20 чэрвеня 2020

Я веганю ў падтрымку сваіх фемінісцкіх каштоўнасцей

Elizabeth Enochs, Theestablishment.co | Перевод — Ганна Комар | Прагляды: 2 076

© Patrick Garbit
Папярэджанне: у тэксце ўзгадваецца сэксуальны гвалт, а таксама прыстунічае апісанне пакутаў жывёл.

Ніколі б не падумала, што магу стаць веганкай, але выявілася, што гэта ледзь не самае лепшае, што я зрабіла ў падтрымку фемінізму.

Некалькі год таму сяброўка сказала, што мне «час жыць па гэтых сваіх фемінісцкіх прынцыпах», пра якія я пішу. Мы пілі марціні з гарэлкай у Чыкага і збіраліся добра патусіць, калі яна пачала літаральна маліць мяне кінуць хлопца, з якім мы на той момант былі разам. Яна нават не ведала, што яму падабалася рабіць мне балюча падчас сэксу, ці што, збіраючыся па сваіх справах, я не магла і зубы пачысціць, не выклікаўшы падазрэнняў пра нявернасць. Яна толькі ведала, што я не была шчаслівая ў стасунках з ім, і ён ёй не падабаўся. Праз некалькі месяцаў, калі я сабрала трошкі грошай і дамовілася з сябрамі, што пажыву ў іх, я ад яго сышла.

На жаль, для майго былога, у стасунках з якім я цярпела фізічны і псіхалагічны гвалт, я заўжды шчыра выказвалася за правы дзяўчат і жанчын. Нават калі я не магла пастаяць за сябе, то абараняла іншых жанчын і небінарных людзей у сваіх тэкстах, у сацыяльных сетках і размовах з сябрамі і сваякамі. Аднак пасля таго, як сышла ад свайго былога, я дакладна «жыву па гэтых сваіх фемінісцкіх прынцыпах». Я звольнілася з працы і стала прафесійнай аўтаркай — пішу на тэмы сэксуальнага гвалту, пішу пра тое, як феміністкі з краін Захаду могуць падтрымліваць феміністак з іншых краін без фетышызацыі. Я ўдзельнічала ў маршы за планаванне сям’і. Я двойчы праехала праз усю краіну – сама. Я была з сястрой, калі яна нараджала першую дачку, і я пераехала ў Лос-Анджэлес з 400 далярамі ў кішэні. Я нават накрычала на чувака, які чапляўся да мяне на вуліцы на мінулым тыдні!

Я веганю ў падтрымку сваіх фемінісцкіх каштоўнасцей
©Patrick Garbit

Але з усяго, што я рабіла, кіруючыся «гэтымі сваімі фемінісцкімі прынцыпамі», веганства заслугоўвае этычную пірожку. У кола маёй спагады цяпер уключана сельскагаспадарчая жывёла — і гэта як нішто іншае дапамагло мне выставіць здаровыя межы і крытыкаваць усю гэту сэксісцкую фігню.

Дык вось, я ведаю: такую заяву ад белай жанчыны, асабліва ў трампаўскай Амерыцы, могуць успрыняць у штыкі. Так склалася, што адпачатку фемінізм белых жанчын быў далёкі ад інтэрсекцыянальнасці. Праўда і тое, што, хаця я пачала веганiць ў аддаленым раёне штата Мізуры, — цяпер я жыву ў Каліфорніі, i тут веганскія прадукты для мяне шырокадаступныя. Аднак я лічу, што заява пра феміністычнасць веганства — вартая увагі, і яна падтрымівае словы жанчын колеру, якія выказваліся на гэтую тэму яшчэ дзесяцігоддзі таму. Шчыра кажучы, менавіта такія феміністкі, як Анджэла Дэвідс і Одры Лорд, у 2016-м натхнілі мяне на тое, каб адмовіцца ад мяса.

Пісьменніца афраамерыканскага паходжання, паэтка, прыхільніца сацыяльнай тэорыі вуманізму і веганка Одры Лорд, напэўна, лепш за ўсіх ведала, што інтэрсекцыянальны фемінізм шырэйшы за правы жанчын як часткі ўсеагульных правоў чалавека. Яна лічыла, што «не існуе барацьбы з адной праблемай, бо ў нашым жыцці не адна праблема.

©Patrick Garbit

І хаця ікона барацьбы з прыгнётам Анджэла Дэвіс не кожны раз выказваецца пра сваё веганства, але цяпер усё часцей. Так, некалькі гадоў таму, на 27-й штогадовай канферэнцыі ў падтрымку жанчын колеру, Дэвіс заявіла: «Мне падаецца, настаў час нам загаварыць пра гэта, бо гэта частка рэвалюцыйна новага погляду: якім чынам мы можам развіваць больш гуманныя стасункі не толькі з людзьмі, але і выпрацаваць больш эмпатыі ў дачыненні з іншымі істотамі, што жывуць разам з намі на планеце».

Спачатку я думала, што быць вегетарыянкай — дастаткова, але пасля даведалася, як на фермах жорстка абыходзяцца з жывёламі, каб мы маглі есці сваю сырную піцу і амлет, і тады адмовілася ад малочкі і яек. Я добра ведала, як гэта — калі твой партнёр ціха гвалціць цябе ў ложку, як гэта — калі цябе прымушаюць, трымаюць сілай і душаць, але ніколі не б’юць у адкрытую, не пінаюць і не рэжуць, таму я больш не магла быць часткай гэтай сістэмы, дзе спажыўцы вызваляюць сябе ад пачуцця віны, даводзячы чыесьці пакуты «да мінімуму», але не спыняючы іх.

Боль застаецца болем, і няма прымальнай формы болю, грубай сілы альбо эксплуатацыі.

Думаць, што эксплуатацыя жывёл дзеля малака, мяса і яек — прымальная, у той час як іншыя жывёлы могуць быць хатнімі альбо жыць у дзікай прыродзе, – значыць кіравацца логікай сэксізму, мізагініі, класавай дыскрымінацыі, гамафобіі, біфобіі, трансфобіі, ксенафобіі, ісламафобіі, расізму, эйблізму і ўсіх астатніх форм дыскрымінацыі. «Дамінаваць найпрасцей у разадзіночаных і фрагментаваных культурах», — піша Кэрал Адамс у кнізе «Сэксуальная палітыка мяса». «Фемінізм распазнае сувязі». Прамысловая жывёлагадоўля шкодная не толькі для жывёл, яна разбурае планету, эксплуатуючы бедныя пласты насельніцтва, ствараючы крызіс у сферы аховы здароўя праз негатыўны ўплыў прадуктаў жывёльнага паходжання і літаральна кормячы культуру таксічнай маскуліннасці.

Ва ўсім свеце супольнасці фемінізуюць спагаду і маскулінізуюць спажыванне мяса. Адамс тлумачыць: «Мяса стала сімвалам нябачнага, але заўжды прысутнага патрыярхальнага кантролю над жывёламі і мовай». Сапраўды, падчас выбараў у ЗША 2016 года загалоўкі ўсіх газет крытыкавалі Дональда Трампа за тое, што ён ставіцца да жанчын як да «кавалкаў мяса».

Аднак, якімі б добрымі ні былі іх намеры, выкарыстанне такой мовы толькі ўзмацняе праблему таго, што лічыцца, быццам целы некаторых заслугоўваюць гвалту. У адным з інтэрв’ю 2016-га года Адамс сказала: «Калі мы кідаем выклік прыгнёту на абодвух канцах харчовага ланцужка, калі мы кажам, што жывёлы — такія самыя жывыя істоты і таму мы не будзем іх есці, мы кажам, што ўсе, каго можна параўнаць з жывёлай, – жывыя істоті і заслугоўваюць справядлівага абыходжання».

©Patrick Garbit

Існуе таксама неаспрэчная сувязь паміж жорсткім стаўленнем да жывёл і гвалтам у дачыненні да жанчын. Апытанні жанчын у прытулках для ахвяраў хатняга гвалту паказалі, што партнёры сямідзесяці аднаго адсотку з гэтых жанчын жорстка абыходзіліся з хатнімі жывёламі альбо пагражалі ім, а нядаўнія даследаванні паказваюць, што там, дзе ёсць бойні, – выйшэшая ступень хатняга гвалту, сацыяльнай ізаляцыі, трывогі, злоўжывання наркатычнымі рэчывамі і алкаголем, а таксама ПТСР.

Даследаванне 2009 года, праведзенае Эмі Фіцджэралд, паказала, што праца на бойнях звязана з павелічэннем колькасці арыштаў за гвалтаванне ды іншыя цяжкія злачынствы ў параўнанні з іншымі галінамі гаспадаркіі. Часопіс «PTSDJournal піша: «Гэтых людзей наймаюць, каб яны забівалі жывёл: свіней і кароў, якія ў аснове сваёй – лагодныя жывёлы. Каб выконваць сваю працу, наёмныя работнікі вымушаныя адасобіцца ад таго, што яны робяць, і ад істоты, якая стаіць перад імі». Зніжаючы адчувальнасць у гэтых выпадках, яны робяцца менш адчувальнымі да іншых формаў гвалту, такіх, як гвалт у сям’і, напрыклад.

Гэтаксама, як групы людзей, на якіх начапілі цэтлік «не такія» альбо «меншасць», жывёл на фермах выкарыстоўваюць, з іх здзекуюцца і іх забіваюць проста таму, што грамадства палічыла іх нявартымі нашай любові і клопату, а аўтаномія іх целаў і жаданне шчаслівага жыцця — «не такім».

Вось чаму як феміністка я адчуваю сваю адказнасць у барацьбе за правы жывёл: нам трэба ўмець праяўляць эмпатыю да ахвяраў нашага гвалту, пра якіх грамадства маўчыць.

Вытворчасць малочнай прадукцыі, мяса і яек зарабляе на рэпрадуктыўнай сістэме самак, і мільярды дзяцей адбіраюць у іхных матак штогод, каб мы маглі піць іхнае малако. Кароў, якія гадуюцца на фермах, ужо пачынаючы з 12 месяцаў гвалтоўна штучна асемяняюць раз за разам, а калі карова «зношваецца», яе дасылаюць на бойню. Жарабя мужчынаскага полу, якое нараджаецца на малочнай ферме, адразу адбіраюць у маці (якая відавочна бядуе) і прадаюць на цяляціну. На жаль, вытворчасць яек не лепшая, нават калі гаворка пра курэй на выгуле. Такім курам усё адно адразаюць клювы, іх трымаюць у куратніках, і яны нясуць па 500 яек на год (у натуральных умовах гэтая лічба была б значна меншая). Кураняты такіх маці ніколі іх не ўбачаць і не будуць гуляць па траўцы, гэтаксама, як і куры ў клетках.

©Patrick Garbit

Я не падазравала, што, каб жыць згодна з «гэтым сваім фемінісцкім прынцыпам», стану веганіць, але, адмовіўшыся ад прадуктаў жывёльнага паходжання, я здзейсніла самы вялікі для сябе фемінісцкі ўчынак. Вядома, усё тое, што мае сваякі, калегі, «сябры» ці рамантычныя партнёры зрабілі з маім целам, незалежна ад майго жадання, застаецца са мной. І веганства не верне мне гады, якія я прабавіла ў аб’юзіўных стасунках. Але ад таго, што я не падтрымліваю вытворчасць, якая зарабляе, выкарыстоўваючы нявінныя целы і эксплуатуючы рэпрадуктыўную сістэму самак, я раблюся мацнейшай. Я ведаю, што нешта змяняю.

Напэўна, самае важнае, што я вынесла з досведу веганства, — гэта любоў да сябе: калі твая эмпатыя пашыраецца і распаўсюджваецца на кожную жывую істоту на Зямлі, то пастаяць за сябе таксама прасцей. Немагчыма шчыра верыць у тое, што сельскагаспадарчыя жывёлы заслугоўваюць шчаслівага жыцця, у якім няма нягодаў, жорсткасці і гвалту, пакуль ты не прымеш, што таксама заслугоўваеш гэтага.

Калі адмовіцца ад канцэпцыі, што адны жывёлы заслугоўваюць міру, а іншыя – болю, то лепш атрымліваецца цаніць і абараняць свой уласны дабрабыт, што б гэта ні значыла: выйсці з нездаровых стасункаў, паставіць у прыярытэт самаклопат альбо паслаць чувака, які чапляецца да цябе на вуліцы.