Падавайся ГЕНДАР 26 верасня 2017

Конкурс заявак для выступлення на варштаце «Games & Gender»

ehu.lt | Прагляды: 2 604

Лабараторыя даследванняў візуальнай культуры і сучаснага мастацтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) ў Вільні аб’яўляе конкурс дакладчыкаў для ўдзелу ў міжнародным варштаце «Games & Gender». Варштат пройдзе 3-4 лістапада ў Вільні пры падтрымцы Шведскага агенцтва па міжнародным супрацоўніцтве ў галіне развіцця (SIDA). Акрамя маладых вучоных з ЕГУ, чакаюцца выступоўцы з Польшчы, Чэхіі, Расіі.

Пытанне гендару ў відэагульнях у сучасных культурных даследваннях абмяркоўваецца асабліва горача. Асноўныя мэты варштату — пазначыць кропкі перасячэння гендарных даследванняў і даследванняў гульняў, а таксама паказаць, што вырашэнне актуальных праблемаў у гэтым полі магчыма шляхам цывілізаванай акадэмічнай дыскусіі.

Філолагі_ні, культуролагі_ні, сацыёлагі_ні і даследчы_цы медыя, а таксама ўсе, хто цікавіцца пытаннямі гендэру і даследваннямі гульняў, запрашаюцца да абмеркавання наступных тэм:

— Рэпрэзентацыя жанчын у відэагульнях: фемінісцкая крытыка;
—LGBTQ+ у гульнях: сэксуальнасць персанажаў, яе рэцэпцыя гульцамі;
—Шматаблічча варыянтаў гендару ў выдуманых сусветах відэагульняў;
—Гендарныя аспекты адрозненняў паміж гульнямі і гульцамі разнастайных краін і культур;
— Гульнявыя субкультуры, гендар і сацыяльны капітал;

ды інш.

У першы дзень на варштаце выступяць маладыя даследчы_цы з Усходняй Еўропы, якія спецыялізуюцца на гендарных аспектах, а таксама студэнт_кі і маладыя навукоўцы, якія прайшлі конкурсны адбор. На другі дзень пройдзе круглы стол па найбольш актуальных праблемах гульняў і гендара, пра якія гаварылася на варштаце.

На варштат запрашаюцца ўсі, каго цікавяць гульні і/або гендар у кантэксце сучасных медыя. У даследнікаў гульняў ёсць магчымасць выступіць на варштаце ў ролі дакладчыка. Для гэтага трэба падрыхтаваць даклад працягласцю каля 25 хвілінаў ды скласці яго кароткую анатацыю 250-300 словаў. Заяўкі прымаюцца ад студэнтаў любых праграмаў, а таксама ад выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, чыя прафесійная дзейнасць звязаная з відэагульнямі.

Важна! Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 8 кастрычніка. Каб прыняць удзел, запоўніце форму рэгістрацыі. Па любых пытаннях, звязаных з правядзеннем семінара, звяртайцеся па эл. пошце games.and.scholars @ gmail.com

Варштат праводзіцца на англійскай мове. Заяўкі на іншых мовах не разглядаюцца, аднак дапускаецца пераклад напісаных раней дакладаў на англійскую мову. Ад удзельні_цчакаецца валоданне мовай на ўзроўні Upper Intermediate і вышэй.

Галоўнымі крытэрамі адбору з’яўляюцца навуковая навізна, праца з актуальнымі публікацыямі па даследваннях гульняў і/або гендарным даследванням, а таксама наяўнасць арыгінальнага эмпірычнага матэрыялу. Заяўкі ацэньвае камітэт, які складаецца з выкладчыкаў ЕГУ і практыкаў індустрыі гульняў.

Паводле вынікаў конкурса будуць адабраны трое пераможцаў. Ім пакрыюць транспартныя выдаткі для падарожжа ў Вільню, а таксама дапамогуць з пражываннем. Маладыя даследчы_цы, чые даклады не ўвойдуць у тройку лепшых, аднак пакажуць высокі патэнцыял, таксама атрымаюць запрашэнні, калі ў іх будзе магчымасць самастойна прыехаць у Вільню. Усе дакладчы_цы змогуць прадставіць свае навуковыя працы калегам з іншых краінаў, выслухаць каштоўныя парады па паляпшэнні дакладаў, пазнаёміцца са шматлікімі магчымасцямі для даследчы_ц гульняў ува Усходняй Еўропе, і не толькі.

Усе дакладчы_цы атрымаюць сертыфікаты, каб засведчыць іх удзел у варштаце.