8 лютага 2016

Тату

3 458
«Няма такіх эмоцый цяпер на вечарынах. Я памятаю, уключыш нейкі сумны трэк... ну, не ведаю, «Снайпераў» мядляк — пад раніцу, калі ўсе ўжо п’яныя… Там яшчэ такія слупы ў зале былі… І чалавекі тры стабільна, ля кожнага слупа, стаяць, абдымаюць гэты слуп і плачуць»

Tattoo, дыджэйка на Вавілава
Изображение: Виктория Ломаско
© Виктория Ломаско
10 гадоў таму гэта ўсё пачыналася, муцілася… Мне было тады 18, і калі паўстала пытанне пра музыку, яна [Смайлік] спытала — не хочаш паспрабаваць? Я ўвогуле нічога не ўмела, нічога не ведала. Тады, 10 гадоў таму, у мяне быў інтэрнэт беспарольны. Байфлай. На такой хуткасці, што я магла тры разы гарбату схадзіць заварыць, пакуль там які сайт загрузіцца. Трэкі выкачваліся шалёна доўга. Музыка шукалася па знаёмых. Недзе ты нейкі трэк пачула — дзень сядзіш, качаеш… Штосьці купіш на mp3… З нуля. Увогуле нічога не ведала. Ну і ўсё. Пайшло-паехала… Далей, канечне, пачала цікавіцца, знайшла людзей, якія паказалі ўсё, што трэба было…

Першая вечарына — гэта проста дыджэй, які ўпершыню бачыць апаратуру. Ёсць, напрыклад, чатыры дыскі, два з якіях — гэта Земфіра і «Снайперы». Ну, вось неяк так і пачалося ўсё.

Была свая тусоўка, усе былі знаёмыя. Чыста жаночая дыскатэка, не пафасная абсалютна. Ты мог там адчуваць сябе як дома. Калі праз шмат гадоў я [зноў] трапіла на вечарыны Смайла і пабачыла людзей, якіх не бачыла яшчэ з часоў ранняй Панікоўкі... я падумала — божачкі… Думала, яны ўвогуле не ў тусоўцы. Але яны прыходзяць. Тусуюцца. Гэта прыкольна.

Як правіла, замут усіх вечарын на чым, у чым зерне папулярнасці вечарыны? Гэта нават не шоу-праграма, не. Ніхто не ходзіць на шоу-праграму. Так, добра, там будзе шоу. І калі яно будзе класным — будзе крута, усе запомняць. Калі яно не будзе крутым, ніхто нават не ўспомніць, што там была дрэнная шоу-праграма. На шоу людзі не ходзяць. Музыка — таксама не ключ да поспеху. Народ заўсёды ходзіць на народ.

Ёсць нейкае расслаенне — хто ходзіць па якіх вечарынах. На Вавілава былі радыя ўсім, публіка была вельмі разнастайная. Сюды хадзілі абсалютна розныя людзі — у тым ліку і аматары алкаголю і боек, таму, нярэдка здараліся інцыдэнты.

Увогуле, у Панікоўскай тусоўцы былі вельмі яскравыя раздзяленні. Да цябе маглі падысці і спытаць: «Ты хто: буч або дайк?» Гледзячы ў вочы… А ты нават толкам не ведаеш, у чым там розніца. Ты разумееш гіпатэтычна, але быццам можаш сябе і да буча, і да дайка аднесці… І ты такі ўжо задумаўся… Абцасы не носіш. Не тое каб дайк, але і не тое каб буч. Некаторыя такія пытанні маглі проста ў тупік паставіць.

«А Вавілава — гэта была такая… Канкрэтная, нармальная, роўная, пацанска-лесбушная тусоўка»


Цяпер, канечне, усё па-іншаму. Іншая музыка. Іншыя людзі. І не вернеш. Але Вавілава чым чапляла? Там рамантыка нейкая свая была, свая атмасфера, было пачуццё свабоды. Так, там былі бойкі. Але людзі прыходзілі і расслабляліся, нягледзячы на бойкі. Ты мог прыйсці на вечарыну, дзе ў цябе процьма знаёмых. Ты мог моцна не замарочвацца наконт дрэскода… Усе танцавалі як хацелі. У плане музыкі там гралася не тое, што модна. Напрыклад, народ хоча Земфіру і будзе танчыць пад Земфіру. Хочуць, напрыклад, паслухаць тры разы «Арывідэрчы». Я ім пастаўлю. Сабраліся аднадумцы паслухаць музыку, якая ў прынцыпе ўсім падабаецца. Прыходзілі са сваімі дыскамі, давалі свае дыскі — вось, пастаўце, калі ласка, гэтыя тры трэкі, яны мне вельмі падабаюцца. Таксама ставіла, усё гэта было.

Тату

© Для ілюстрацыі гісторый мы выкарысталі працы мастачкі Вікторыі Ламаска. Гэта своеасаблівы графічны рэпартаж, замалёўкі з паўзакрытых лесбійскіх клубаў. Пра праект «18+» падрабязней можна прачытаць тут.


Нават на таксі туды было доўга ехаць. Канкрэтны бар, карацей. Ніякай цэнзуры. Ніякага гламуру. Там такія справы вяршыліся — і разборкі, слёзы. Няма такіх эмоцый цяпер на вечарынах. Я памятаю, уключыш нейкі сумны трэк... ну, не ведаю, «Снайпераў» мядляк — пад раніцу, калі ўсе ўжо п’яныя… Там яшчэ такія слупы ў зале былі… І чалавекі тры стабільна, ля кожнага слупа, стаяць, абдымаюць гэты слуп і плачуць. Цяпер такое фіг пабачыш на вечарынах.

Хочаш пазнаёміцца з кімсьці, сваіх сяброў пабачыць? Дзяўчынка, ідзі на Вавілава — там будзе дафіга дзяўчат. Будзе весела, месцамі ўгарна, месцамі небяспечна. Выбірай добрых людзей, якія змогуць цябе абараніць… [Трапіць на Вавілава, калі не ведаеш] было рэальна цяжка. Былі тыя самыя флаеры. Гэта цяпер рассылаеш запрашэнні «Укантакце», а раней трэба было даведацца, у каго іх атрымаць, сазваніцца з тым жа Смайлам, узяць на сябе і ўсю сваю тусоўку…

На Вавілава я таксама хадзіла па сяброў і па атмасферу, там тусавалася вельмі шмат маіх сяброў. Бучы ў цяльняшках… Усё роўна ім рэспект. І сярод іх ёсць вельмі шмат маіх знаёмых. Я проста не прыхільнік агрэсіі. Магчыма, таму мяне гэта чапляе.


Я жыву з дзяўчынай ужо пяты год. Разам жывем. Першы час шыфравалася, вядома. У той самы каледж калі паступіла. Толькі-толькі на Панікоўку трапіла. Мне было цяжка нават сабе выгаварыць, што я лесбіянка. У кожнага па-свойму праходзіць працэс станаўлення. Пасля другога курса мне проста надакучыла. Прыходзіш — і перад кожнай парай на перапынках: «Мой Лёшашка, мой Сашачка…» І блін, на цябе неяк глядзяць, а ты сядзіш і не скажаш жа — мая Танечка, Анечка… Ты выпадаеш з гэтага асяроддзя. Мне надакучыла. І я, блін, сказала, як ёсць — так, сустракаюся з дзяўчатамі. Усе вельмі зацікавіліся. Адразу ўспомнілі клуб «Вавілон», што, напэўна, я там тусуюся, хаця я ўжо тусавалася нармальна на Люціку ў той час.

На Панікоўку я прыйшла, калі вучылася, напэўна, на першым курсе, у каледжы… У chat.by з кімсьці пазнаёмілася. Хтосьці там ужо быў — «О, ёсць такое месца, Паніка, давай заб’емся, прыходзь». І ты прыходзіш. Ты ведаеш аднаго чалавека, з якім пазнаёміўся ў чаце. Гэты чалавек там тусуецца, ён цябе знаёміць — і ўсяго за адзін вечар тваё асяроддзе папаўняецца на 10 знаёмых лесбіянак. У цябе ўжо ёсць міні-кола. Пасля я прыводзіла туды сваіх знаёмых, якія нічога не ведалі. Цяпер ужо ні Панікі, нічога няма…

Не трэба думаць, што вечарыны прыносяць арганізатарам неймаверныя барышы. Гэта няпраўда, абсалютна. Вельмі добра, калі вечарына хаця б у нуль выходзіць. Людзі насамрэч робяць добрую справу, многія працуюць на энтузіязме. Гэта не бізнес, я лічу. Гэта проста для душы, таму што ў нас людзям няма куды пайсці.

Працягваць чытаць тэкст пра Вавілава >