лесбійства ЛГБТК 16 снежня 2019

Беларускі запусцілі падкаст «Лесбы на балоце»

Прагляды: 6 381

Сёння выйшаў першы эпізод падкаста пра жыццё лесбіянак у Беларусі «Лесбы на балоце». Вядучыя падкаста — удзельніцы антыдыскрымінацыйнага праекта з Беларусі MAKEOUT Віка Біран і Даша Рамановіч.

Кароткае апісанне падкаста выглядае так: «Дзе знайсці мяккі авакада? Як скончыць адносіны і не далбануцца? Як пайсці на псіхатэрапію і не збяднець? Быць лесбіянкай у Беларусі няпроста, але мы, Даша Рамановіч і Віка Біран, спраўляемся. Няважна, лесбіянка ты, бісексуалка ці проста праходзіла міма. Ты патрапіла на гэтую старонку, і гэта нездарма».

Першы сезон «Лесбы на балоце» будзе складацца з 12 эпізодаў. Рэгулярнасць іх выхаду адсутнічае — наступны эпізод можа выйсці праз тыдзень, праз месяц ці ўвогуле праз дзве гадзіны.

Сачыць за з'яўленнем новых эпізодаў падкаста можна на платформах Apple Podcasts, Spotify, Google Play Music, TuneIn, Yandex Music, а таксама ў тэлеграм-канале MAKEOUT. Таксама можна праслухаць ніжэй:



Гасцямі падкаста будуць лесбіянкі і бісэксуалкі з Беларусі. Мова камунікацыі - расейская, месцамі таксама беларуская і ангельская.

— Калі кажуць аб праблемах ЛГБТ, гэта звычайна праблемы мужчын-геяў. Нам было важна вылучыць тэму лесбійства, казаць толькі пра адну літару з усёй супольнасці. А яшчэ мы хочам рабіць гэта весела, таму што вакол і так срака, і без гумару з гэтай сракі не даць рады, — паведамляюць арганізатаркі.

Балотныя лесбы дзякуюць рапухам з Plato Sound, якія дапамаглі справіцца з мікрафонамі і навучылі працаваць з аўдыёдарожкай. Вялікі ква!

Віка Біран — нарадзілася ў Пінску (Беларусь). Займаецца праектным мэнэджментам, акцёрствам у тэатральных праектах і гумарыстычным серыяле Tema Vidos, піша тэксты. Любіць танна падарожнічаць, чытаць ў ложку, гарачыя танцы, здаровую ежу, вучыць мовы і сёе-тое яшчэ, пра што тут лепш не пісаць. Знаходзіцца ў паспяховых стасунках з сабой. Пад настрой піша ў свой тэлеграм-канал.

Даша Рамановіч — нарадзілася ў Магілёве (Беларусь). Часам дызайнерка, часам ілюстратарка, часам перакладчыца, часам SMM-шчыца. Любіць слухаць сумную музыку, гуляць у ролевыя гульні (але не тыя, пра якія вы падумалі), чытаць любоўныя раманы і праводзіць час з сяброўкамі. Ведае ўсё пра мемы і таемна пачытвае навіны пра жыццё зорак. Посціць прыгожанькае ў інсту.

MAKEOUT — гэта беларускі фемінісцкі антыдыскрымінацыйнага праект пра гендар і сэксуальнасць, накіраваны на павелічэнне бачнасці і ўсвядомленасці, а таксама на ўзмацненне ЛГБТК * і іншых уразлівых групаў, якія сутыкаюцца з дыскрымінацыяй па прыкмеце сэксуальнай і гендарнай ідэнтычнасці.

Пытанні і зваротная сувязь праз [email protected]
Аб праекце Звязацца з камандай English
Лого MAKEOUT
Сайт належыць Сацыяльна-інфармацыйнай ўстанове па падтрымцы праектаў ў сферы гендэрнай роўнасці "АУТЛАУД", якая зарэгістравана 20 сакавіка 2018 г. Мінгарвыканкамам. Статут можна спампаваць тут.