Беларусь падзеі 17 снежня 2015

Прэзэнтацыя рамана Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын»

Прагляды: 4 456

28 снежня а 19.00 Альгерд Бахарэвіч прэзэнтуе ў кнігарні «Галіяфы» (Старавіленская, 6) свой новы раман – «Белая муха, забойца мужчын».

Раман пра жаночую банду, якая захапіла Замак і ўзяла ў закладнікі турыстаў і супрацоўнікаў. І ня дзесьці там, а ў самым сэрцы Краіны Замкаў. І не калісьці там, а ў наш цудоўны час.

Прэзэнтацыя рамана Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын»


«Кніжка атрымалася досыць фэмінісцкая. Пра жанчын Краіны Замкаў і іхныя праблемы. Кніжка атрымалася дужа мужчынская. Пра мужчын Краіны Замкаў, іхны гонар і іхную ганьбу. У гэтай кніжцы ёсьць зброя і гвалт, каханьне і змаганьне зь мінулым. У ёй выбіваюць дываны і сьведчаньні. У ёй адплюшчваюцца вочы і ўваскрасае Джонатан Сўіфт. А яшчэ гэта лірычная кніжка. Баявік наадварот. І гістарычны раман навыварат», – піша пра раман аўтар.

Раман выходзіць у выдавецтве «Галіяфы»

З ласкавай згоды іранскай мастачкі Афарын Саедзі ў афармленьні вокладкі скарыстаная яе карціна «Like a King».

Вокладка – Юля Цімафеева

Рэдактар – Сяргей Шупа

На прэзэнтацыі раман будзе прадавацца без нацэнкі, то бок па прыязным для чытачоў кошце.