Як мірна гаварыць пра разнастайнасць ды інклюзію на працы

Guest Writer, Feminisminindia.com | Перевод — Ганна Камар | Прагляды: 727

© Tom Leighton
Размову можна лічыць прадуктыўнай, калі падчас яе закранаецца нейкая складаная неадназначная тэма, але гэта робіцца тактоўна і таму не выклікае залішняга негатыву.

Якім жа чынам весці дыялог пра разнастайнасць ды інклюзію ў прафесійнай сферы без канфрантацыі? Зразумела, што навучыцца гэтаму за дзень немагчыма, але рухацца ў гэтым кірунку дапамогуць наступныя тры парады.

Прыміце той факт, што пакуль ні ў каго няма ўсіх правільных адказаў (і згаджацца з гэтым нармальна)

Шматлікія прыклады іншых краінаў паказваюць, што падтрымка разнастайнасці ды інклюзіі станоўча ўплывае на бізнес-культуру і дабрабыт кампаній. Аднак, каб паспяхова праводзіць такую палітыку, яшчэ многаму трэба вучыцца, бо пошук найлепшых рашэнняў праходзіць праз шматлікія спробы і памылкі.

Нават буйныя гульцы кшталту Google ці Apple яшчэ спрабуюць знайсці ўдалы падыход. Варта памятаць, што ў глабальным кантэксце карпаратыўная разнастайнасць ды інклюзія сутыкаюцца з рознымі культурнымі нормамі, законамі ды судовымі працэсамі, дэмаграфічнымі паказчыкамі ды нават тэхналогіямі.

Як мірна гаварыць пра разнастайнасць ды інклюзію на працы
© Tom Leighton

Паколькі намаганні, накіраваныя на большую разнастайнасць ды інклюзію на працоўным месцы, мусяць падпарадкоўвацца заканадаўству, гэта абмяжоўвае станоўчыя зрухі ў карпаратыўнай культуры.

Насамрэч разнастайнасць ды інклюзіўнасць карпаратыўнай культуры — гэта на адну траціну навука і на дзве траціны – мастацтва. Многім кампаніям спачатку трэба адмовіцца ад старых звычак, каб прыняць новыя правілы. Трэба быць гатовымі да таго, што паспяховы шлях не будзе гладкім і простым. Найлепшае, што могуць зрабіць кампаніі, — адкрыта заявіць пра змены ды ўводзіць меры згодна з дадзенымі рэаліямі.

Не стаўце мэтай перамагчы ў спрэчцы

Калі вы пачынаеце размову дзеля таго, каб даказаць сваю рацыю, лічыце, што ўжо страцілі. Такі падыход пазбаўляе магчымасці дасягнуць кансэнсусу і паразумення.

Напрыклад, нядаўна на адным мерапрыемстве мой калега выказаўся, што сённяшнія працэдуры датычна сэксуальных дамаганняў «ставяць мужчын у сітуацыю, дзе яны могуць лёгка быць абвінавачаныя ў тым, чаго не рабілі».

Інстынктыўна я, вядома, хацела загаварыць пра паўсюдныя прыклады дамаганняў у бок жанчын на працоўным месцы, аднак паспрабавала зразумець, чаму ён так сказаў. Можа быць, кагосьці з яго знаёмых несправядліва абвінавацілі. Ці ён меў на ўвазе пагрозу прадстаць перад судом грамадскасці. І самае важнае, хацеў ён весці гутарку пра сэксуальныя дамаганні ў прафесійнай сферы ці спрабаваў яе дыскрэдытаваць?

© Tom Leighton

Дзякуючы гэтаму падыходу ў нас атрымалася сапраўдная гутарка (не спрэчка) і мы зразумелі, што сыходзімся ў поглядах на гэтую тэму, то бок лічым, што прадухіленне сэксуальных дамаганняў у прафесійнай сферы — прыярытэтная задача. Мы проста падышлі да гэтага з розных бакоў. Паколькі я задавала пытанні, на якія можна было даць разгорнуты адказ, а не кінулася спрачацца, было значна прасцей перавесці патэнцыйную канфрантацыю ў дыялог.

Каб нешта палепшылася, патрэбная практыка

Я пастаянна чую, што з жанчынамі складана дамовіцца, і ў мяне не заўжды атрымліваецца адказаць на гэта так, каб не склалася ўражанне, што я апраўдваюся. Пры ўсім, гэта сапраўды складаная тэма, бо завязаная на гендарных стэрэатыпах і рознага кшталту бар’ерах, напрыклад, культурных ці сацыяльных. Аднак я заўважыла, што чым больш размаўляю на гэтую тэму ў нефармальных сітуацыях, тым менш мне хочацца апраўдвацца, гаворачы пра гэта ў прафесійных колах.

© Tom Leighton

Каб развіць навык, трэба «наўмысна практыкавацца». Гэта распаўсюджваецца і на тэму разнастайнасці ды інклюзіі. Практыкуйцеся на сябрах і сям’і за кавай ці падчас вячэры. Гэта цудоўная трэніроўка, якая дапаможа навучыцца выбудоўваць і фасілітаваць канструктыўны дыялог ў прафесійнай сферы, дзе стаўкі вышэйшыя, а талерантнасць — ніжэйшая.

Памятайце: вялізная частка працы, накіраванай на падтрымку разнастайнасці ды інклюзіі, пабудаваная на дыялогу і кансэнсусе. І хаця ў нас наперадзе доўгі шлях, навучыцца дыскутаваць канструктыўна — выдатны пачатак.
Далучайся да нашай рассылкі
Раз на месяц выходзім на сувязь, каб паведаміць, як маемся.