6 прычын, чаму не трэба казаць жанчынам, што іх сіла ў сэксуальнасці

Suzannah Weiss, Everydayfeminism.com | Перевод — Дзіяна | Прагляды: 4 039

© Ana Straže
Аднойчы ўвечары мой хлопец, дзве яго сяброўкі і я без мэты каталіся па горадзе і заскочылі ў МакДональдс. Мой хлопец замовіў клубнічны малочны кактэйль, але так і не дапіў. Сказаў, што забярэ яго з сабой і вып'е заўтра.

— Гэта гідка, — сказала адна з яго сябровак. Мы ўсе кіўнулі.
— Я так заўсёды раблю, — паціснуў ён плячыма.
— Хаця б пастаў яго ў лядоўню, — параіла другая.
— Раней са мной нічога не здаралася.
— Толькі ты можаш пераканаць яго, — сказала першая і зірнула на мяне. Я адразу зразумела, пра што яна.
— Ніякага сэксу заўтра, калі ты гэта вып'еш, — выпаліла я.

Мы з ім сустракаліся. Гэта значыць, мой партнёр заўсёды патрабаваў інтымнай блізкасці, а я ці згаджалася, ці адмаўляла. І я карысталася гэтай уладай, каб кантраляваць яго.

Толькі насамрэч ўсё было зусім не так. Мне хацелася сэксу часцей, чым яму. Было саманадзейна з майго боку думаць, што ён захоча сэксу сёння. Але калі б я сабе ў гэтым прызналася, я б больш не адчувала сябе жаданай, жаноцкай і «нармальнай».

Як я так хутка зразумела, што тая дзяўчына мела на ўвазе? Чаму я адчула сябе нежаноцкай, проста пачуўшы гэтыя пяць словаў? Я атрымала адказ, зазірнуўшы ў поп-культуру.

У фільме «Цыпачка» галоўная гераіня фліртавала з барыста, каб не плаціць за каву, і была вельмі расчараваная, калі ў яе не атрымалася зрабіць тое ж самае ў целе мужчыны. Ёсць нават жаночая (я не бачыла такой мужчынскай) ніжняя бялізна з надпісам спераду «доступ забаронены», маючы на ўвазе, што жанчына можа не дапускаць да свайго цела.

Жанчыны прымаюць гэта як дасягненне фемінізму.

6 прычын, чаму не трэба казаць жанчынам, што іх сіла ў сэксуальнасці
©Ana Straže

У кліпе «Анаконда» ёсць момант, калі Дрэйк, раздражнёны танцам Нікі Мінаж, спрабуе дакрануцца да яе, але спявачка пляскае яго па руцэ. Як сцвярджае артыкул на сайце The Huffington Post, «гэта дэманструе яе сілу і прыхільнасць да фемінізму. Сэксуальнасць Мінаж чаруе яго, што надае ёй перавагу». Іншы артыкул у часопісе Bitch бачыць у жэсце Мінаж пасыл «яе цела — яе ўласнасць».

Эратычны танец — не дазвол дакранацца да кагосьці, і гэта вельмі важна ў кантэксце згоды і самастойнасці. Але для таго, каб пацвердзіць сваю сілу, жанчына не павінна адмаўляць камусьці. Самастойнасць з'яўляецца сілай сама па сабе. Дазваляе жанчына дакрануцца да сябе ці не, гэта ніякім чынам не ўплывае на яе сілу.

Мы можам зрабіць нешта большае для жанчын. Мы можам навучыць іх глядзець на сэкс як на ўзаемнае задавальненне, а не як на мужчынскую забаву, якой жанчыны могуць патураць ці выракацца.

Каб жанчыны адчувалі ўладу над сваім целам, мы павінны навучыць іх разумець свае ўласныя жаданні, а не проста здавальняць жаданні іншых. Калі вы ўсё яшчэ думаеце, што жанчыны могуць адмаўляць у сэксе, каб дамагчыся таго, чаго ім хочацца, і калі вы называеце гэта пашырэннем правоў, то вось вам некалькі прычын, каб задумацца яшчэ раз.

1. Гэта аб'ектывізуе жанчын

Тое, што жанчыны кантралююць мужчын праз іх узбуджэнне, легла ў аснову стэрыятыпу пра базавую каштоўнасць жанчын як аб'екту сэксуальнага жадання.

«Адна з найвялікшых сілаў жанчыны — гэта сіла яе сэксуальнасці», — піша аўтар і спікер Рык Джонсан на сайце Patheos.

Калі крыніцай ўлады жанчыны з'яўляецца яе знешнасць, жанчыны зводзяцца да ўзроўню аб'екту. Жанчыны засяроджваюцца на сваім знешнім выглядзе, калі разумеюць, што не таленты і індывідуальнасць, а сэксуальнасць робіць іх мацнешымі.

Словамі, што толькі ў ролі аб'ектаў жадання жанчыны маюць правы і уладу, мы падтрымліваем аб'ектывізацыю. «Рэкламадаўцы ведаюць пра сілу сэксуальнасці маладой жанчыны, таму выкарыстоўваюць выявы напаўголых дзяўчат для аптымізацыі продажу як сярод мужчын, так і сярод жанчын», — піша Джонсан.

Пры выкарыстанні іх целаў для продажу тавараў, ствараецца вобраз пасіўнага неадушаўлёнага прадмета. Такім чынам, рэклама парушае правы жанчын, што ігнаруецца ў цытаце вышэй. У дэгуманізацыі няма нічога ад пашырэння правоў.

©Ana Straže

Акрамя таго, калі мы кажам, што каштоўнасць жанчыны палягае ў яе здольнасці быць жаданай, мы абясцэньваем жанчын, якія не лічацца сэксуальна прывабнымі. «Жанчыны, як правіла, губляюць сваю сэксуальнасць з узростам», — прызнае Джонсан.

Здольнасць жанчын атрымаць тое, чаго яны хочуць, нібыта караніцца ў іх «попыце» сярод мужчын. Жанчын часта судзяць, кіруючыся прынцыпамі эйджызму, расізму, сайзізму і эйблізму. Але гэта трэба аспрэчваць, а не прызнаваць.

Калі асновай каштоўнасці жанчын з'яўляецца іх папулярнасць сярод мужчын, становяцца непатрэбнымі тыя, хто па меркаванні грамадства не з'яўляецца прывабным. У выніку незалежна ад знешнасці жанчына ўспрымаецца як аб'ект.

Мы павінны шанаваць унутраныя якасці, а не здольнасць дастаўляць сэксуальнае задавальненне.

Незалежна ад таго, прывабная жанчына ці не, трэба паважаць яе жаданні і патрэбы.

2. Гэта падтрымлівае гетэранарматыўную мадэль адносін

Мы сцвярджаем неідэальнасць негетэрасэксуальных адносін, калі за ўзор бярэм саюз, у якім сціпласць жанчыны ўраўнаважвае настойлівасць мужчыны.

Калі розніца паміж мужчынамі і жанчынамі з'яўляецца рычагом уплыву ў стасунках, што рабіць з тымі жанчынам, якія не сустракаюцца з мужчынамі?

Гетэранарматыўная норма прадугледжвае, што ў адносінах мужчыны і жанчыны граюць розныя ролі — адзін сэксуальны ініцыятар, ад іншага чакаюць рэакцыі ў адказ. Але не ўсе гетэрасэксуальныя жанчыны прымаюць гэтую норму. Многія жанчыны хочуць сэксу настолькі ж часта, як і мужчыны. Многія пары проста не прызначаюць ролі адно аднаму і не разглядаюць спальню як поле барацьбы за ўладу.

Адносіны павінны даваць магчымасць разабрацца ў сабе і ў іншых, а не заганяць у межы. Людзі павінны адчуваць сябе дастаткова бяспечна ў адносінах, каб у любы момант граць тую ролю, якая пасуе ім.

Абмежаваныя гендарнымі ролямі, мы душым рысы, якія, як мы лічым, не адпавядаюць «мужчынскім» ці «жаночым» характарыстыкам. Мы становімся менш сумленнымі з сабой і, такім чынам, з нашымі партнёрамі_камі, перашкаджаючы як любові да сябе, так і любоўным адносінам.

©Ana Straže
3. Гэта падтрымлівае гендарныя стэрэатыпы

Хоць факты сцвярджаюць адваротнае, мяркуецца, што у жанчын лібіда не такое высокае, таму на іх плечы ўскладаецца адказнасць за кантроль сэксуальнай прагі мужчын.

Як даволі груба выказаўся стэндап-комік Луіс Сі Кей , «Жанчыны ўважліва выбіраюць сэксуальнага партнёра. Яны глядзяць на кагосьці і думаюць: “Ці павінна я займацца сэксам з гэтым чалавекам?” У мяне ніколі ў жыцці не было такой думкі. Для нас няма ніякіх умоў, толькі “яна мне дазваляе!”»

Мы ствараем стэрэатыпны вобраз сэксуальна-ненажэрнага мужчыны і пераборлівай жанчыны, якая прапануе сэкс толькі як узнагароду за добрыя паводзіны. Пад уплывам гэтага міфу жанчыны адчуваюць сябе нежаноцкімі, калі хочуць сэксу дзеля яго самога ці ініцыююць яго.

У выніку жанчыны баяцца сказаць, чаго яны сапраўды хочуць у ложку, бо яны не павінны хацець шмат. Такім чынам, задавальненне мужчыны ставіцца на першае месца ў нашым грамадстве.

Калі жанчыны займаюцца сэксам з канкрэтнам мэтай, а не дзеля яго самога, гэта робіць іх задавальненне не такім важным.

Праз надзяленне жанчыны сілай «дазваляць» мужчыне з ёй спаць мы падтрымліваем гэты шкодны стэрэатып.

Жанчыны, якія хочуць сэксу нароўні з мужчынамі, не маюць такой перавагі ў адрозненні ад тых, хто прытрымліваецца прадпісанай гендарнай ролі.

Выхаваныя падобным чынам жанчыны могуць ініцыяваць сэкс радзей, чым яны хочуць. Мужчыны наадварот адчуваюць ціск ініцыяваць яго часцей, чым яны хочуць насамрэч. Зноў жа, здаровыя адносіны — гэта магчымасць быць самімі сабой, а не тымі, кім хоча бачыць нас грамадства.

©Ana Straže

4. Гэта падтрымлівае культуру згвалтавання

«Вы трымаеце сітуацыю пад кантролем. Ці можа ён размаўляць з вамі, купіць выпіць, патанцаваць, узяць ваш нумар, сустрэцца яшчэ раз і гэтак далей», — піша Стыў Гарві ў папулярнай сэлф-хэлп кнізе Act Like a Lady, Think Like a Man («Дзейнічай, як жанчына. Думай, як мужчына»).

Але гэты кантроль мае свой кошт.

Гарві таксама піша: «Мужчына заўсёды чагосьці хоча. Заўсёды. Што датычыць жанчын, мужчына імкнецца высветліць дзве рэчы: 1) ці гатовая яна спаць з ім, і 2) калі так, то колькі гэта будзе каштаваць».

Ён выкарыстоўвае слова «каштавць» невыпадкова.

Замест таго, каб спаць з тымі, хто ім падабаецца, і атрымліваць задавальненне, жанчыны павінны займацца сэксам у абмен на штосьці. Гэтая эканамічная мадэль сэксуальнасці мае небяспечныя наступствы: калі мужчына плаціць за выпіўку або праводзіць жанчыну дадому досыць часта, яна яму абавязаная.

Калі хтосьці адчувае, што ён вінен іншаму чалавеку, згода не можа быць дадзена абсалютна шчыра. Жанчыны, якія вераць, што абавязаныя мужчынам, могуць згадзіцца на сэкс да таго, як будуць гатовыя.

Гэта замацоўвае права на сэкс за мужчынамі, а таксама апраўдвае згвалтаванні. Бо пакуль мужчына плаціць, ён можа разлічваць на сэкс.

Выраз «жанчыны кантралююць мужчын праз сэкс» сцвярджае, што апошнія не могуць самі стрымліваць свае сэксуальныя патрэбы. Гэты стэрэатып паказвае сэксуальны гвалт як вынік біялагічных адрозненняў паміж мужчынскімі і жаночымі полавымі памкненнямі, а не наўмысны гвалтоўны акт, і такім чынам падтрымлівае культуру згвалтавання.

Гэта можа падавацца смешным, калі пра гэта пішуць Стыў Гарві і Луіс Сі Кей, але насамрэч гэта небяспечна.

5. Гэта заахвочвае маніпуляцыю

Але не толькі жынчыны вінныя мужчынам сэкс. Калі разглядаць сэкс як пагадненне, то і мужчыны павінны неяк адплаціць.

У нашай культуры — часцей за ўсе грашыма. Ад жанчын чакаюць сэксу за матэрыяльныя каштоўнасці, а ад мужчын у сваю чаргу — фінансавай падтрымкі ў абмен на сэкс.

Пары пераносяць свае канфлікты ў спальню, а сэкс пераўтвараецца ў валюту, калі жанчыны выкарыстоўваюць сэкс, каб змяніць паводзіны мужчыны.

Нашая спрэчка ў МакДональдсе, калі я пагражала пакінуць свайго партнёра без сэксу, — адзін з прыкладаў падобных маніпуляцыяў. Ён ведаў, што на самой справе я не гэта мела на ўвазе. Але тым не менш, гэты кактэйль не павінен быў ніякім чынам уплываць на нашыя адносіны.

Вядома, гэта абсалютна нармальна адмаўляць у сэксе, але пазбаўленне яго, каб змяніць паводзіны парнёра, можа засмучаць і выглядаць як пакаранне. Пагроза страты інтымнай блізкасці можа адчувацца як страта блізкасці ўвогуле. Гэта прымушае партнёра рабіць тое, чаго яму не хочацца, каб захаваць мір.

Праблема ўзмацняецца, калі жанчыны спрабуюць «купіць» за сэкс штосьці большае. Адданасць, напрыклад.

Няма ніякай праблемы з сэксам у межах сур'ёзных адносінаў. Але калі жанчына карыстаецца ім, каб прывязаць мужчыну да сябе, яна маніпулюе сваім парнёрам. Тады яго адданасць няшчырая.

©Ana Straže

6. Гэта стрымлівае жаночую сэксуальнасць

«У жанчыны ёсць вялікая сэксуальная сіла да першага сэксу з мужчынам», — піша Джонсан у Patheos. Іншымі словамі, калі вы займаецеся сэксам, вы губляеце ўладу.

Act Like a Lady заклікае жанчын «пратрымацца» і не спаць з мужчынам тры месяцы, каб захаваць перавагу і прывязаць яго да сябе. Кніга таксама падтрымлівае стэрэатып, што жанчыны патрабуюць ад мужчын адданасці і сур'ёзных адносінаў.

Па такой логіцы мужчыны дагаджаюць жанчынам, толькі каб атрымаць сэкс. Тады жанчыны павінны паводзіць сябе так, каб мужчыны былі ім адданымі і вернымі наўзамен.

Як гаворыцца ў папулярнай прымаўцы, «навошта купляць карову, калі вы можаце атрымаць малако бясплатна?».

Жанчынам кажуць пра ўстрыманне як пра дыету. Жанчыны чыстыя. Жанчыны стрыманыя. У жанчын няма моцных жаданняў. Жанчыны могуць не паддавацца сваім жаданням.

Кажам мы пра сэкс, ежу ці жыццёвы досвед, вобраз ідэальнай жанчыны, якая нічога не патрабуе і стрымлівае свае жаданні, вымушае яе заўседы казаць «не».

Што, калі мы не будзем заклікаць жанчын адмаўляць усяму, а дакажам ім, што сіла заключаецца ў магчымасці выказаць, чаго яны хочуць, нават калі гэта азначае сказаць «так»?

Што, калі мы навучым іх разумець, што пачуцці сур’ёзнага партнёра не будуць змяняцца ў залежнасці ад сэксуальных рашэнняў? Што іх цела — гэта не прыз мужчыне за добрыя паводзіны, а такое ж цела з душой, з якой трэба лічыцца.

Некаторыя жанчыны адчуваюць сябе мацнейшымі, калі кантралююць мужчыну праз сэкс. Але сапраўдная моц для мяне — самастойна вырашаць, што рабіць з сваім целам. Любы парнёр, варты майго часу, будзе кахаць мяне незалежна ад майго выбару. Я магу свабодна выказваць свае сэксуальныя жаданні, і гэта ніякім чынам не паўплывае на маю сілу. Вось што для мяне сапраўдная моц.