беларусь літаратура 22 лютага 2016

Выйшаў фемінісцкі нумар часопіса «Прайдзісвет»

prajdzisvet.org | Прагляды: 3 258

У пятніцу выйшаў новы нумар (№16) часопіса перакладной літаратуры «Прайдзісвет» — №16: (Не) жаночае аблічча.

Заходняя фемінісцкая крытыка, а затым і гендарныя даследчыцы ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, з аднаго боку, адкрываюць творы незаслужана занядбаных жанчын-пісьменніц, а з другога — звяртаюцца да вывучэння творчасці сучасніц, а таксама асаблівасцяў жаночага чытання і пісьма, тым самым робячы бараду сярэднестатыстычнага літаратара ўсё радзейшай і надаючы яму ўсё больш жаночых рысаў.

У беларускім літаратуразнаўстве не прынята глядзець на літаратуру з гендарнай перспектывы. Мы спажываем сучасную заходнюю культуру, на якую ў многім паўплывалі гендарныя даследаванні, аднак самі амаль не наважваемся прыкласці гендарныя лякалы да ўласнай літаратурнай сітуацыі. Школьны літаратурны канон зацэментаваўся.

У новым нумары “ПрайдзіСвета”, узброіўшыся рознымі інструментамі, пісьменніцы, літаратурныя крытыкі, перакладчыцы, выкладчыцы і даследчыцы літаратуры, а таксама іх калегі-мужчыны спрабуюць паставіць пад сумнеў непахіснасць беларускага канону.

Натуральна, гэты нумар не можа прэтэндаваць на ўсёахопнасць тэмы, аднак стваральніцы спадзяюцца, што ён усё ж зробіцца пэўным штуршком для больш смелых і частых спробаў паглядзець на беларускую літаратуру праз фемінісцкую ці гендарна адчувальную оптыку.

Інтерв'ю з камандай стваральніц можна прачытаць па спасылцы.