Алесь

29 гадоў


Мой камін-аўт — гэта абмежаванне ўласнае свабоды і неабходнасць прызнання чужых асаблівасцяў. Мая ўлюбёная цытата з Фройда — якраз пра такую «дэмакратыю знутры»: «Найлепшы спосаб не зрабіцца амаральным — гэта вызначыць свой крытэр маральнасці і ацэньваць паводле яго толькі самога сябе».

Шмат хто ўяўляе, што ЛГБТ-супольнасць хоча шпацыраваць з голай сракай па праспекце і гвалтаваць дзяцей. Мне хочацца адказаць такім радыкалам, што асабіста я суцешыўся б, калі б мне папросту не задавалі пытанняў «Калі ты ажэнішся?» ці «Як правёў вечар з цёлачкай?» — толькі і ўсяго. Для гэтага і існуе барацьба за правы нашае супольнасці. І юрыдычныя нюансы тут трохі на другім плане, але гэта маё адчуванне. Такая ж барацьба была ў савецкі час у вернікаў за сваю веру. Сталыя людзі мусяць расказаць пра забароны набажэнстваў, пра тое, што духавенства, седзячы за веру ў лагерах НКВД, было самым маральна трывалым. Гэта тая ж гісторыя.

Калі ты да пэўнага ўзросту не ажаніўся — узнікае тузiн пытанняў... Усе яны адлюстроўваюць шырокі спектр гендарных стэрэатыпаў. Хоць я працую ў досыць маладым калектыве, шмат у чым пазбаўленым хамства і грубасці, такія пытанні ўсё роўна пастаянна гучаць. І трэба выдумляць нейкі адказ. Я вырашыў на працы нічога не казаць. Калектыў нармальны, але гэта не гарантуе свабоды ад цэтлікаў і комплексаў... Хтосьці лічыць, што ты памыліўся ў эканамічных разліках, таму што ты «вось такі». Калі я адважуся расказаць сваім калегам, магчыма, зменіцца ўсё, мяне могуць нават звольніць, але гэта не страшна — я не самотны.

Я адкрыўся маці прыкладна паўтары гады таму. Не тое што расказаў — хутчэй расставіў кропкі над «i». Таму што яна ўсё, натуральна, ведала. Я сказаў: «Так і так, у мяне вось такія прыярытэты, у мяне вось такое жыццё». Расказаў ёй і пра майго маладога чалавека, з якім у нас цяпер перыяд «дыктатурнага антырэнесансу». У 2010 годзе ён атрымаў дубінай па галаве за ўдзел у дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, потым 10 сутак. Ён працаваў у галіне экспертызы, а гэта толькі дзяржаўныя структуры. Яго звольнілі, ён спрабаваў знайсці працу, кідаўся туды-сюды і ў выніку з'ехаў у Венесуэлу. Я сказаў маме, што кахаю яго і што ён цяпер не ў Менску, але потым я планую жыць з ім, і дзяцей у мяне не будзе. Маці прыняла, але да гэтага часу закрывае тэму, калі я кажу, што Саша тэлефанаваў: не хоча нічога ведаць.

Я перанёс хіміятэрапеўтычнае лекаванне, і ў мяне на ўсе пытанні пра дзяцей адзін адказ: я не хачу гадаваць дзяцей, якім будзе наканавана хварэць на рак, бо ёсць звесткі пра замацаванне гэтай хваробы генетычна. Я так вырашыў сам. У мяне ёсць стрыечны брат, у яго добрае здароўе, выдатная знешнасць і дзяўчына з двума дзецьмі — не ягонымі. І яго ядуць поедам, не прымаючы яго выбару. Ненавіджу шмат якіх сваякоў. Калі даказана, што чалавек эвалюцыянуе больш псіхалагічна, чым генетычна, то чаму б не гадаваць дзетак у любові ды згодзе?

У мяне ёсць гетэрасэксуальныя сябары, у тым ліку і тыя, хто ўсё ведае, але мы не блізкія – я адчуваю насцярожанасць з іх боку, калі бываю з імі. Хтосьці лічыць, што мая мэта — гэта, груба кажучы, ягоная дупа, і я такое сяброўства «прыгнечваю». У студэнцкія часы мяне заўважылі на вуліцы, калі хлопец паклаў мне руку на плячо. І потым пачалося: «Ааа, ты ж п…рас!» Гэта такая табуяваная тэма ў грамадстве: мужчыны адзін аднаго не чапаюць, не дакранаюцца, на плячо адзін аднаму руку не кладуць. Насамрэч у ЛГБТ-супольнасці нашмат прасцей знайсці падтрымку, чым у гетэрасэксуальным асяроддзі. Напрыклад, калі ты едзеш кудысьці за мяжу адпачываць, то людзі табе даюць прытулак і ставяцца да цябе добра, гэта нашая субкультура і пайшлі да чорта!

Мая зона камфорту — гэта камін-аўт з мэтай каго-небудзь патроліць. Паздзекавацца з чыіхсьці вузкіх поглядаў. Дана Скалі з серыяла «Сакрэтныя матэрыялы» заўсёды казала: «Малдэр, трэба мысліць шырэй!» А калі чалавек жыве ў сваёй скрынцы, нібы той конь, якому вочы закрываюць шоркамі, каб не кідаўся туды-сюды, не бачыць выхаду за яе межы... Людзі пастаянна паміраюць, не зразумеўшы, на што яны хварэлі, — што ўжо казаць пра здольнасць зразумець псіхалагічныя працэсы. Фройд сказаў, што прыродная норма — гэта бісэксуальнасць, а стоадсоткавая гетэрасэксуальнасць або гомасэксуальнасць — аднаго поля ягады, і навязаныя яны грамадскімі контурамі выхавання.

Я заўсёды ведаў, кім павінны быць. Паводле Фройда, аб'ект сэксуальнай фіксацыі замацоўваецца да трох-пяці гадоў. Гэта значыць, усё, што з табой адбываецца пасля, не паўплывае на арыентацыю. Далей толькі пытанне, дзе гэта будзе ў нас у свядомасці боўтацца і як мы гэта выявім.

Маё самае ранiшняе перажыванне з дзяцінства, на якое я патраціў каля васьмі гадоў самаедства, — гэта «рана ў мамы ў жывоціку», тое, як мы з татам ідзем яе наведваць, а яна вельмі прыгнечаная. Потым мама прызналася, што бацька прымусіў яе зрабіць аборт, калі мне было два гады. Аборт прайшоў складана, з поўным выдаленнем маткі. Для яе гэта была жудасная траўма на ўсё жыццё. Маме сказалі, што гэта была дзяўчынка, і падсвядома яна пачала пераносіць на мяне выхаванне дзяўчынкі, хоць не прызнае гэтага дасёння. Я шукаў адказ на пытанне, чаму так адбылося, і знайшоў яго толькі ў Фройда.

Дзіця псіхалагічна эвалюцыянуе, пераносячы сваю любоў на нейкі аб'ект. Усё пачынаецца з інстынктыўнай любові да жаночых грудзей, калі дзіця п'е матчына малако. Потым, абмінаючы яшчэ некаторыя стадыі, ідзе стадыя нарцысізму, а потым, як прынята лічыць, гэта трансфармуецца ў любоў да старонняга аб'екта. Па ідэі, гэта павінная быць жанчына, але мне, відавочна, не хапала мужчынскай увагі з боку бацькі, і гэтая прывязка затармазілася ў развіцці і засталася мужчынскай. Таму часта кажуць, што аднаполае каханне нарцысічнае, а ў партнёру мы любім перш за ўсё саміх сябе. Калі паглядзець на фотаздымкі аднаполых пар, можна сказаць, што партнёры шалёна падобныя вонкава.

Вядома, я не шкадую, што я гей. Наадварот, мне здаецца, гэта найлепшае, што адбылося са мной. Бо праз доўгі і пакручасты шлях прыняцця сябе чалавек выпрацоўвае вельмі тонкае і выразнае светаадчуванне, перш за ўсё ў любові. Ён не паўтарае памылак бацькоў і аднагодкаў, што здзекаваліся з яго. На расшыфроўку гэтых памылак чалавек можа змарнаваць месяцы псіхалагічнага самакатавання і самапазнання. Так ён вучыцца быць дэмакратам, вучыцца паважаць не толькі сябе, але і сябе ў асобе іншых людзей. Таму што «хоць асоба не большая за вока мурашкі, але асоба ёсць асобай. Так думаю я!» (Тэадор Гейзел).

Сёння шмат хто памятае пра свае правы, а сам не хоча паважаць асабістую свабоду бліжняга, нават у ЛГБТ-супольнасці. Сярод «нашых» ёсць шмат недэмакратаў, якія не рэагуюць нават на простыя лагічныя высновы. З чаго б ім без перадузятасці ставіцца да чыйгосьці псіхалагічнага жыцця, калі многія называюць адкрытых транссэксуалаў «хворымі на галаву»?

Ці зменім мы нешта тым, што будзем паводзіць сябе больш адкрыта, галосна? Тэарэтычна, пасля гэтага у людзей павінныя з’явіцца пытанні, і тады ўзнікне нейкая дыскусія, якая толькі накіруе да змены парадыгмы. Але я вельмі песімістычна настроены ў дачыненні да развіцця дэмакратычных ідэяў у нашым грамадстве.

Нават калі ты просіш прабачэння за тое, што наступіў некаму на нагу, у адказ усё роўна чуеш: «Куды прэш?» Ты можаш гаварыць на кухні — рэжыму важна, каб пра гэта не казалі на плошчы. А як толькі ты лезеш у прававыя аспекты — тут табе і Акрэсціна, і звальненне, і штрафы. Мой хлопец пасля адседкі змяніў прыярытэты: засяродзіўся на фінансавым баку жыцця, на бізнэсе, на асобным жыллі. Занадта палохае гісторыя савецкіх канцлагераў, каб змагацца з ветракамі.



2015
18+
Меркаванні ў артыкулах належаць аўтар_цы і неабавязкова адлюстроўваюць пазіцыю праекта.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта абавязкова актыўная спасылка.