24 снежня 2020

ЛГБТ-дайджэст Беларусі 2020: што застанецца ў гісторыі?

1 325
Не год, а абы што, мякка кажучы. Нават пералічваць усё не будзем, каб лішні раз не засмуціцца. Але нават пасярод усяго гэтага лайна мы не забываем фіксаваць рэальнасць. Выразна, строга, халодна. Як цяпер кажуць, у новай Беларусі спатрэбіцца.
Изображение: Радыё Свабода
© Радыё Свабода
Ініцыятыва аб прыняцці закона пра «ЛГБТ-прапаганду» і крымінальнай адказнасці за яе

Калі: сакавік
Падрабязнасці: Радыё Свабода

Дзявятага сакавіка ў Менску прайшла прэсавая канферэнцыя з гэтай нагоды. У ёй удзельнічалі кіраўнік фонду «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч, духоўнік Свята-Елізавецінскага манастыра протаярэй Андрэй Лемяшонак і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Актывісты ініцыятывы сабралі 52 тысячы подпісаў за ўвядзенне закону і накіравалі іх Аляксандру Лукашэнку. ЛГБТ-актывісты і актывісткі, у сваю чаргу, апублікавалі сумесную заяву, а таксама даслалі ліст Папу Рымскаму. Неверагодна, але факт: ужо праз некалькі месяцаў мітрапаліта Кандрусевіча не ўпусцяць у Беларусь, а MAKEOUT апублікуе заяву аб ціску на беларускую каталіцкую царкву. Што робіцца, мамачкі!




ЛГБТ-людзі заявілі пра сваю палітычную суб’ектнасць падчас выбарчай кампаніі

Калі: чэрвень
Падрабязнасці: Тут, тут і тут

ЛГБТ-дайджэст Беларусі 2020: што застанецца ў гісторыі?


Летам ЛГБТ-арганізацыі ініцыявалі збор пытанняў ад ЛГБТ-супольнасці для кандыдатаў і кандыдатак на прэзідэнцкае крэсла. Хацелі пагаварыць пра тое, што тыя думаюць пра роўныя правы і недыскрымінацыю, але падзеі пачалі развівацца зусім у іншы бок. Так першапачатковы план задаваць пытанні адрасна пераўтварыўся ў адкрыты зварот. Пасля яшчэ быў апублікаваны калектыўны зварот ЛГБТ+ ініцыятываў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, квір-калона прыняла удзел у маршах, а Наталля Манькоўская, су-арганізатарка “Ідэнтычнасці і права”, увайшла ў пашыраны склад Каардынацыйнай Рады. Карацей, быў варушняк. І ёсць! І будзе!




Квір-калона прыняла ўдзел у пратэстах

Калі: восень 2020
Падрабязнасці: Тут, тут і тут



Па розных падліках, ад 10 да 20 чалавек пад вясёлкавымі сцягамі прымалі ўдзел у суботніх і нядзельных марашах. Людзі з калоны трымалі ў руках плакаты і банеры са словамі: «Как мы объясним ОМОН нашим детям?», «Рэйв, а не дажынкі», «Лесбиянки и есть народ. Мы против диктатуры» і «Каждый охотник желает знать, когда посадят Лукашенко». А яшчэ усё суправаджалася розным музлішкам, бо калі паміраць (вядома, не) — дык з музыкай! Рэйв каля КДБ, на які запрашалі актывісткі калоны, на жаль, не атрымаўся, але вось каля Камароўкі ці на Плошчы Незалежнасці атрымалася горача патанчыць! Афтар_ка, хочам яшчэ!




Другі набор на праграму ЛГБТ-актывізму OUTLOUD

Калі: кастрычнік
Падрабязнасці: OUTLOUD



І кол ужо абвесцілі, і людзей набралі, і першыя заняткі правялі! Гэта 6-месячная праграма падчас якой можна больш даведацца пра антыдыскрымінацыю, лідарства, працу ў камандзе, важнасць асабістага досведу і разнастайнасці, а таксама атрымаць навыкі для ўвасаблення сваіх ідэяў. Пасля першай праграмы актывісцкі свет Беларусі папоўніўся трыма рэгіянальнымі ініцыятывамі, якія дзейнічаюць і дагэтуль («Новыя рэгіёны» ў Магілеве, «Inter» у Гродна і «Closet Free» ў Віцебску). Цяпер у праграме прымаюць удзел 30 чалавек. Цікава, што з гэтага ўсяго атрымаецца.




Выхад фільма пра жыццё ЛГБТ-людзей у Магілёве MOGILOVE

Калі: лістапад
Падрабязнасці: MOGILOVE



«Новыя рэгіёны», коцікі такія, пастараліся! MOGILOVE — гэта праект пра Магілёў і квір-людзей у ім. Тут расказаныя асабістыя гісторыі пра станаўленне і (не)прыняцце сябе як ЛГБТ-людзей, а таксама гісторыі ўзаемаадносін квір-людзей з горадам і асобнымі яго часткамі. Цытуем стваральнікаў і стваральніц фільма: «Магілёў вельмі складаны і кансерватыўны горад, і часам здаецца, што ты жывеш у нейкай аднастайнай, нягнуткай, цяжкой прасторы. Але гэта не так! Горад поўны людзей, розных людзей, з рознымі ідэнтычнасцямі і рознымі гісторыямі. І мы імкнуліся паказаць гэта ў нашым праекце».




Выхад фільма «Савет» — расследавання аб дзейнасці ультракансерватыўных сілаў у Беларусі


Тых самых, што ў сакавіку актыўна прасоўвалі «традыцыйныя каштоўнасці» і пісалі лісты Лукашэнку. Журналістка Дар'я Трайдэн з «Ідэнтычнасці і права» правяла расследаванне, якое пацвярджае: ультракансерватыўныя сілы ў Беларусі звязаныя з хрысціянскімі фундаменталістамі з ЗША і адэптамі рускага свету. Яны маюць прыхільнікаў у дзяржаўных органах і цесна працуюць з чыноўнікамі рэжыму Лукашэнкі, сабатуючы і абвяргаючы тое, што дзяржава дэкларуе публічна.

Дакументальны фільм «Савет» распавядае пра тое, хто стаіць за ультракансерватыўнымі арганізацыямі, і прасочвае сувязь паміж беларускім рухам і глабальным трэндам на адраджэнне правых каштоўнасцяў.




Папярэднія дайджэсты за, ты не паверыш, 2019, 2018, 2017, 2016, 2015 і 2014 можна знайсці па спасылках.
Віка Біран для MAKEOUT