20 студзеня 2020

ЛГБТ-дайджэст Беларусі 2019: чым запомніўся год?

1 257
Не здраджваем сабе і зноўку гатовыя падвесці ЛГБТ-вынікі года. Крапатліва занатоўваем усё на шляху да лепшага жыцця. Канешне, тут чагосьці не хапае, нават спрачацца не будзем. Калі свярбіць і дзеля справядлівасці трэба штосьці дадаць — напішы нам, калі ласка. Абяцаем наматаць на метафарычны вус.
Изображение: Пераможцы RADA AWARDS 2019 ЛГБТ-ініцыятыва "Новыя Рэгіёны"
© Пераможцы RADA AWARDS 2019 ЛГБТ-ініцыятыва "Новыя Рэгіёны"
З’явіліся адразу тры рэгіянальныя ЛГБТ-ініцыятывы!

Калі: вясна 2019
Падрабязнасці: тут пра Магілёў, тутачкі пра Гродна і тутака пра Віцебск

Да школы OUTLOUD мы тут таксама трошачкі спрычыніліся, таму пра з’яўленне ініцыятываў «Новыя рэгіёны» ў Магілеве, «Inter» у Гродна і «Closet Free» ў Віцебску ведаем не па чутках. Для ўсіх трох ініцыятываў 2019-ы год быў у рознай ступені актыўным, але цяпер можна сказаць дакладна: ЛГБТ-жыццё ў рэгіёнах ёсць і гэта сапраўдная радасць году!




Пабачыў свет паэтычны сборнік «Homo» Крысціны Бандурынай


ЛГБТ-дайджэст Беларусі 2019: чым запомніўся год?© Photo: Сяргей Ткач


Зборнік «Homo» — гэта і пра чалавечае агулам, і пра гомасэксуальнае ў прыватнасці. У сваёй кнізе Крысціна Бандурына адкрыта расказвае пра досвед ЛГБТ-чалавека.

«Калі хочаш сказаць пра нейкую з’яву, чым храновы верш? Тым, што ў нашай цнатлівай беларускай літаратуры прынятыя тры слупкі па чатыры радкі пра буслоў, жабак і валошкі? Я ніколі пра гэта не пісала і пісаць не буду» — кажа Крысціна, а мы яе падтрымліваем.




Міністр Шуневіч адпраўлены ў адстаўку

Калі: 10 чэрвеня 2019
Падрабязнасці: Радыё Свабода

У гэты дзень стужка навінаў поўнілася радасцю і адчуваннем перамогі. Ніхто яшчэ не ведаў, хто зойме яго пост, але здавалася, што горш за Шуневіча быць папросту не можа. Міністр унутраных спраў Беларусі часта з’яўляўся ў навінах і запоўмніўся дыскрымінацыйнымі выказваннямі ў дачыненні да ЛГБТ-персон і ромаў. Сам за свае выказванні ён выбачацца адмовіўся, але актыўна прымушаў выбачацца іншых. Напрыклад, хлопчыка, які даў аплявуху жалезнаму помніку гарадавому.




Першы ў Беларусі судовы працэс у сувязі з гамафобнымі публікацыямі

Калі: 8 ліпеня 2019 і 18 снежня 2019
Падрабязнасці: Суд закрыл дело против газеты «Вечерний Могилев»

Гамафобныя публікацыі не раз з’яўляліся ў «Вячэрнім Магілёве». Маладзечанскі ЛГБТ-актывіст Валянцін Цішко папрасіў Міністэрства інфармацыі праверыць публікацыі на наяўнасць экстрэмізму. У выніку у 2 з 14 дасланых артыкулаў чыноўнікі ўсё ж знайшлі «прыкметы праяўлення экстрэмізму». Першы суд каманда «Вячэрняга Магілёва» суправадзіла таксама адкрытым лістом да прэзідэнта, зборам грошай на выплату штрафа, зборам подпісаў у падтрымку газеты… На другім судзе дзяржаўныя экперты «адступіліся», прыкметаў экстрэмізма пасля паўторнай экспертызы ўжо не знайшлі і судовы працэс закрыўся. Як хуткае змяняецца ўсё ў гэтым свеце!




Збіццё Мікалая Купрыча і плакаты супраць гамафобіі на Кастрычніцкай

Калі: з 24 на 25 жніўня 2019, 30 жніўня
Падрабязнасці: тут і тут

© Photo: Ганна Сцяколенка

Мікалай адпачываў на Кастрычніцкай разам з сваімі ЛГБТ-сябрамі. Да іх дакалупаўся незнаёмец. Мікалай узгадвае: «Ён падыходзіць і пытае: “Ты таксама п...р?” — Я кажу: “Якая табе розьніца, п...р я ці не?” — “Не, ты скажы канкрэтна: п...р ты ці не?” Я кажу: “Я ж не падыходжу да цябе і не пытаю, натурал ты ці не? Гамафоб ты, не гамафоб? Мяне гэта не цікавіць”. Пасьля ён яшчэ раз перапытвае: “Скажы канкрэтна!” Я кажу: “Ну добра, няхай я буду п....м, ОК, і што далей?”»

У адрозненні ад трагічнай гісторыі з Мішам Пішчэўскім, у гэтым выпадку хлопец не быў геем, але быў збіты менавіта з-за гамафобнай нянавісці. Троху пазней ЛГБТ-актывіст_кі заклеілі ўвесь плот на Кастрычніцкай плакатамі супраць гамафобіі, але пратрымаліся плакаты нядоўга.




Паўла Севярынца выключылі з ПЭН-цэнтра за гамафобію


Калі не галоўны, дык адзін з галоўных фэйсбук-серыялаў сезона. Калі б я пісала да яго анонс, дык ён выглядаў бы прыкладна так:

«Стары свет і новы свет, свабода выказвання і гамафобія, замоўчванне і публічнае выражэнне — усё сыйшлося ў баталіі. Ці сапраўды праблема была ў нясплочаных унёсках? Каго праваабарона бароніць лепш — палітычных дысідэнтаў ці гамафобаў? А калі ўсё гэта — ў адным флаконе? Ці зможа сітуацыю разруліць нобелеўская лаўрэатка і з нядаўняга часу кіраўнічка ПЭНу? Сачыце за пастамі і беражыце свае нервы. Усё нечаканае яшчэ наперадзе!»




Праваабарончая ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» адзначыла сваё 10-годдзе

Калі: 12 снежня 2019
Падрабязнасці: J4T 1О год


Шык, бляск і прыгажосць — гэта ж трэба столькі пратрымацца! «Журналісты за талерантнасць» — агуркі, так трымаць! Калі нехта забыўся, дык нагадваем, што дзейнасць ЖзТ ўключае ў сябе Школы талерантнасці для журналіста_к і рэдактара_к, публікацыю парадаў па карэктным асвятленні ўразлівых групаў у масмедыя, даследчыцкую дзейнасць і заахвочванне талерантнай і сацыяльна адказнай журналістыкі праз штогадовыя конкурсы для журналістаў і СМІ. Доўгіх гадоў жыцця ініцыятыве і талерантнасці беларускай журналістыцы!




Першы эпізод падкаста «Лесбы на балоце»

Калі: 16 снежня 2019
Падрабязнасці: Беларускі запусцілі падкаст «Лесбы на балоце»


А-е, удзельніцы нашай каманды бамбанулі! Кароткае апісанне падкаста выглядае так: «Дзе знайсці мяккі авакада? Як скончыць адносіны і не далбануцца? Як пайсці на псіхатэрапію і не збяднець? Быць лесбіянкай у Беларусі няпроста, але мы, Даша Рамановіч і Віка Біран, спраўляемся. Няважна, лесбіянка ты, бісексуалка ці проста праходзіла міма. Ты патрапіла на гэтую старонку, і гэта нездарма».

Першы сезон «Лесбы на балоце» будзе складацца з 12 эпізодаў, на сёння выйшлі ўжо 2. Рэгулярнасць іх выхаду адсутнічае — наступны эпізод можа выйсці праз тыдзень, праз месяц ці ўвогуле праз дзве гадзіны.




Папярэднія дайджэсты за, ой мамачкі, 2018, 2017, 2016, 2015 і 2014 можна знайсці па спасылках.