Беларусь правы жанчын 28 чэрвеня 2016

Гендарнаму цэнтру адмовілі ў рэгістрацыі


Забарона на дыскрымінацыю сталася прычынай адмовы ў рэгістрацыі Гендарнага цэнтру «Ружа».

Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму не толькі адмовіла ў рэгістрацыі Грамадзкага аб’яднання «Магілёўскі гендарны цэнтар «Ружа», але і правяло гендарны лікбез для заснавальнікаў арганізацыі.

Паводле Упраўленьня юстыцыі, прычынай нерэгістрацыі НДА стала неадпаведнасць статутнай мэты грамадзкага аб’яднання беларускаму заканадаўству.

Рэгістрацыйны орган палічыў, што сваім статутам ГА «МГЦ «Ружа» сцвярджае, што ў Беларусі квітнее дыскрымінацыя, бо адной з мэтаў сваёй дзейнасьці заснавальнікі арганізацыі пазначылі «выкараненне дыскрымінацыі па полавай прыкмеце».

У адказе чыноўнікаў таксама пазначана, што прызнанне ў Беларусі дыскрымінацыі па полавай прыкмеце не адпавядае нормам аб роўнасці жанчынаў і мужчынаў, якія замацаваныя на заканадаўчым узроўні.

Супярэчнасці супрацоўнікаў Упраўленьня юстыцыі выклікаў падпункт «гендарны маніторынг і збор, аналіз дадзеных аб сацыяльна-эканамічнай і іншых сфэрах дзейнасці ў горадзе». На думку чынавенства, правядзенне дасьледаваньняў для ацэнкі палажэнняў ва ўсіх сфэрах дзейнасці ў горадзе па гендарных пытаннях знаходзіцца ў выключнай кампэтэнцыі ГА «МГЦ «Ружа». Рэгіструючы орган у лісце нагадвае, што рэалізацыю пытанняў гендарнай палітыкі ажыццяўляюць упаўнаважаныя дзяржорганы.

Акрамя пытанняў да статута арганізацыі, чыноўнікі маюць прэтэнзіі да дакумэнтаў, якія пацвярджаюць наяўнасць юрыдычнага адрасу. Гэткая прычэпка апошнім часам сталася адной з найбольш распаўсюджаных падставаў для адмовы ў рэгістрацыі новаствораных грамадзкіх аб’яднанняў: паперы для афармлення юрадрасу звычайна рыхтуюць уладальнікі памяшканьняў-арэндадаўцы, для якіх звышпільнасць праверак пры рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў з’яўляецца абсурднай.

Каб замацаваць падставы для адмовы, рэгіструючы орган выклаў свой галоўны козыр: несапраўднасці ў спісе заснавальнікаў. Напрыклад, адзін з заснавальнікаў пазначыў у якасці свайго месца жыхарства вуліцу «Бурденки», а паводле дадзеных адраснага бюро яна называецца «улица Бурденко». З гэтага чыноўнікі робяць выснову, што для рэгістрацыі былі прадастаўленыя несапраўдныя дадзеныя заснавальнікаў.

Дзіўна тое, што напрыканцы свайго адказу кіраўнік упраўлення Аляксандар Маймусаў прапанаваў заснавальнікам «для арганізацыі працы з указанымі мэтамі зарэгістраваць некамэнцыйную арганізацыю з іншым арганізацыйна-прававым статусам». Атрымліваецца пікантная сытуацыя: напачатку сваёй адмовы рэгіструючы орган піша, што арганізацыя ставіць перад сабой незаконныя мэты, а напрыканцы прапануе для дасягнення гэтых мэтаў зарэгістраваць арганізацыю ў іншай форме (відавочна, маюцца на ўвазе ўстановы, якія ствараюцца і рэгіструюцца паводле заяўляльнага прынцыпу).

Юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў кажа, што ўжо рыхтуецца скарга ў Магілёўскі абласны суд і не выключае, што далей будуць звароты ў Вярхоўны суд, а таксама скарга ў камітэт ААН па правах чалавека. Таксама пра выпадак адмовы ў рэгістрацыі цэнтру, які ставіць за мэту барацьбу з дыскрымінацыяй па полавай прыкмеце, будзе паведамлена ў камітэт ААН супраць дыскрымнацыі жанчынаў. У кастрычніку 2016 году ўрад Беларусі будзе трымаць справаздачу ў гэтым камітэце, і НДА маюць права падаваць альтэрнатыўныя справаздачы, якія ўлічваюцца Камітэтам пры выпрацоўцы рэкамэндацыяў на адрас Беларусі.