Алекса

25 гадоў


(Рускі леў)

Для мяне камін-аўт — гэта ў першую чаргу акт справядлівасці. Я лічу несправядлівай любую сегрэгацыю, любое нераўнапраўе ў любой сітуацыі, таму стараюся рабіць усё ад мяне залежнае, каб гэтае нераўнапраўе пераадолець. Калі гетэрасэксуальныя людзі пра гэта кажуць свабодна, спакойна і не хаваюцца, то я маю такое самае права рабіць як яны. Гэта будзе справядліва. І я патрабую, каб маё права паважалі і прымалі.

Маё стаўленне да гомасэксуальнасці не заўжды было такім. Некалькі гадоў я стаяў на даволі кансерватыўных пазіцыях, успрымаў сэксуальную роўнасць праз прызму кансерватыўных сямейных каштоўнасцяў. Ёсць такі амерыканскі фільм, «Плезантвіль», у якім паказваецца ідэалізаванае амерыканскае грамадства 50-х гадоў, дзе ёсць бацька — галава сям’і, ёсць мама, якая на кухні катлеткі гатуе, ёсць паслухмяныя дзеці і г.д. Дык вось, выхаваны ў дастаткова кансерватыўнай сям’і і пры гэтым на пэўным этапе зразумеўшы пра сваю гомасэксуальнасць, я паспрабаваў упісаць яе ў гэты кансерватыўны лад. Для мяне ідэал стаў такі: мусіць быць дамашні муж, яшчэ адзін муж, які, напрыклад, дома штосьці гатуе, яны разам ходзяць у нядзелі ў царкву, разам з суседзямі на пасядзелкі, усё гэта ветліва, паважна, у стылі 50-х.

Для мяне былі вельмі важныя кансерватыўныя каштоўнасці, я за іх моцна трымаўся, бо не ведаў нічога іншага. Больш сучасны свет, больш ліберальны, нефармальны, падаваўся мне чымсьці варожым і трошкі вычварным. Я хацеў даказаць, што магу быць гомасэксуальным і пры гэтым паставіць сябе так, што ніхто з кансерватараў мяне не асудзіць. Наадварот, скажуць: вось, паглядзіце, ёсць там гомасэксуальныя вычварэнцы, такія-сякія, а ёсць і харошы хлопчык, правільны. Хоць і гомасэксуальны, але мы яго прымаем, таму што ён правільна сябе паводзіць.

Некалькі гадоў я стаяў менавіта на такіх пазіцыях. Гэта, у прынцыпе, і дапамагло зрабіць камін-аўт, таму што калі б я адразу захацеў заявіць не толькі пра сваю сэксуальную арыентацыю, але яшчэ і зламаць усе кансерватыўныя стэрэатыпы, мне б на той момант не хапіла духу. Для мяне той кансерватыўны перыяд стаў пераходным, калі я быццам паважны, кансерватыўны, зручны для бабулі, дзядулі, але ў той жа час такі… ну… трошачкі іншы.

І толькі дзесьці з мінулага года я пачаў пераасэнсоўваць гэтую пазіцыю. Сутыкнуўся з тым, што людзі мяне не прымаюць, нават калі я ўсімі сіламі адстойваю кансерватыўныя каштоўнасці. Для іх гомасэксуальнасць — гэта тое, што не ўпісваецца ў кансерватыўны светапогляд. Ніяк. Як бы я сябе ні пазіцыянаваў, яны ўсё роўна будуць крывіцца, адварочвацца ад мяне. Яны не змогуць назваць мяне вычварэнцам адкрыта, але заўжды будуць насіць камень за пазухай. І тады я пачаў думаць: навошта я сябе так ламаю, навошта ўпісваю ў гэтыя рамкі? Ці не лепш мне раскрыцца яшчэ больш, стаць больш прагрэсіўным і дзесьці нават — па магчымасці — нефармальным. І ці не ўсё роўна, што пра мяне скажуць людзі, якія ні пад якім соусам не гатовыя мяне прыняць? Так я стаў смялейшым, гатовым кінуць выклік.

Кансерватары і традыцыяналісты, якія заяўляюць пра сваю манаполію на беларускі рух, як правіла, не ўлічваюць, што любая культура павінная развівацца. Ніводная культура не мусіць заставацца ў застоі. А што ёсць развіццём беларускай культуры, як не ўменне адказаць на выклікі сучаснасці, адаптаваць сучаснасць у беларускую культуру, узбагаціць яе сучаснасцю, у тым ліку і талерантным стаўленнем да розных меншасцяў? На маю думку, адмаўляць гэта — значыць руйнаваць беларускую культуру, заганяць яе ў труну і хацець, каб яна хутчэй памерла і загнулася. Я лічу, што мусіць быць шматстайнасць культур, якая ўзбагачае чалавецтва. Пры гэтым усе яны мусяць быць між сабой роўнымі, узаемна адна адну паважаць. Такая сабе мазаіка культур па ўсім зямным шары. Менавіта з гэтай пазіцыі я адстойваю беларушчыну і Беларусь. Я не проста гомасэксуал. Я — беларускі нацыяналіст. І лічу, што адзінае правільнае спалучэнне — гэта падтрымліваць шматстайнасць, багацце і адстойваць беларускую культуру.

Насамрэч цяпер я ў працэсе пераходу. Трэба прызнаць, што з часоў свайго камін-аўта літаральна да мінулага года я ставіўся да гей-культуры дастаткова крытычна, лічыў, што сэксуальная роўнасць не патрабуе пераасэнсавання культурных кодаў. Усё, што іх пераасэнсоўвае ў бок большай распрыгоненасці, успрымаў непрыхільна. Цяпер мая пазіцыя змянілася. Я пераасэнсаваў стаўленне да аднаполых шлюбаў, да ўсынаўлення дзяцей. Пачаў адкрываць для сябе новыя пачуццёвыя ноткі, якія больш паказваюць маю, можна сказаць, дзесьці жывёльную, прыродную сутнасць, а не толькі сутнасць сацыяльнай абалонкі. На фоне гэтага адкрыў, напрыклад, што мне падабаецца рэйверскі стыль музыкі. Дзіўна, парадокс, сам дагэтуль здзіўляюся. Тым не менш гэта факт. Вось так гэта ўсё звязанае аказалася.

У прынцыпе, сваю сэксуальнасць я ўсвядоміў даволі позна. Адчуваць, што мяне цягне да хлопцаў, я пачаў гадоў у 11, але доўгі час не звязваў гэта са сваёй будучай сэксуальнасцю. Усё роўна планаваў вырасці, завесці жонку, сям’ю. Думаў, што так і атрымаецца. Так працягвалася гадоў да шаснаццаці, калі я вельмі моцна закахаўся ў аднакласніка. Настолькі моцна, што… Ну, бываюць такія пачуцці, якія людзей ледзь не да вар’яцтва даводзяць. Вот мне давялося такое перажыць. Мне было так кепска, што я пачаў завальваць вучобу. У мяне развілася моцная дэпрэсія, я проста нічога не мог рабіць. Так цягнулася шмат месяцаў. Давялося спачатку прызнацца самому сабе, што я вельмі моцна закаханы ў гэтага чалавека.

Калі мне было ўжо так кепска, што гэта кідалася ў вочы бацькам, маці аднойчы падышла і пачала распытваць, што са мной. Я вырашыў, што не скажу. Я вельмі баяўся, лічыў, што сорамна быць гомасэксуальным. У мяне заставалася адчуванне, што гэта сорамна, гідка, прыніжальна. Яна тады села побач са мной і пачала гадаць. «Можа, ты з бабуляй пасварыўся?», «Можа, у цябе баліць нешта?» Так сядзела і, напэўна, хвілін дваццаць гадала. А потым раптам: «Можа, табе хлопцы падабаюцца?» Я сказаў «не». А потым, праз дзве секунды: «А што, калі так?» Яна адказала, і гэтую фразу я, напэўна, на ўсё жыццё запомню: «Ну, раз так, значыць, ты проста трапіў у струмень». Маўляў, такіх людзей на зямлі шмат.

Я цэлы вечар быў пад уражаннем, шакаваны, што гэта сказаў. Мне было то сорамна, то яшчэ штосьці. Праз некалькі дзён вырашыў сказаць тое самае бабулі. Неўзабаве ўжо даспеў да таго, каб сказаць дзеду. Потым казаў ужо дактарам, знаёмым. Паступова ў маім атачэнні не засталося людзей, якія б гэтага не ведалі. На сёння ў мяне няма сакрэтаў на гэты конт. Я вырашыў, што часам лепш проста загадзя сказаць і ўжо з гэтай справай развязацца, хаця б для таго, каб потым не ўзнікла канфузу. Я зразумеў, што нічога не страчу, акрамя фальшу. Калі хтосьці падтрымліваў са мной стасункі толькі таму, што я выглядаю так, як яны хочуць, то мне такія стасункі непатрэбныя. І калі мяне хтосьці любіць, то я буду гэта дакладна ведаць, а калі са мной хтосьці парве стасункі, то буду дакладна ведаць, што гэты чалавек і да камін-аўта мяне не любіў.



2014