Лабараторыя фемінісцкага (і) квір-кіно MAKEOUT

15:38, 19 кастрычніка 2016
Лабараторыя фемінісцкага (і) квір-кіно MAKEOUT
© Eva Falter

Мы радыя абвесціць пачатак працы Лабараторыі фемінісцкага (і) квір-кіно MAKEOUT. Цягам бліжэйшых месяцаў мы будзем на практыцы і ў тэорыі разглядаць пытанні ўзаемасувязі паміж фемінізмам, ЛГБТ і квір-рухамі з кінематографам, спосабамі апавядання гісторый, працай камеры, гукам і мантажом.

Мы верым, што фемінісцкі (і) квір-кінематограф валодаюць інструментаром для пера-ўяўлення сацыяльнага парадку, для пастаноўкі пад пытанне сацыяльных і культурніцкіх норм, уладных дачыненняў, размеркавання рэсурсаў і ўсталявання іерархій паміж людзьмі, у супольнасцях і ў грамадствах.

Мы паспрабуем высветліць, што робіць пэўны фільм альбо медыя практыку «квір» і/альбо «фемінісцкай», і якую ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць вытворчасць, дыстрыбуцыя і дэманстраванне. Якім чынам квір і фемінісцкае кіно могуць адначасова ўдзельнічаць і супрацьстаяць дамінантным прадстаўленням пра сэксуальнасць, расу, гендар, клас, фізічныя і псіхічныя здольнасці, фарматы стасункаў і супольнасцей. І чаму квір-кіно мусіць быць фемінісцкім.


Кіно для нас — даследаванне жыцця, магчымасць бачыць, адчуваць і думаць, наблізіцца да вопыту другога чалавека і зрабіць свой уласны вопыт дасяжным для іншых.

Кінафільмы распавядаюць гісторыі. І мы хочам быць здольнымі распавесці свае гісторыі самастойна. Бо адкрыта казаць пра сябе, сваё асяроддзе, сваю супольнасць – найбольш падрыўная практыка. Кіно для нас — гэта сацыяльнае дзеянне.

Немагчыма ўявіць новую сацыяльную практыку ці то змяніць усталяваную без стварэння адпаведных візуальных вобразаў. Менавіта таму мы хочам звярнуцца да разгляду не толькі тэорыі фемнісцкага (і) квір-кіно, але і разам паспрабаваць выкарыстаць тэхнічныя інструменты кіно і відэа, каб распавесці гісторыі, якія падаюцца нам важнымі.

Сустрэчы Лабараторыі будуць адбывацца ў Мінску два разы на месяц у фармаце інтэнсіўных воркшопаў. Паміж воркшопамі плануецца «праца ў полі» — здымкі, эксперыменты з тэхнічнымі сродкамі, праца з задданнямі, якія з’явіліся падчас воркшопаў. Напрыканцы гэтага працоўнага перыяду плануецца публічная прэзентацыя візуальных доследаў удзельніц і ўдзельнікаў Лабараторыі.

Будзе інтэнсіўна, натхняльна, інфарматыўна. Патрэбныя жаданне, час, упартасць.

Мы вельмі спадзяемся, што ў нас атрымаецца сфармаваць групу адзінадумак і адзінадумцаў, зацікаўленых у кіна/відэа-эксперыментах, фемінісцкім (і) квір-кіно, якія здолеюць прымаць удзел ува ўсіх сустрэчах Лабараторыі і па-за ёй будуць працягваць шукаць, даследаваць, ствараць.

Для спрашчэння ўдзелу ў сустрэчах Лабараторыі людзей, якія не жывуць у Менску, мы прадугледзелі магчымасць кампенсацыі выдаткаў на праезд па Беларусі і пражыванне ў Мінску падчас двухдзённых воркшопаў. Гэтаксама мы плануем онлайн сустрэчы і кансультаванне падчас працы «ў полі».

Далучыцца да працы Лабараторыі можна да 04.11, калі запоўніць
кароткую апытанку
.

Колькасць месцаў, на жаль, абмежаваная.
Паведамленне аб запісе ў працоўную групу прыйдзе не пазней за 07.11.


Па ўсіх пытаннях, калі ласка, пішыце на [email protected]




Расклад і тэмы воркшопаў (магчымыя змены):


1-ы двухдзённы воркшоп:

12 лістапада — Прэзентацыя праекту - Уводзіны: Фемінісцкі, квір і ЛГБТ фільммэйкінг і актывізм (4 гадзіны з перапынкам на ланч)
13 лістапада — Камера як інструмент / Здымкі з DSLR камерай у розных умовах (4 гадзіны з перапынкам на ланч) — з практыкай ва аўдыторыі

14-24 лістапада — Эксперымент 1: «Праца ў полі»

2-гі двухдзённы воркшоп:

26 лістапада — Фемінісцкае/ЛГБТ/квір апавяданне (storytelling): Адвакацыя, бачнасць, актывізм (4 гадзіны з перапынкам на ланч)
27 лістапада — Мантаж як інструмент вытворчасці значэнняў / інструменты Final Cut Pro. Пад-тэма – Гук як творчы інструмент, пытанні копірайту (4 гадзіны з перапынкам на ланч)

28 лістапада – 9 снежня — Эксперымент 2: «Праца ў полі»

7 снежня — сустрэча для прагляду і абмеркавання матэрыялаў з «поля” (онлайн кансультацыі для ўдзельніц і ўдзельнікаў, якія жывуць не ў Мінску)

10 снежня (4 гадзіны з перапынкам на ланч):
1-ая частка: Па-за/перад камерай: «аб’ект» і «суб’ект» здымкі.
2-ая частка: Суб’ектыўныя фільмы, асабістыя дакументальныя фільмы і аўтабіяграфіі як палітычная практыка і форма актывізму.

12-21 снежня — Эксперымент 3: «Праца ў полі»

22 снежня – 20 студзеня — онлайн кансультаванне, праца над творчымі праектамі

22 студзеня — сустрэча для прагляду і абмеркавання адзнятых матэрыялаў. Абмеркаванне тэхнік і стратэгій ЛГБТ, фемінісцкага (і) квір-кіно.

3-ці двухдзённы воркшоп:

4 лютага: Фемінісцкія, ЛГБТ, квір кінафэсты і іх аўдыторыі. Абмеркаванне праектаў удзельнікаў і удзельніц Лабараторыі
5 лютага: Распрацоўка фінальных праектаў. Стратэгіі і тэхнікі фемінісцкага (і) квір-кіно.

6-12 лютага «праца ў полі»: здымкі

13 лютага: сустрэча для прагляду і абмеркавання праектаў удзельніц і ўдзельнікаў Лабараторыі.

24 лютага: Публічная прэзентацыя відэадоследаў Лабараторыі. Дыскусія.

Распавесці сябрам:
Материал на MAKEOUT
18+
Меркаванні ў артыкулах належаць аўтар_цы і неабавязкова адлюстроўваюць пазіцыю праекта.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта абавязкова актыўная спасылка.