«Тата ў дэкрэце»

У сваёй кнізе «Тата ў дэкрэце» ўкраінскі журналіст і пісьменнік Артэм Чапай расказвае пра ўласны досвед выхавання двух маленькіх сыноў. Пераклад першай часткі кнігі зроблены спецыяльна для часопіса «Makeout».
26 верасня 2016 | 835 | Каментары
У Беларусі таты, як і мамы, маюць права пайсці ў дэкрэтны адпачынак па даглядзе за дзіцяці, аднак толькі адзін адсотак мужчынаў карыстаецца гэтым правам. Ва Украіне сітуацыя шмат у чым падобная. У сваёй кнізе «Тата ў дэкрэце» ўкраінскі журналіст і пісьменнік Артэм Чапай расказвае пра ўласны досвед выхавання двух маленькіх сыноў. У інтэрв’ю аўтар падкрэслівае, што гэтая кніга не толькі і не столькі пра дзяцей, колькі пра стасункі паміж дарослымі.



«Тата ў дэкрэце»

Ілюстрацыя. На белым фоне намаляваная кніга, яна размешчаная вертыкальна. На белай вокладцы па цэнтры чырвонымі літарамі напісаная назва кнігі "ТАТО В ДЕКРЕТІ". Ніжэй пад гэтым тэкстам чорнымі дробнымі літарамі напісана: "Про що не питають жінок". Над назвай быццам пэндзлем намаляваная жоўтая паласа, на якой чорнымі літарамі напісана "Артем Чапай". Злева ад надпісаў на вокладцы намаляваны чалавек у акулярах і рознакаляровым паласатым швэдры, ён трымае на ўзроўні твару ноўтбук, глядзіць у яго, на яго нагах вісяць дзеці. У правым ніжнім куце вокладкі намаляваная дзяўчынка, яна трымае ў руках пацука. Уверсе вокладкі - два дзіцяці, адно з іх высунула язык, у другога на галаве рознакаляровыя індзейскія пёры.



Артэм Чапай

«А вам не цяжка з двума?»

Чамусьці Аксану пра гэта не пыталі. Ну, можа, паспачувалі раз ці два. Асабіста. Але не бралі інтэрв’ю. Не запрашалі на радыё. Не прасілі пісаць калонкі. Пакуль Аксана сядзела ў дэкрэце, я працаваў рэпарцёрам і кожны тыдзень быў у раз’ездах, а яна – з двума дзецьмі, адно з якіх толькі нарадзілася. Банальна.

Напраўду. Пра што запытваць жанчыну ў дэкрэце? Нават калі яна, напрыклад, пры дзіцяці мусіць па тэлефоне шукаць, куды менавіта яе муж трапіў у палон. І не плакаць, каб не напужаць, калі дзіця пытаецца:

– Мама, а дзе тата?

Хто распытвае жанчын у дэкрэце? Гэта ж банальна.

Але варта было нам з Аксанай памяняцца:

– Алё, вы б не маглі прыйсці на эфір? Усё ж бацька з двума ў дэкрэце – у нашых краях экзотыка.

Я ўжо нават прыдумаў стандартны адказ:

– Гэта больш кажа пра нашыя краі, чым пра мяне.

– Дык як вам, цяжка адному з двума?

Калі шчыра: калі б давялося карміць грудзямі – не даў бы рады. Зламаўся б.


«Менавіта таму мы з Аксанай памяняліся аж праз дзевяць месяцаў пасля нараджэння малодшага. Ён тады еў малако толькі нанач. А калі перайшоў на пюрэ – якая дзіцяці розніца, мама гэта ці тата?»



Розніца ёсць толькі для таты і мамы. Калі ў дэкрэт пайшоў я, мужчына, мы згубілі фінансава. Супадзенне? Не думаю.

Так, мужчыну з двума бывае цяжка. Напрыклад: ліфт зноў захраснуў, а трэба ісці на дзявяты паверх пешкі. Малодшы на руцэ, старэйшы за руку:

– Тата, я стаміўся! Хачу таксама на ручкі!

Ці наш прыўкрасны грамадскі транспарт. У суботу ці ў нядзелю, калі ў Аксаны тэрміновая праца, ідзеш у гульнявы «пакой з цягнікамі». Туды можна здаць на дзве гадзіны старэйшага, каб застацца з адным. Але наш вялікі дзіцячы вазок у маршрутку тыпу «Багдан» не ўлазіць. Аўтобусы ў нядзелю – раз на сорак хвілінаў. І пасля некалькіх эксперыментаў ідзеш без вазка. Малодшы – на руцэ, старэйшы – за руку. Праўда, ёсць плюс, нязвычны для мужчын: табе саступаюць месца!

Ці наша хамства. Кума ў абласным цэнтры не змагла запісаць старэйшую дачку ў садок у сваім раёне, даводзіцца вазіць праз увесь горад. Едзе з маленькім вазочкам у гадзіну пік на аўтобусе, а паўтарамесячны малодшы сын у пераносцы. Просіць на прыпынку даць ёй выйсці, а нейкая цётка:

– Вось лезе ж у аўтобус з дзецьмі!

Ці нашая тонка прадуманая інфраструктура. Глядзіш у жарало падземенага пераходу. Ура, ёсць рампа! Спускаешся. Упс! За паваротам – яшчэ адны сходы, але пандуса няма. Гэта была пастка! Рыпіш зубамі, напружваешся і падымаеш вазок з дзіцём.

Цікава, у якой з апісаных сітуацый жанчыне лягчэй?

Проста хто ж яе пытае.

Жанчына, мабыць, недзе абярэ іншую стратэгію. Замест таго, каб патнець і мацюкацца пад нос, несучы вазок па сходах, яна пачакае мінакоў і папросіць дапамогі. Замест таго, каб ехаць у «пакой з цягнічкамі», застанецца на двары.

Ды Украіна папросту створаная для татаў у дэкрэце! Той, хто не перасоўваўся з дзіцячым вазком у нашых умовах, наўрад ці ўяўляе, колькі даводзіцца яго перацягваць і пераносіць. Вялікія гарады яшчэ больш-менш прыстасаваныя – а вось у райцэнтрах сябры распавядаюць, як, ледзь не выкручваючы кола васьмёркаю, манэўруюць вазочкамі з дзецьмі паміж машынаў па праезджай частцы, бо тратуар прысутнічае толькі пункцірна, а на ўзбочынах, паміж ямаў прыпаркаваныя аўтамабілі. Рэклама: дэкрэт для мужчынаў ва Украіне – цудоўная нагода падкачацца!

Акрамя таго, для мужчыны малаверагодныя прыгоды, падобныя да апісаных маімі сябрамі: аднойчы жанчына на апошнім тэрміне цяжарнасці гуляла са старэйшым паўтарагадовым сынам. А ў паўтарагадовых хлопчыкаў фізічнае развіццё моцна апярэджвае разумовае. І вось, сын вырваўся з дзіцячай пляцоўкі і весела пабег ад мамы да дарогі. На крыкі «Стой!» не рэагаваў, а цяжарная жанчына не магла дзіця дагнаць. На шчасце, у апошні момант хлопчыка злавіў мужчына-мінак.

Пакуль што мы абгаварылі толькі фізічныя цяжкасці. Яны найлягчэйшыя. А ёсць псіхалагічныя.

Некалькі разоў я на пэўны час заставаўся адзін, пакуль жонка ездзіла ў замежныя камандзіроўкі.

– Тата, дзе мама?

– Паляцела на працу на самалёціку!

У старэйшага сына пашыраюцца вочы.

Ён яшчэ доўга, калі прыходзіў з садка, а мамы не было, разважаў:

– Мама ўжо ляціць з працы да нас… на верталёціку!

А я пачынаў насвістваць музычную тэму з Mission Impossible.

Дык вось, упершыню застаўшыся адзін з двума дзецьмі на нейкі час, я зразумеў, як чалавек можа звар’яцець у дэкрэце.


«Як вядома, дзеці – кветкі жыцця. Але калі займацца выключна кветкаводствам – то з кветкаводам можа здарыцца і дэпрэсія, і псіхоз, і нават кандрашка»



Дзеці – радасць, аднак для самарэалізацыі, для адчування паўнацэннасці жыцця даросламу патрэбна й іншае. Дарослай – гэтаксама.
Ёсць у нас сяброўка. Была, можна сказаць, знакамітасцю. Працавала ў кампаніі, найлепшай у сваёй галіне. Нарадзіла старэйшае дзіця. Не выходзячы з дэкрэту, нарадзіла малодшае. У суме ўжо пяць гадоў дома. Ці болей. А цяпер пазначыла сваю прэстыжную працу як «мінулую». Псіхалагічна цяжкае рашэнне.

Але ж яна жанчына, берагіня сям’і, усё такое! Затое «сапраўдны мужчына павінен».

І дзеці – толькі частка прапісанага, хто што «павінен». Неяк падслухаў адну маму. Скардзілася іншым, што па дзве-тры гадзіны праводзіць ля пліты, бо муж штодня патрабуе новую мясную страву, аргументуючы:

– Я ж зарабляю грошы!

Мне лягчэй. Адкрыю брудную таямніцу: я дагэтуль вару толькі штосьці просценькае, тыпу сасісак з макаронкамі. Складаныя рэчы накшталт супу ці плову дагэтуль гатуе Аксана. І не патрабуе ад мяне, каб, калі яна прыходзіць з працы, была вячэра з першым, другім і кампотам. Мне прасцей, я восем гадоў таму прыняў правільнае рашэнне: ажаніўся з жанчынай. Выгадна.

І наагул, мужчынам у побыце лягчэй. Напрыклад, мы з маімі трохгадовым і аднагадовым бруднымі потнымі мужыкамі можам тыднямі, а пры скрайняй патрэбе і месяцамі не прыбіраць. А раптам мама не вытрымае бруду і са злосці прапыласосіць.


«Так што не трэба думаць, што ўсё ідылічна, калі тата пайшоў у дэкрэт»



Нядаўна вось пасварыліся. Аксана ўсё ж прапыласосіла. А праз пару дзён просіць мяне:

– Ну прыбяры хоць у туалеце і ванным пакоі. Калі ты з дзецьмі, гэта не значыць, што можна нічога не рабіць.

Прыбіраць санвузел з анднагадовым памочнікам – заданне найвышэйшага лэвелу. То, быццам малпяня, малодшы сын спрабуе ўскараскацца на цябе па нагах – а замест гэтага сцягвае штаны да каленяў. То, скарыстаўшыся нагодай, кідае ў адкрыты ўнітаз мячык. Паглядзець, як ён там булькне.

Аднак насамрэч прыбіранне заняло хвілінаў пятнаццаць. Тут рэч не ў часе, а ў ляноце. І ў розных «панятках». Жонка апелюе, нагадваючы пра маю маці, якая вырасціла аж чатырох дзяцей:

– Уяўляеш, калі б твая мама не прыбірала, бо трэба было глядзець за дзецьмі? Што ў хаце рабілася б?

Дарэчы, пра маю маму – ды і пра Аксаніну. У першы год пасля нараджэння нашага малодшага сына мы з двума дзецьмі без бабуляў бы не справіліся. Наогул, у нашым грамадстве «інстытут бабулі» настолькі важны, што хоць адчыняй дзяржаўны Інстытут Бабулі. З вялікіх літараў. А можна капслокам. Вядома, у Інстытуце Бабулі трэба адчыніць і Упраўленне Дзядулі – але няхай кожны сам ацэньвае адносную значнасць гэтага Упраўлення.

Дык вось, вяртаючыся ў санвузел. Каб прымусіць сябе прыбраць, я спрабую думаць пра маму, а замест гэтага ўспамінаю ПХД [парко-хозяйственный день] і прапаршчыка Вялічку, які правяраў казармы ў акадэміі СБУ. Цёмная старонка маёй біяграфіі.

Вось прапаршчык Вялічка праводзіць белай сурвэткай паміж трубамі пад ракавінай. На сурвэтцы, ясная рэч, застаецца пылюка. Прапаршчык Вялічка вылупляе вочы і фальцэтам, нібыта яму толькі што адрэзалі яйцы, верашчыць:

– Курсант! Без увольнения! Три часа ПХД!

Адным словам, тут свае, мужчынскія траўмы.

Але я кінуў дзяцей без увагі, цяпер пакуль сканчаю. Бо ў той час як тата, адвёўшы старэйшага сына ў садок, зачыніўся і піша пра свой экзатычны гераізм, з малодшым сядзіць – хто б вы думалі?!

Аксана паралельна, чую, спрабуе вырашаць па тэлефоне рабочыя пытанні.

Усё, усё, працягну пісаць наступным разам, бо зараз малеча ўцекла ад мамы і ўжо пад маімі дзвярыма:

– Цяп-цяп-цяп!

Пераклала з украінскай – Юля Цімафеева.
18+
Меркаванні ў артыкулах належаць аўтар_цы і неабавязкова адлюстроўваюць пазіцыю рэдакцыі. Публікацыя імя, фатаграфіі або іншай выявы якіх-небудзь асоб у межах гэтага сайта ніякім чынам не ўказвае на іх сэксуальную арыентацыю ці сэксуальныя перавагі. Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта абавязкова актыўная спасылка.