У сацсетках уводзіцца цэнзура на «мову нянавісці»

euroradio.fm | Прагляды: 3 054

© Chiara Ghigliazza
Еўракамісія і найбуйнейшыя ІТ-кампаніі пачынаюць змагацца з «мовай варожасці» (ці «хэйтспіч») у інтэрнеце.

Камітэт міністраў Савета Еўропы называе «мовай варожасці» ўсе формы самавыяўлення, якія ўключаюць распаўсюджванне, правакаванне, стымуляванне або апраўданне расавай нянавісці, ксенафобіі, антысемітызму або іншых відаў нянавісці на аснове нецярпімасці, у тым ліку нецярпімасць у выглядзе агрэсіўнага нацыяналізму ці этнацэнтрызму, дыскрымінацыі або варожасці ў дачыненні да меншасцяў, мігрантаў і асобаў з эмігранцкімі каранямі.

Facebook, Twitter, YouTube і Microsoft 31 траўня падпісалі кодэкс, які абавязвае іх прадухіляць распаўсюджанне «мовы варожасці». Цяпер кампаніі павінныя будуць вучыць супрацоўнікаў адсочваць з'яўленне ў сацсетках выказванняў, што распальваюць нянавісць, і цягам 24 гадзін выдаляць іх.

Дзяржавы — чальцы Еўрасаюза, у сваю чаргу, будуць уводзіць нацыянальныя законы, якія мусяць абмяжоўваць ксенафобныя выразы ў сеціве. Папярэдняя ацэнка іх сумеснай працы будзе дадзеная напрыканцы 2016 года.

У сацсетках уводзіцца цэнзура на «мову нянавісці»
Яніна Мельнікава

Галоўная рэдактарка mediakritika.by Яніна Мельнікава пэўны час займаецца праблемай «мовы варожасці» ў Беларусі. Яна называе гэтую праблему надзвычай актуальнай:

«Мы ўсе бачым, што ў каментарах пад такімі складанымі тэмамі, як пра меншасцяў, пра некаторыя сацыяльныя слаі насельніцтва, пра складаныя палітычныя пытанні, мова варожасці прысутнічае».

Але, на яе думку, такі крок ІТ-кампаніяў можа выглядаць не надта зразумелым, бо пакуль невідавочна, хто і як будзе вырашаць, што такое «мова варожасці». Яна сустракаецца ў вельмі розных відах і можа быць мяккай, завуаляванай, і часам адчуць яе можна толькі з кантэксту. Але бываюць і сапраўды жорсткія паведамленні.

Экспертка пагаджаецца, што прамыя каментары са словамі нянавісці і агрэсіўныя заклікі трэба выдаляць, але такія крокі ўсё ж наўрад ці ачысцяць сацыяльныя сеткі ад «мовы варожасці».

«Калі будзе татальная забарона і татальны кантроль з выдаленнем, то хутчэй за ўсё заўтра будуць прыдумляцца новыя шляхі абразіць ці націснуць на нейкі балючы мазоль».

Па словах Яніны Мельнікавай, нашмат больш эфектыўна з «мовай варожасці» дапамагае змагацца развіццё медыяпісьменнасці і сеткавага этыкету, прычым як сярод моладзі, так і сярод дарослых. Калі людзі будуць разумець, як працуюць медыя і сацыяльныя сеткі, як яны ўплываюць на жыццё, гэта дапаможа прасцей змагацца з «мовай варожасці».

Рэдактарка падкрэслівае, што змест каментароў і допісаў у сацыяльных сетках хутка мігруе афлайн і на вуліцы. Хэйтспіч пачынае ўплываць на стасункі ў супольнасці, сям’і. Часам вялікая колькасць каментароў са словамі нянавісці можа ўспрымацца як грамадскае меркаванне, і, прачытаўшы іх сёння, назаўтра людзі пяройдуць да агрэсіўных дзеянняў. «Мова нянавісці» пачынаецца са спрэчак і жартаў, з таго, што людзі хочуць называць свабодай слова, але паміж свабодай слова і выказваннем такіх экстрэмальных думак ёсць вялікая розніца, і яе трэба адчуваць.

Ці пачнуць такія правілы дзейнічаць у Беларусі, пакуль невядома. Але Яніна Мельнікава звяртае ўвагу на тое, што ў нашым Крымінальным кодэксе ёсць артыкулы аб паклёпе, аб знявазе гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Яны таксама могуць быць выкарыстаныя ў барацьбе супраць мовы варожасці.