падзеі ЛГБТК 9 мая 2021

Вечар беларуска-польскай ЛГБТК-паэзіі запрашае паэта_к і перакладчы_ц

Прагляды: 4 243

Беларуская супольнасць Кракава плануе правесці вечар паэзіі LGBTQ у міжнародным, беларуска-польскім фармаце.

Вось, як арганізатар_кі апісваюць свой праект:

«Запрашаем у праэкт беларускіх аўтараў, якія ў сваёй творчасці падымаюць пытанне інтымнага, праз якое даводзіцца хавацца і адчуваць сябе "памылкай у сістэме, жангляваць гендарам асоб у творах і так хлусіць самому сабе, альбо адкрывацца сярод грамады, гатовай цябе закідаць камянямі без нагоды.

Літаратурныя крытыкі і пісьменнікі польскага PEN-centre гатовыя разглядзець пераклады вершаў і біяграфій аўтараў з беларускай на польскую мову.

Сітуацыя LGBTQ-супольнасці ў Польшчы на жаль, таксама не найлепшая, аднак не толькі PEN-centre, але і прадстаўнікі супольнасці LGBTQ гатовыя дапамагчы зладзіць спатканне ў Кракаве. Гэта адкрывае мажлівасці для абмену вопытам паміж суседнімі, але рознымі культурамі, а таксама пашырае мажлівасці супрацы паэтаў з розных краін.

Каго мы шукаем:

— перакладчыкаў паэтычных тэкстаў з польскай на беларускую і з беларускай на польскую;

— беларускіх паэтаў, якія на любой з двух дзяржаўных моў у сваіх вершах закранаюць тэму LGBTQ: напрасткі, завуалявана, ці беручы яе як крыніцу натхнення;

Што трэба зрабіць паэтам:

— даслаць на паштовую скрыню Касі Іофе ([email protected] альбо Kasia Ioffe ў Facebook) падборкі сваіх вершаў з акрэсленай тэматыкай, а таксама "у адной капэрце" апісаць сваю кароткую біяграфію, пералік галоўных публікацый, узнагарод і дадаць уласны партрэтны фотаздымак;

Што трэба зрабіць перакладчыкам:

— у межах варштату — спярша на аснове валантарыяту — перакласці абраныя вершы беларускіх аўтараў на польскую мову, а польскіх на беларускую, таксама дадаць сваю біяграфію, фота і творчыя публікацыі;

Што зробім мы:

— падрыхтуем гатовыя пераклады і пакажам іх прадстаўнікам мясцовага PEN-сentre і Кракаўскай школы паэтаў;

— пасля згоды на мерапрыемства ад пісьменнікаў Кракава зацвердзім яго правядзенне ў межах адміністрацыі горада Кракаў;

— запросім на мерапрыемства польскіх паэтаў LGBTQ;

— узнімем пытанне пра афіцыйнае запрашэнне беларускіх паэтаў на тэрыторыю Польшчы і пра фінансаванне мерапрыемства: ад пакупкі квіткоў да Кракава і аплаты месцаў пражывання паэтаў і перакладчыкаў да прасторы для чытанняў і выкананай перакладчыцкай працы;

Хто мы ўвогуле такія?

— сярод актывістаў: кракаўскі мастак, журналіст Роберт Евула, прафесійныя перакладчыцы з беларускай на польскую Яана Бертановіч і Эва Познік-Бах, студэнт міжнародных адносінаў Ягелонскага ўніверсітэту, беларускі актывіст Эдуард Буката, беларуская паэтка і аматарка перакладаў, магістрант літаратурнай крытыкі Ягелонскага ўніверсітэту Кася Іофе;

— сярод запрошаных паэтаў з Беларусі: пераможца прэміі "Дэбют" імя Максіма Багдановіча Артур Камароўскі і паэтка, рэдактарка кнігі Артура "Вада пачынае жыць" і аўтар зборніка "Homo" Крысціна Бандурына;

— вы таксама можаце стаць часткай нашай ініцыятыўнай групы і дапамагчы ў творчым праэкце;

Просьба звяртацца па дадатковых пытаннях альбо з прапановамі твораў і перакладчыцкай працы да Касі Іофе (паштовая скрыня [email protected] альбо Kasia Ioffe ў Facebook)».
Далучайся да нашай рассылкі
Раз на месяц выходзім на сувязь, каб паведаміць, як маемся.