Каця Пытлева: Мне дагэтуль пішуць, просяць аднавіць жаночую вечарыну

Арганізатарка першых у Беларусі вечарын для лесбіянак, дзе апроч танцаў і «бару» можна было паглядзець кіно ды паслухаць жывую музыку расказвае, чаму вырашыла развітацца з ЛГБТ-актывізмам.
7 студзеня 2014 | 5 701 | Каментары
MAKEOUT: Часам цябе прадстаўляюць як «былую ЛГБТ-актывістку». Ты сама сябе так вызначаеш?

Каця Пытлева: Насамрэч мяне ўжо нельга назваць ЛГБТ-актывісткай. Актывіст — гэта той, хто нешта робіць. Безумоўна, некаторую актыўнасць у гэтым плане я захавала: падымаю гэтыя тэмы ў працы — раблю інтэрв’ю, ініцыюю абмеркаванні. Спрабую ў добрым святле паказваць ЛГБТ. Але, безумоўна, я ўжо не такі актывіст, якім была, скажам, два гады таму. Я не ладжу мерапрыемстваў, акцый, не раздаю ўлётак, не падтрымліваю сайт. У гэтым плане так, я ўжо былая актывістка.

«Мой актывізм праходзіў перыядамі. Быў вялікі пяцігадовы перыяд, які пачаўся ў 1998-м, пасля я на некалькі гадоў амаль выпала з руху. Я сустракалася з людзьмі, вяла вечарыны, але гэтым усё і абмяжоўвалася. Вярнулася да актывізму ў 2009-м, калі з’явілася ініцыятыўная група «Лабрыс». Калі я сыходзіла, нам павінна было споўніцца 4 ці 5 гадоў. Так што я была актыўнай удзельніцай руху гадоў пяць, калі браць у суме, то дзесяць».


— Чаму ты вырашыла спыніць актыўную дзейнасць?

— Я зразумела, што людзі да гэтага не гатовыя. Напэўна, нават сама ЛГБТ-супольнасць не саспела. Так, ёсць асобныя персаналіі, якія займаюцца актывізмам, спрабуюць нешта развіваць, праводзіць, але чым далей, тым горай. Я працягваю назіраць за тым, што адбываецца, і бачу, што за апошнія два гады, пасля таго, як перастала існаваць мая арганізацыя, амаль усё загнулася.

— Раз на год гей-прайд праходзіць…

— Так, хіба што Сяргей [Андросенка. — Рэд.] нешта робіць. Я заўсёды захаплялася Сашам Палуянам — ён, нягледзячы ні на што, працягвае гнуць сваю лінію. Але на той момант, калі я вырашыла сысці, я зразумела, што людзям гэта не патрэбна. У нас народ гатовы тусавацца, але не выходзіць змагацца за свае правы. Не гатовы нават на ўзроўні свайго асяроддзя працаваць і змяняць сваё жыццё. А ў такім разе навошта?

Так, я магу праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы, ладзіць трэнінгі, чым мы, уласна, і займаліся, ездзіць па гарадах; мы ўсё гэта рабілі, але, як паказала практыка, людзі лічаць за лепшае жыць сваім закрытым кулуарным жыццём, а калі гаворка ідзе пра нейкую актыўнасць, то хіба што схадзіць на вечарынку, патусавацца, кругавая парука і так далей.
Каця Пытлева: Мне дагэтуль пішуць, просяць аднавіць жаночую вечарыну

— З іншага боку, тое, што рабіла ты, было сапраўды запатрабаваным. «L-party» ў «Графіці» заўжды збіралі шмат людзей.

— Пра тое і гаворка.
Каця Пытлева: Мне дагэтуль пішуць, просяць аднавіць жаночую вечарынуБыць спажыўцом нашая ЛГБТ-супольнасць гатовая, а самім непасрэдна ўдзельнічаць ужо цяжэй. Пайсці патусавацца, паглядзець — такіх шмат.

Але пра які «актывізм за барам» тут можна казаць? А выйсці нават на самую банальную акцыю з паветранымі шарыкамі, што мы ладзілі штогод, так званы rainbow-флэшмоб, ці на дзень маўчання, калі мы праходзілі з заклеенымі ратамі, гатовыя адзінкі.

Мне дагэтуль пішуць, просяць аднавіць жаночую вечарыну [«L-party». — Рэд.], з якой і пачалася нашая ініцыятыўная група. Але забаўляльныя мерапрыемствы як такія мне ладзіць нецікава. Я хацела, каб гэта вылілася ў нешта большае, у канкрэтныя дзеянні, арганізацыі, магчыма, змены ў заканадаўстве. Хацелася хаця б неяк кансалідаваць супольнасць. І так, на пэўны час людзі з’яўляліся, а пасля знікалі. У выніку актыўна нешта рабіла група з 5-10 чалавек.

Каця Пытлева: Мне дагэтуль пішуць, просяць аднавіць жаночую вечарыну


Да таго ж, надакучылі гэтыя вечныя незразумелыя склокі ды інтрыгі сярод актывістаў. Вельмі цяжка часам было знайсці агульную мову, хаця, здавалася б, з гэтага і мусіць усё пачынацца, усе павінныя быць адно за аднаго. Мяне гэта здзіўляла. Тым больш што гэта не маё жыццё на дадзены момант — я шчаслівая, замужам, у гетэрасэксуальным шлюбе. У свой час я рабіла гэта дзеля блізкіх мне людзей, ды і сама ведаю, што гэта такое. Мне хацелася нешта змяніць, неяк дапамагчы, але калі людзям самім не трэба, то навошта?

— Чаму так адбываецца? Магчыма, прычына ў тым, што ў ЛГБТ ў Беларусі дагэтуль асноўная праблема менавіта ў банальнай сацыялізацыі — як і дзе знаёміцца і г.д.?

— Але для гэтага не патрэбная арганізацыя. Цяпер ёсць інтэрнэт, процьма кам’юніці — знайсці адно аднаго лёгка, а вось штосьці зрабіць складаней. Але ў нас, як і ў іншых краінах, нічога не адбываецца, бо людзі жывуць сённяшнім днём. Знайшоў, напрыклад, сабе спадарожніка ці нейкія часовыя сустрэчы, пасустракаліся, ад усіх хаваючыся, ці максімум адкрыўшыся родным, а пра будучыню не думаюць. А тыя, хто думае, або з’язджаюць, або вырашаюць праблемы ў прыватным парадку, самастойна.

— То бок можна сказаць, што ты проста расчаравалася?

— Так. Хаця менавіта расчараваннем я б гэта не называла. Я проста зразумела, што на дадзеным этапе гэта ўсё як сыпаць бісер…

— Марная праца?

— Вядома, пэўныя вынікі былі.
Каця Пытлева: Мне дагэтуль пішуць, просяць аднавіць жаночую вечарынуМы дапамагалі людзям, выцягвалі з цяжкіх сітуацый, аднойчы адстойвалі дзяўчыну ў ВНУ, калі яе ледзьве не выключылі, дапамагалі парам, з трансгендарамі працавалі. А колькі моцных параў склалася!

На «L-party» хадзілі розныя дзяўчаты — і лесбіянкі, і бісэксуалкі, і тыя, хто проста цікавіцца, скажам так, шукае сябе. Гэта была вельмі разнамасная тусоўка. І ў бальшыні сваёй людзі знаходзілі агульную мову. Вельмі шмат добрых гісторый, усё было не дарэмна. Я гэта ведаю. Многія дзяўчаты змаглі прыняць сваю гомасэксуальнасць. І я лічу самым галоўным пазітыўным вынікам тое, што людзі знайшлі сваю кампанію, сваё месца ў жыцці, аднадумцаў. Я ведаю, што дагэтуль існуе суполка «L-party», людзі камунікуюць, збіраюцца. І гэта ўжо нядрэнна.

Каця Пытлева: Мне дагэтуль пішуць, просяць аднавіць жаночую вечарыну


«Вечарынкі «L-party» былі збольшага адукацыйнымі. У нас была жывая музыка з жаночым вакалам. Яшчэ мы ладзілі розныя творчыя конкурсы, фотаконкурсы. Для кожнай вечарыны я рыхтавала відэасюжэты па гісторыі ЛГБТ, па самых яркіх персонах, творчых людзях. Кожная вечарына была з інфармацыйным зместам. Цяпер амаль усё гэта засталося ў сетцы, любы чалавек можа паглядзець. Таксама мы ладзілі бясплатныя кінамарафоны, дзе паказвалі фільмы на ЛГБТ-тэматыку»


— Што цяпер з людзьмі, якія наведвалі вашыя мерапрыемствы? Па іх колькасці было бачна, што запатрабаванасць у такіх сустрэчах ёсць. Калі патрэба засталася, у што яна трансфармавалася?

— Ёсць вечарынкі, якія робяць іншыя людзі. А ўвогуле не ведаю — не ў тэме. Дзяўчаты пішуць, што ім не хапае, але здаецца ніхто нічога такога на сябе не ўзяў.

— Калі казаць пра пачатак ЛГБТ-актывізму ў Беларусі, то ім можна лічыць 1998 год? Ці было што да гэтага?

— Калі я прыйшла ў 1998-м, ужо была «Лямбда». Прыязджалі шведы, я памятаю, што былі майстар-класы, фестываль на некалькі дзён. Ужо штосьці было. Была арганізацыя «Яна», у якую я ўваходзіла і з якой мы ў 1998—1999 гг. спрабавалі выпусціць часопіс. Адзін нумар выйшаў, а пасля Света [Плаўсюк — Рэд.] сышла з руху, і «Яна» паспяхова закрылася. Гэта была зарэгістраваная арганізацыя, у яе быў гатовы статут. Мы спрабавалі ўзнавіць гэта, дзяўчаты аб’ядноўваліся — яшчэ да «Лабрыса», але мы так і не змаглі рэанімаваць «Яну». Ні ў якім выглядзе. І вырашылі зрабіць нешта новае.

— Быў Эдзік Тарлецкі і «Лямбда», пасля была арганізацыя «Яна», потым вы арганізавалі «Лабрыс», з новага пакалення прыйшоў Сяргей Андросенка з яго «ГейБеларуссю». Ёсць і іншыя імёны, то бок якаясьці гісторыя ў беларускага ЛГБТ-руху ўжо ёсць. Як ты лічыш, ёсць якая-небудзь пераемнасць у ЛГБТ-руху ў Беларусі альбо ініцыятывы з’яўляюцца незалежна адна ад адной, асобнымі ўспышкамі, а пасля знікаюць у нікуды?

— Мне цяжка пра гэта меркаваць, таму што я не бачу нічога новага. Калі я сыходзіла, то спадзявалася, што дзяўчаты будуць падтрымліваць тое, што я стварыла. Думала, што нехта зможа гэта працягнуць. Былі напрацаваныя кантакты амаль з усімі абласнымі гарадамі, гатовы сайт, які працаваў, з наведвальнасцю, сімволікай — усё было. Але, на жаль, усё загнулася.

— Што, як ты думаеш, трэба рабіць, каб змяніць сітуацыю?

— Нашую супольнасць трэба адукоўваць. Трэба працаваць менавіта ў гэтым кірунку. У нас людзі ўвогуле не прывыклі змагацца за свае правы. Калі чалавек, нягледзячы на тое, што яго шмат што не задавальняе, не можа выйсці на звычайны мітынг, то што казаць пра мітынг ЛГБТ, калі супраць цябе ўсе ў нашай краіне! Мала такіх людзей. Каб іх было болей, трэба адукоўваць, прывіваць свядомасць, расказваць, як гэта адбывалася ў іншых краінах, як арганізоўваўся рух, як людзі дамагаліся абароны сваіх правоў на дзяржаўным узроўні.

Фота з архіва Кацярыны
18+
Меркаванні ў артыкулах належаць аўтар_цы і неабавязкова адлюстроўваюць пазіцыю праекта.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта абавязкова актыўная спасылка.