты працэс улады краіны спрабуюць рэгуляваць, і ўжо цяжка сустрэць маладых прадстаўнікоў «трэцяга полу», якія б рабіліся такімі гвалтоўна. Працаўладкаваныя катоі ў асноўным на «жаночых» пасадах — у крамах, кавярнях, рэстаранах, салонах прыгажосці. Частка занятая ў турыстычным сектары як танцоркі і прастытуткі.

Па-за межамi бiнарнай культуры
©Kenny Png

Узровень сацыялізацыі катояў у Тайландзе надзвычай высокі, цяпер без іх цяжка ўявіць сучасную культурную прастору краіны: сярод іх шмат папулярных мадэляў, спявачак і кіназорак. Без іх не абыходзіцца ніводнае сельскае свята. Яны дасягаюць вяршыняў у спорце. Так, у 1996 годзе валейбольная каманда «Жалезныя лэдзі», якая складалася з катояў, перамагла ў нацыянальным першынстве. Звышпапулярная ў Тайландзе спадарыня Парын Кіатбусаба (Нонг Тум) — пераможца першынства па тайскім боксе. Яна сышла з прафесійнага бокса ў 1999, перайшоўшы на трэнерскую працу праз серыю аперацыяў па змене полу, і вярнулася ў бокс ў 2006-м.

Гэта толькі чатыры самыя яскравыя прыклады сацыялізацыі трансгендараў, іх яшчэ вельмі шмат. Магчыма, некаторыя з гэтых «сацыяльныя феноменаў» маюць ускосную сувязь з самавызначэннем, але сама наяўнасць такой з’явы ў грамадстве дазваляе асобе, незадаволенай сваёй гендарнай роляй, знайсці месца ў соцыуме і не быць пры гэтым маргіналізаванай. Якім бы ні было грамадства (звышрэлігійным, ультрапатрыярхальным, кансерватыўным і да т.п.), у ім заўжды можна знайсці месца кожнаму, незалежна ад гендару, сэксуальнасці ці іншай «непадобнасці». Як кажа адна з азіяцкіх прымавак, «чым больш інструментаў грае ў аркестры, тым больш струнаў душы ён кранае».



Крыніцы:

1. http://www.gay.ru/trans/history/hijra.html
2. http://www.narrlibrus.wordpress.com/2009/02/11/esben-esther/
3. http://www.timesofindia.indiatimes.com/india/Supreme-Court-recognizes-transgenders-as-third-gender/articleshow/33767900.cms
4. Thailand. Demographics and a Historical Perspective— Gender Conflicted Persons. By Kittiwut Jod Taywaditep, M.D., M.A., Eli Coleman, Ph.D. and Pacharin Dumronggittigule, M.Sc.
5. Whitaker, Ian (2007). A Sack for Carrying Things: The Traditional Role of Women in Northern Albanian Society. The George Washington University Institute for Ethnographic Research. JSTOR 3317892.
6. Мондимор Френсис Марк. Гомосексуальность: Естественная история / Пер. с англ. Л. Володиной. Екатеринбург: «У-Фактория», 2002. — 333 с. (Серия «Современная антропология») ISBN 5-94799-085-7.
Карусь Люты для MAKEOUT