23 снежня 2020

Сьціпласьць мяншыняў

3 663
Изображение: Render of the Batagaika crater, Sakha Republic (Yakutia), Russia, 67.58, 134.771389 / Author: Živa Božičnik Rebec / Design: Blaž Miklavčič
© Render of the Batagaika crater, Sakha Republic (Yakutia), Russia, 67.58, 134.771389 / Author: Živa Božičnik Rebec / Design: Blaž Miklavčič
Ім патрабуецца зусім мала прасторы для саміх сябе.
Яны супрацьпастаўляюць шуму шматслоўя
Больш рэальны шум —
Жудасную насычанасьць спакойнага слова,
Што гудзе.


Зборнік “Tišima”, 2015.


Малады славенскі паэт, эсэіст, мысьляр Ураш Прах пакуль невядомы ў Беларусі — у нас ведомыя Драга Янчар, жывы клясык славенскай літаратуры і, канечне, філёзаф Славай Жыжэк. А цяпер яшчэ і Ўраш Прах, новы голас славеншчыны:


Гэтая мова становіцца памяркоўнай,
гэтая мова, значыць, славенская
Думаньне — гэта тое, што чалавек думае,
чаго хацеў бы, бядача, але ніяк ня можа.

Зборнік “Udor”.


Сьціпласьць мяншыняў


Родам з славенска-аўстрыйскага памежжа зь вёскі Цмурэк, Ураш належыць генэрацыі, народжанай разам з новай незалежнасьцю Славеніі. Сапраўдны чалавек памежжа, сапраўдны пэсымістычны эўрапеец, ён хвалюецца, бачучы, што робіцца з Эўропай — чарговая трасаніна і няўпэўненасьць у эўрапэйскім разам некаторых краінаў кшталту Вугоршчына ці Польшча. І часта пазірае на Ўкраіну і цяпер Беларусь з спадзёвам, што адтуль прыйдзе аднова для Эўропы. Шматмоўны — свабодныя нямецкая, ангельская мовы, ён жыве з сваім партнэрам у Вене з частай прысутнасьцю ў Славеніі. Філёзаф і літаратуразнаўца па адукацыі (Люблянскі ўнівэрсытэт), адзін з заснавальнікаў у 2008 годзе і рэдактар літаратурнага часопіса IDIOT (з 2011 па 2015 год), зь якога абавязкова пачынаюць свой літаратурны шлях славенскія пісьменьнікі і пісьменьніцы. У 2015 годзе разам з славенскімі калегамі заснаваў Музэй Вар’яцтва (Muzej Norosti) на сваёй радзіме ў вёсцы Цмурэк у старым замку, які за сацыялісцкім часам выкарыстоўваўся як Інстытут мэнтальных і нэўралягічных захворваньняў. Гэта рэдкі міжнародны і міждысцыплінарны праект па дасьледаваньні гісторыі і трактаваньні вар’яцтва мэтадамі мастацтва, навукі і літаратуры. Праект, які заклікае у гуманісцкім рэчышчы пераасэнсаваць панятак “вар’яцтва”. Падаецца, паэты і паэткі тут могуць дапамагчы, як ніхто іншыя.

Але, безумоўна, цэнтральнае месца ў жыцьці Ўраша належыць каханьню і паэзіі. Паэтыцкі сьвет Ураша Праха ўмоўна можна адразу падзяліць на два вялікія блёкі: інтымны, прыватны, вельмі фізычны, плоцевы, сэксуальны і гамаэратычны, з аднаго боку, і філязофскі, унівэрсалісцкі, публічны з іншага. Хоць прынцыповай мяжы паміж імі не існуе — паэт не ўстаўлёвае ніякіх межаў. У паэта выйшлі тры зборнікі вершаў з амаль не перакладнымі назвамі (Čezse polzeči / Слізгочучы па-над сабою, 2012; Tišima / Цішыціск (ці Напятая цішыня), 2015; Udor / Абвал 2019), бо Ўраш стварае новыя словы — і не дзеля таго, каб уразіць, а каб апісаць новую рэчаіснасьць. Напрыклад, tišima — слова-назва зборніка паэзіі, якое адразу выклікае ў беларуса слушныя асацыяцыі з словам цішыня / tišina, але другая частка слова –ma зьмененая аўтарам, у выніку гэта не зусім цішыня, а цішыціск, то бок цішыня, якая цісьне, штурхае, напятая цішыня. Так, паэт-філёзаф апісвае зьяву цішыні-цішыціску любых мяншыняў — гэты фэномэн могуць зразумець жанчыны, геі, лесьбійкі ці беларускамоўныя, напрыклад. Таму вершы паэта — гэта сапраўдны галавакрут для перакладнікаў і моцнае пасланьне-падтрымка ўсім тым, хто знаходзіцца ў стане эмансыпаваньня. Ураш піша новай мовай і часта целам, не азіраючыся на клясыкаў, ня думаючы пра кансэрватызм культуры і нейкія там канвэнцыі — гэты прывілей новай генэрацыі эўрапэйцаў. Адкрытасьць, сьмеласьць, нязмушанасьць, асалода ад часу, моманту, ад жыцьця і каліўкі пэсымізму, праўда, канструктыўнага пэсымізму — вось якімі б словамі я апісаў творчасьць Ураша Праха.

Сэксуальнасьць, фізычнасьць моцна прысутнічаюць у першых двух зборніках, трэці апошні — крыху халаднейшы зборнік — нібы паэт вырашыў крыху адпачыць перад новым скачком у плоцевае. Варта адзначыць, што ў славенскай цалкам эўрапейскага роўня літаратуры, гамасэксуальная тэма прысутнічала ў тэкстах і разьвівалася цягам 20 ст.: у 1938 годзе Франце Новшак, пісьменьнік, мовазнаўца, апублікаваў першы славенскі раман пра гамасэксуальнае жаданьне — Хлопцы, раман са школы-інтэрнату (Dečki: roman iz dijaškega internata). За сацыялізмам тэма будзе замарожаная. Потым у незалежнай Славеніі літаратуру зваююць шматлікія пісьменьнікі-геі і пісьменьніцы-лесьбійкі: Бране Мазэціч, Наташа Сукіч, Сузана Тратнік, Гоймір Полайнар, Уршка Стэрле, Весна Лемаіч, Тэя Облак, Ніна Драгічэвіч, Мілан Шэл. А цяпер яшчэ і Ўраш Прах.



У адрозьненьне ад беларускай літаратуры славенскай ня трэба адкрываць сабе ды чытацтву гомасэксуальнасьць. І Ўрашу ня трэба змагацца, нешта даводзіць, дзякуючы папярэднікам, дзякуючы эўразьвязаўскай культуры, ён сягае далей і проста жыве сваю гамасэксуальнасьць, праўда, часам ужываючы мэханізм цішыціску, бо нават унутры ЭЗ часам сьціпласьць мяншыняў не працуе. Дарэчы, верш “Сьціпласьць мяншыняў” — гэта сапраўдны дэвіз сучасных рухаў, якія працягваюць эмансыпавацца. Гэты верш карысны ня толькі ўнутры ЭЗ, гэты тэкст можа стацца зручнай праграмай дзеяньня для любых мяншыняў ва ўмовах дыктатуры. Літаратура, паэзія зноў прыходзіць на дапамогу тым, каму патрэбная падтрымка, парада ці проста цішыціск, невялічкі штуршок, каб разгайдаць мэханізм эмансыпацыі і павагі да сябе. Паэт так трапна ахапіў сучаснасьць, праблематыку мяншыні-бальшыні.

У геяў і лесьбіяк ё хіба “слова, што гудзе” — і яно выклікае такі рэзананас, няспыннае шматслоўе іншых — нібыта бальшыні.

Насамрэч, сьціпласьць мяншыні хіба ў тым, што яня эмансыпуецца па прынцыпе насупор у сьвеце, дзе ўсё ў існасьці супраць яе. І, канечне, мяншыня можа стаць зусім ня сьціплай, а, наадварот, калі эмансыпуецца, бунтарнай і патрабавальнай.




Філязофская адукацыя і матэрыялісцка-атэісцкая пазыцыя пазбаўляе яго маралізатарства і паэт проста натхняецца жыцьцём, целам, сваім і партнэра, выбранага на ўсё жыцьцё:

Ты прымушаеш мяне ператвараць цябе ў песьню.
Тым часам я смакчу запясьце,
Але мая сьліна на маёй скуры
ня пахне, як твая сьліна на маёй скуры,
альбо мая сьліна на тваёй скуры.

// Čezse polzeči.

Ці яшчэ:

З нахіленай галавой перада мною.
Кропля вісіць на канцавіне носу,
а на іншай канцавіне яшчэ адна.
І я чакаю,
Калі яны зьяднаюцца,
кропнуць
і зьлепяць пыл паркету.

// Čezse polzeči.

***

Прыблізу так,
нібы ты зараз патэлефануеш мне.
Я ўяўляю цябе ў сабе.
Нават не абавязкова пранікаць у мяне
Твае хударлявае тулава заблыталася ў маім хударлявым тулаве
І нашы сэрцы
паўзуць па яму, калі яно лунае зьяднанае.

// Čezse polzeči.

Часам у вершах заўважаецца сьлед Ж. Жэнэ, якога палюбляе славенскі паэт:

Шэра-блакітнае неба,
Пульсуючыя ныркі і
твой бляды твар, што палатнее.
Запаўзай у жыцьцё,
Бо твайму чэлясу прыдзецца
Залезьці ў мае вантробы.

// Čezse polzeči.




Найбольш папулярнымі, спазнавальнымі і палюблялымі перакладнікамі вершамі Ўраша можна назваць два наступныя. У іх чытаецца захапленьне ня толькі сваім шматгадовым партнэрам-музай, але і захапленьне водным спортам, асабліва плаваньнем, якому шмат часу прысьвячае паэт:

Раніца ў басэйне

Людзі ляжаць,
Мы ведаем адзін аднога.
Я скачу ў ваду каля дарожкі,
Дзе плавае інструктар плаваньня
Справа і лявей.
Я плыву з заплюшчанымі вачыма,
Якія часам крыху расплюшчваюцца.
Усё размаіта і мякка.
Я плыву вельмі павольна.
Я адчуваю, як ён плавае,
Тут і там я цяруся аб бераг.
Калі я паварочваюся і ў канцы даўжыні
Бачу руку, якая даганяе мяне,
Мяккую ў вадзе, мэрам
Яна жадае палашчыць мяне.
Я мяняю дарожку,
І цяпер я пасярод басэйну.
Плыву хутчэй - спаборнічаем.
Вада раптам цьвёрдая,
Шчыльна складзеная, у фольгу загорнутая.
Прадаўгаватыя пакеты — тэксты?
Я сярдзіта адкідваю іх,
музыка грае — прыемна.
Пакеты цяпер маленькія, складзеныя,
расьпісаныя паперкі, якія калываюцца ў вадзе.
Мае цела боўтаецца з імі, у іх.
Ён сядзіць у канцы басэйну,
Абапёршыся на локці,
Адставіўшы жывот сонцу,
Ногі ў паперках.
Я ўскарасківаюся на яго зьверху,
Абапіраюся на ягоны вялікі торс —
У вадзе ўсё плавае фольга
з налепкамі-літарамі.
Літаркі зьбягаюцца разам,
мы ведаем, што гэта азначае - усьміхаемся.
Я пачынаю ляпіць налепкі на ягоныя грудзі:
"Kindest Pleasure".
Я мушу знайсьці некаторыя літары —
Уся яны ў дасяжнасьці рукі.
// Tišima.

Працяг верша месьціцца ў тым самым зборніку, але крыху далей — паэт часта зьвязвае так розныя тэксты, якія варта проста шукаць у кнізе, часам у іншым зборніку:

The Kindest Pleasure

Сеў на твае грудзі і прыклеіў на іх літаркі.
Каб склаліся фразы,
зь якіх мы пасьмяемся.
Потым ты падымеш мяне,
моцна трымаючы,
і ўсуніш свой дзябёлы чэляс у мяне.
Сьмех выбухне з маіх вуснаў.
Буду тваім канцом.
// Tišima.

У вершах паэт шмат маналягуе з сваім партнэрам:

Мне трэба, каб ты захапляўся мною.
Таму любуйся,
што я захапляюся табою.
Бо мы ствараем гэта разам.
І гэта так ярка,
Што ня можаш бачыць сябе.

// Čezse polzeči.

Часам вершы для паэта нібы тэрапія, сродак прагаварыць праблему і такім парадкам вырашыць ці проста пазьбегнуць яе:

Я такі спакойны толькі таму, што злы.
Гнеў нікуды цябе не вядзе.
Гнеў не вядзе, вядзе мяне
Міма.

// Tišima.

Цікава, што фізычнасьць, як адна з важных праяваў каханьня, дамінуе ў паэта — ён не жадае хлусіць, хавацца, нешта не дагаворваць, хавацца за эўфэмізмамі і ствараць выключна плятанічныя оды каханьня, час такіх одаў мінуў — ягоны оды цалкам фізычныя, напятыя, часам гвалтоўныя:

Ад некалькіх імпульсаў рваныў вуснаў рынуцца гадзіньнікі.
Саляныя слупы вялікай барацьбы замест вачэй.
Двух датыкалых чэлясаў
пульс.
На пэўны час сусьвет засяроджаны на пупку.
Ён лопне, цэнтар магутнасьці зьнікае.

// Čezse polzeči.

Ня менш цікавыя філязофскія вершы Ўраша Праха — яны заўсёды ачмураныя нейкім пэсімізмам і насьмішкай з нацыянальнага, традыцыйнага, рэлігійнага, наперад вызначанага. Паэт гуляецца з фізычнасьцю нават калі філязофствуе:

Крыптакрыпал

Прыгажосьць мовы не ў артыкуляцыі.
Само слова гучыць як недакладны стрэл.
Калі гэта там, дзе яго няма, тады там.

Прыгажосьць гвалту не ў напісаньні гвалту.
Прыгажосьць палягае ў раскрыцьці мовы праз гвалт,
Які сам вар’юе і перакульвае цэбар,
Блямба!
// Tišima.

***

Заблякаваны рух

Гэтыя сцёгны мэрам нацыя.
Калянасьць узмацьняецца ў цяжка кантраляваных участках.
Пальцы ўжо паглыбляюцца ў больш гнуткія адтуліны.
Уся сіла ўпэўненасьці цягне мяне назад.
// Tišima.

***

Далягляд моцы

Мы нічога не чакаем, бо
проста прызвычаіліся да нічога.
Калі нічога не настане, будзем тут.
// Čezse polzeči.

***

Імя

Зьмяненьне тоеснасьці
Гэта гнуткасьць слова.
Павярхоўнасьць азначэньня
Гэта ўлада.
Хуткасьць зусім
Ня шкодная
Аднак яна настае.
// Tišima.

***

I што?

Прызнаць сваю немач і пакпіць зь яе крыху?
Як мы арганізуем наша маленькае суіснаваньне, хіба ня як краіну?
Наша вайсковая лексыка не адпавядае таму бюракратычнаму балоту, у якім мы жывем.
// Tišima.



Сіла і сьціпласьць паэзіі на прыкладзе творчасьці паэта Ўраша Праха — вялікі падарунак аматарам і аматаркам адначасова прыгожага пісьма і ангажаванага тэксту. Бо і паэзія ў сучасным усё больш віртуальным і рацыяналісцкім сьвеце часта ператвараецца ў забытае, недаацэненае мастацтва, у мяншыню. Але цяпер, дзякуючы Ўрашу Праху, мы ведаем, што мяншыня мае прапанаваць “больш рэальны шум — жудасную насычанасьць спакойнага слова, што гудзе”.




Тэкст, пераклад вершаў з славенскай мовы: Уладзіслаў Гарбацкі. Пераклады вершаў друкуюцца з ласкавага дазволу аўтара Ў. Праха.

Фота: Uroš Prah