З`явіўся альбом пра «хросную маці беларускага акцыянізму» Людмілу Русаву

Прагляды: 2 851

У серыі «Калекцыя пАРТызана» выйшаў альбом «Людміла Русава», дзе ўпершыню сабраныя дакументацыя і працы — ад жывапісу і габеленаў да калажаў і перформансаў — выбітнейшай беларускай мастачкі 1980-90-х Людмілы Русавай.

З`явіўся альбом пра «хросную маці беларускага акцыянізму» Людмілу Русаву

«Пра Людмілу Русаву ў 1990-х казалі як пра лідара руху авангарду ў Беларусі, хросную маці беларускага акцыянізму. Яна аўтар першага перформансу і першай арт-кнігі ў Беларусі. Людміла Русава працавала ў розных жанрах мастацтва, не баялася эксперыментаў. У выніку з'явіліся шэраг жывапісных палотнаў, аб’екты, інсталяцыі, фотакалажы, перформансы, відэапраекты, арт-кніга і многае іншае. Праекты і даследаванні Русавай заўжды злучаліся з перадавымі ідэямі сусветнага мастацтва. Віртуальнымі апанентамі для яе былі такія прызнаныя майстры, як Іў Кляйн, Марына Абрамавіч, Андрэй Таркоўскі, Казімер Малевіч. «Творчая біяграфія» Людмілы Русавай — гэта ўдзел у прыблізна 100 выставах і праектах, палова з якіх, паводле ейнага вызначэння, «чыста авангардныя».

Наталля Янкоўская. Кніга. Людміла Русава // «Калекцыя пАРТызана», Мінск: 2015

З`явіўся альбом пра «хросную маці беларускага акцыянізму» Людмілу Русаву


У 2012 годзе ў серыі «Калекцыя пАРТызана» выйшаў альбом «Беларускі авангард 1980-х», першае і адзінае на сённяшні дзень выданне, дзе ў хроніцы, імёнах і працах зафіксаваная адна з найважнейшых старонак нашай сучаснай гісторыі. Рэзананс, які выклікаў гэты каталог, стаўся для нас імпульсам адкрываць і далей «забытыя» феномены і аўтараў, без якіх немагчыма ўявіць сабе сучаснае беларускае мастацтва. І ўжо тады для нас было зразумелым, што немагчыма яго ўявіць без асобы Людмілы Русавай.

«Жаночыя імёны няўхільна знікаюць з вялікай гісторыі. Здаецца, яшчэ на пачатку 1970-х Лінда Нохлін вытлумачыла, «чаму не было вялікіх мастачак» і ў якіх умовах жанчыны змушаныя існаваць у арт-асяродку, — відавочным сталася размеркаванне ўлады на полі мастацтва і гендэрная спецыфіка рэпрэзентацыя. Гэта выклікала грамадскія і акадэмічныя дыскусіі, пацягнула за сабой пэўныя інстытуцыйныя змены і трансфармацыю ўяўленняў пра жаночае (і) фемінісцкае мастацтва… У Беларусі ў гэты час — цішыня і дыскурсіўная няўцямнасць у дачыненні да феміністычных ідэяў. Аднак жанчыны-мастачкі, безумоўна, працуюць. І сярод іх Людміла Русава, адна з асноўных фігур беларускага неафіцыйнага мастацтва».

Таня Сяцко. Жыццё як маніфест, альбо Мастацтва перад усім // «Калекцыя пАРТызана», Мінск: 2015

За дапамогу ў зборы матэрыялаў выказваем падзяку Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею і асабіста дырэктару Глебу Уладзіміравічу Савіцкаму і старэйшаму навуковаму супрацоўніку Віцебскага мастацкага музея Святлане Кот. А таксама Вользе Архіпавай, Вользе Сазыкінай, Ганне Сачыўка

Альбом ужо ў продажы! Шукайце ў краме «Ў», кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасці, 37а) і іншых крамах Мінска. А таксама на imbryk.by.

Заснаваная ў 2009 годзе, серыя «Калекцыя пАРТызана» плануе сабраць the best беларускага арту — 32 альбомы (колкасьць літараў у беларускім альфабэце), якія разам складуць унікальную энцыклапедычную візуальную азбуку, галерэю найноўшага беларускага мастацтва.