7 студзеня 2014

Вось ужо пяць гадоў тут ніхто не збіраецца

12 032
Чым была Панікоўка для яе сталых наведнікаў? Што яны тут шукалі? Што прымушала прыходзіць сюды кожны дзень «як на працу» і чаму, урэшце, усё гэта знікла?
Изображение:
Мы сядзім з Аняй у кавярні «СаюзАнлайн», што ў Доме афіцэраў у самым цэнтры Мінска. П’ем каву, Аня задуменна кажа: «Вось я табе расказваю, і ў мяне перад вачыма ўсе гэтыя твары… Ну вось жа было, праўда? Цяпер нібыта больш свабоды, а ні халеры няма!» На стале — уключаны дыктафон.

Выбар месца для інтэрв’ю — невыпадковы і сімвалічны. Мы сядзім над месцам, якое многія гады збірала разнамасную квір-публіку Мінска. Гэта Аляксандраўскі сквер — плешка, яна ж Панікоўка, ці «Паніка», як яе называлі заўсёднікі.

Вось ужо амаль пяць гадоў, як тут ніхто не збіраецца.

Чым жа была Панікоўка для яе сталых наведнікаў? Што яны тут шукалі? Што прымушала прыходзіць сюды кожны дзень «як на працу» і чаму, урэшце, усё гэта знікла?


***

Аня (25 гадоў): «Гэта было месца, пра якое ты ведаў дакладна: у любы дзень тыдня пасля шасці вечара сюды можна прыйсці, і там абавязкова будзе хтосьці знаёмы. Так, ва ўсіх былі свае кампаніі і тусоўкі, але ўсе яны збіраліся тут, стыкаваліся на «Паніцы». Не ўсе любілі «Паніку», але ўсё адно ўсе там былі — хто раз на месяц, хто раз на тыдзень, хто кожны дзень.

Са сваёй дзяўчынай я пазнаёмілася менавіта на «Паніцы». Акурат у той год, калі «Паніка» памірала… І гэта вялікі сцёб жыцця! Яна не панікоўская панна, але факт: мы пазнаёміліся там. У гэтым уся «Паніка». Ты можаш там не тусіць, але калі зойдзеш адзін раз у жыцці...»


Панікоўка (ці «Паніка»), як яе звычайна называлі заўсёднікі, — першае месца, з якога мы пачынаем цыкл матэрыялаў пра жыццё ЛГБТ-супольнасці ў Мінску ў мінулыя гады.

У 2013 годзе пасля шматлікіх міліцэйскіх рэйдаў перастаў існаваць першы беларускі гей-клуб (спачатку «Встреча», пасля «Нарцисс» («Люцік»), апошняя назва — «6_А»). У 2009 годзе закрыўся клуб «Вавілон». За ім — шэраг іншых клубаў. Сёння ў Мінску існуе адзіны гей-клуб — «Каста-Дзіва», які пазіцыянуе сябе як клуб выключна для хлопцаў (уваход для дзяўчат туды ў 4 разы даражэйшы). Спынілі сваё існаванне многія ініцыятывы і выданні ЛГБТ-тэматыкі. Гэтым — і далейшымі — матэрыяламі ў рубрыцы «Рэтра» мы хочам захаваць памяць, а таксама бяспечным спосабам зрабіць бачным жыццё ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі.


Вялікі свет

Для большасці маіх суразмоўцаў Панікоўка стала першым месцам, дзе яны пазнаёміліся з іншымі геямі і лесбіянкамі, ці папросту «тэмай», як самі сябе называлі.

Лёша цяпер жыве ў Лондане. Першы раз ён трапіў на Панікоўку ў 2000-м — ужо 14 гадоў таму.

Лёша (35 гадоў): «…досыць выпадкова. Я прыйшоў у інтэрнэт-кавярню «СаюзАнлайн», пасля выходжу, гляджу — сядзяць нейкія людзі. Вось яна — «тэма», падумаў я. У прынцыпе, я нікога там не ведаў, але са мной адразу пазнаёміліся некалькі чалавек, досыць вясёлыя.

Калі я туды прыйшоў, мне здаецца, гэта быў росквіт Панікоўкі. Кожны вечар там збіралася вельмі шмат людзей. Нехта граў на гітары, заўжды спявалі песні — у асноўным Земфіры. І гэта было вельмі файна, бо акрамя бухла людзі яшчэ бавілі час — гулялі ў гульні. Стваралі сабе месца. Афарбоўвалі яго як маглі».


Хтосьці прыходзіў на Панікоўку з надзеяй пазнаёміцца, у іншых ужо былі сталыя адносіны. Так, мая суразмоўніца Таня ўпершыню трапіла на Панікоўку летам 2003 года. На той момант яна ўжо два гады сустракалася з аднакурсніцай, але яны жылі вельмі закрыта. Сваё першае наведванне «Панікі» Таня апісвае як выхад у «вялікі свет».

Таня (29 гадоў): «Я ў «тэме» з 2001 года (смяецца). Не, я і раней пра сябе ведала, але я з маленькага гарадка, сядзела там сабе і думала, што адна на ўвесь свет такая… А тут прыязджаю ў Мінск — і опа!

Мы жылі з ёй у адным пакоі. І праз нейкі час зразумелі, што нам трэба сябе лічыць нечым большым, чым сяброўкамі. Жылі ў такім маленькім свеце. Нікога ў свой закутак не пускалі, не сігналізавалі пра тое, хто мы… Толькі адна з адной і стасаваліся вельмі доўгі час. У 2001 годзе ў верасні мы пачалі жыць разам, зімой ужо спалі ў адным ложку, елі з адной талеркі, пісалі адна адной на пэйджар смскі, маўляў, грэй суп, я іду, і г.д.

Год 2003, канец лета… Я таксама пайшла туды. О так, там было крута, там была гітара, была жахлівая колькасць людзей. І ўсе згуртаваліся, сабраліся вакол мяне (смяецца). Мы гралі песні Земфіры… Мяне па плячы пахлопваў нават Трамвай [са «старажылаў» Панікоўкі — Рэд.] і казаў: «Малыш, давай яшчэ што-небудзь!»


Пытаюся, колькі людзей было ў той вечар на Панікоўцы.

«Ну, не ведаю. Напэўна, чалавек 80. Агромністая колькасць народу!
І можна сказаць, што вось у той дзень у канцы лета 2003 года мы выйшлі ў «вялікі свет»


«Паніка» — гэта школа жыцця»

Падчас падрыхтоўкі матэрыялу я пагутарыла з чатырма дзяўчатамі і двума хлопцамі, адзін з якіх — FtM-транссэксуал. Міша ў свой час прыйшоў на Панікоўку, каб знайсці людзей з падобнымі праблемамі («…гэта ж не тое, што цяпер. Набярэш у інтэрнэце, і табе Вікіпедыя ўсё раскажа, тады ж Вікіпедыі не было. Нічога не было. Вось так і хадзіў па «панікоўках».)

Міша (28 гадоў): «Напэўна, паўгода пратусаваўся. Апошні раз я там быў увесну 2007-га. Людзей ужо меней стала. Але мне пашчасціла.
Калі б я не пачаў тусавацца ў гэтым асяроддзі, я б не знайшоў столькі знаёмых з такімі ж праблемамі — былі на «Паніцы» і транссэксуалы. Пасля ўжо і мне званілі, як даведваліся, казалі: слухай, а куды ісці, я вось таксама такі. За той кароткі час, што я там прабавіў, я і пазнаёміўся з людзьмі, і іншым дапамог, напэўна.

Цяпер дзякуючы інтэрнэту транссэксуал знаходзіць супольнасць транссэксуалаў, а не лесбіянак. Я заспеў час, калі мне давялося ўсё прайсці. Але я не шкадую. Мне весела было».



У гісторыях іншых маіх суразмоўцаў таксама часта гучыць думка, што на Панікоўку прыходзілі ў тым ліку ў пошуках сябе. Гэта было месца, дзе многія атрымалі свой першы досвед камунікацыі з ЛГБТ-асяроддзем. Для некаторых менавіта з гэтага месца пачаўся працэс самаідэнтыфікацыі.

«Паніка» — гэта школа жыцця. Я вось не ведаю, што б рабіла, куды б пайшла, калі б асэнсавала сябе цяпер», — кажа Аня. Першы раз яна трапіла на Панікоўку ў 17 гадоў, калі была студэнткай першага курса. Каб адчуць сябе камфортна, давялося спачатку «прымерыць» розныя ролі.

Аня: «Калі ты нічога не ведаеш пра «тэму», але раптам адчуў патрэбу, ты можаш прыйсці, пазнаёміцца і нейкую інфармацыю атрымаць. Я не люблю сябе ўпісваць у рамкі, але з асэнсаваннем сябе, сваёй арыентацыі праходзіш пэўныя этапы… Ну а як знайсці некага? Натуральна, што ты праз гэтую субкультуру ідзеш і на пэўны час трапляеш пад стэрэатыпы. Ты разумееш: нешта «фем» не ў фаворы, трэба стрыгчы валасы, надзяваць штаны. У мяне да 18 гадоў былі валасы па пояс! Але я прыходзіла, і на мяне ніхто не звяртаў увагі. Думаю: трэба падстрыгчыся, надзець штаны, стаць больш брутальнай.

Гэта такі этап самастанаўлення. Праз нейкі час, калі ты гэта ўсё праходзіш, то проста робішся сабой. З’яўляецца ўнутраная ўпэўненасць. Ёсць нейкі досвед, табе ўжо па барабане, як ты выглядаеш, ты ведаеш, што можаш быць ахуеннай у любым амплуа — хоць з касой па пояс».


Дрэс-код: «Who is too cool for school/ Who is not too cool for school»

Нягледзячы на разнамаснасць тусоўкі, на Панікоўцы была свая іерархія і свае правілы. Пра гэта кажуць амаль усе мае суразмоўцы.

Безумоўна, была свая градацыя. «Who is too cool for school. Who is not too cool for school». Гэта выгаленая херацень на галаве, пафарбаваная. Камелоты, гэтыя мужчынскія штаны з кішэнямі. Дзе яны іх бралі? У якім месцы? Я не ведаю (Аня).

— Былі там, канечне, любімчыкі — такія «зоркі». І былі свайго кшталту «квазімоды», з якіх усе кпілі, ад якіх шарахаліся (Лёша).

Што да дзяўчат, тут іерархія часта выбудоўвалася ў залежнасці ад ступені іх брутальнасці. Самыя жаноцкія (іх называюць фем) займалі найніжэйшую ступень, адпаведна, бучы (найбольш мужчынападобныя) — найвышэйшую.

Таня: «На той старой добрай «Паніцы» ўсё ж дрэс-код быў. Былі і заплечнікі, і кофты з капюшонам ці на замку. Кароткія валасы. Толькі кароткавалосая, з кароткімі пазногцямі «тэма» лічылася «тэмай». Было тры катэгорыі ў залежнасці ад ступені выяўленасці «лесбійскіх прыкметаў». Былі куры, яны ж клавы, былі дайкі і былі бучы.
«Кура», «курачка»… Калі бачылі такіх «тэмаў», мы нават казалі, калі яны праходзілі: «цып-цып-цып». Карацей, клава-кура, пасля дайк — рангам вышэйшая, і яшчэ вышэйшая — буч».



Дзень нараджэння Земфіры


На Панікоўцы было тры галоўныя даты, у якія гэтае месца збірала найбольшую колькасць людзей (паводле некаторых сведчанняў, даходзіла да сотні і больш). Гэта адкрыццё сезону, закрыццё сезону і дзень нараджэння Земфіры, на які з’язджаліся нават з іншых гарадоў. («З году ў год збіралася проста неверагодная колькасць людзей. Хтосьці падганяў машыну бліжэй да «Панікі». Уключалася музыка, бралі гітары, закупалі піва і віно. І мы танчылі, спявалі песні, атрымлівалі асалоду»).

Чаму менавіта Земфіра?

Таня: «Таму што яна была нашай багіняй. Тады не было асаблівага выбару. У прынцыпе яго і цяпер няма. Мы Земфіру любілі страшнай бескарыслівай любоўю. І заўсёды былі рады за яе здароўе выпіць.

Адкрыццё сезону было ў абсалютную дубарыну — у красавіку. Мы стэлефаноўваліся, збіраліся… усе мерзлі, штохвілінна бегалі на «Анлайн» грэцца. І закрыццё таксама: ужо цёпла былі апранутыя, ужо асабліва не насядзішся, на гітарцы не найграешся. Так было заўсёды. Гэта была традыцыя».


Дзень нараджэння Земфіры — хіба адзіная дата, якая нават цяпер збірае людзей на Панікоўцы. Сёння гэта штосьці кшталту «вечара сустрэчы выпускнікоў», на які з кожным годам прыходзіць усё менш людзей.

Аня: «Цяпер нібыта ёсць нейкія патугі кожны год сабрацца, але гэта 20 чалавек. 20 чалавек! Раней 20 чалавек вечар панядзелка збіраў! Прыйсці на паўгадзіны туды было немагчыма. Паўгадзіны ты будзеш толькі здароўкацца і яшчэ гадзіну развітвацца».


«Паніка» — зона камфорту»

Ані было 17, калі яна асэнсавала сваю гомасэксуальнасць. Невыпадкова гэта супала з першымі візітамі на Панікоўку, куды яе прывяла сяброўка, а там — і першымі адносінамі.

Аня: «Я, атрымліваецца, прыйшла на Панікоўку ў 2005 годзе, 17-гадовай паннай, якая яшчэ не вельмі вызначылася са сваёй арыентацыяй, так скажам. Пасля я закахалася.
І, натуральна, калі ты пачынаеш з кім-небудзь сустракацца, ты ў гэтую культуру ўліваешся. Сумесныя вылазкі, шашлыкі, пасядзелкі на кухні, песні пад гітару.

Так і прыйшло асэнсаванне. Не, я пра гэта заўсёды думала і ведала, але неяк… ну, усе ж сустракаюцца з хлопчыкамі… мне ж таксама трэба. Сацыяльна трэба было неяк адпавядаць, і я нібы шукала, але ўнутры нешта не супадала… Ну, і адбылося асэнсаванне. Мне першы час здавалася, што ў мяне на ілбе таблічка: «Я лесбіянка». Еду ў метро, а ўсе бачаць».


Таму менавіта «Паніка» стала месцам, куды можна было прыйсці і пабыць са сваімі, не баючыся, што ўсе глядзяць на таблічку на тваім ілбе.

Аня: «Паніка» — гэта яшчэ была зона камфорту. Ну, а куды ты падзенешся, калі вось так… Як, дзе шукаць? Зразумела, што пасля быў інтэрнэт і ўсё такое. Але «Паніка» — гэта было месца, куды можна было прыйсці і пабыць са сваімі. Канечне, праз год-два ты гэта праходзіш. Было сумна, калі людзі дзесяцігоддзямі сядзелі на «Паніцы».

Таня: «Я проста была ў сваёй талерцы. Мне не трэба было болей… не ведаю… сядзець па розныя бакі стала са сваёй дзяўчынай і рабіць выгляд, што мы ледзьве знаёмыя. Можна было не хавацца. Я магла піць піва, плявацца праз зубы, курыць цыгарэту. Гэта было такое… вар’яцтва. Абсалютна бесшабашны час. Калі ты мог апрануцца ў свае любімыя рэчы — хоць прыгожыя і дарагія, хоць не — і ісці да людзей, якія былі радыя цябе бачыць. Я адчувала сябе нязмушана і вольна. Гэта быў самы насычаны, самы цікавы час у маім жыцці... Я ніколі больш такога не перажывала».



***

Оля і Саша — яшчэ дзве мае суразмоўніцы. Оля (27 гадоў) расказвае, што хадзіла на Панікоўку кожны дзень — «як на працу» («…пасля параў, у шэсць вечара, збіраешся, выходзіш, ідзеш пешшу… кожны дзень гэта было, нават у дрэннае надвор’е... Прычым туды перліся ўсе — таксама як на працу»).

Пытаюся, што такога было ў гэтым месцы, што прымушала ісці кожны дзень, нават у дрэннае надвор’е.

— Ну, людзі, размовы, новыя знаёмствы.

— Дык яны ж былі і ва ўніверсітэце.

— Але гэта іншае!

Да размовы далучаецца Саша.

Саша (28 гадоў): «Для мяне галоўным было тое, што можна было пагаварыць на тэмы, на якія я не магла пагаварыць на працы: як у каго бацькі даведаліся, у каго якія гісторыі… Гэта было вельмі цікава. Калі ў цябе нейкае пытанне ці праблема, ты проста просіш парады. Сядзелі і калектыўна вырашалі, што лепей зрабіць. Ці слухаеш чыесьці размовы і разумееш, што ты таксама з гэтым сутыкнуўся. Я і да гэтага досыць шмат камунікавала, але ў асноўным праз інтэрнэт. А тут, калі бачыш рэальных людзей, то разумееш, што ты не адна. Так, праз гэтыя размовы, адказы і прыходзілі. А калі не, то хаця б лягчэй было».


***

Асаблівасць Панікоўкі была ў тым, што яна знаходзілася ў самым цэнтры Мінска, навідавоку. З аднаго боку, было лёгка кантраляваць тое, што там адбывалася, а з другога, як адзначаюць некаторыя суразмоўцы, праз гэта бракавала інтымнасці. Неўзабаве кавярня «СаюзАнлайн» паставіла гандлёвыя намёты на вуліцы побач з Домам афіцэраў. З таго часу людзей пачало збірацца менш («Стала не зусім камфортна: сядзіш, а за табой людзі за столікамі… Парушылася інтымнасць месца»).

Таня: «Мы ж усе былі залежныя, усе вучыліся, толькі-толькі з бацькоўскага дому, нам не хацелася праблемаў, свяціцца, таму калі нехта сядзеў збоку і глядзеў, як мы п’ем-гуляем, адна адну цалуем ці нават проста буську даем… мы пастаянна былі такія… насцярожаныя…»



Заняпад Панікоўкі

Першы раз Аня прыйшла на Панікоўку ў 2005 годзе, а ў 2008-м туды ўжо амаль ніхто не хадзіў.

«На маіх вачах яна памерла», — кажа Аня. Я думаю, што гэта гучыць неверагодна сумна і паэтычна — нібыта гаворка пра жывога чалавека. Цікава, але такое самае адчуванне ў мяне з’яўлялася і падчас іншых інтэрв’ю. Напрыклад, калі я запыталася, як доўга Таня наведвала гэтае месца, яна адказала: «Да канца навучання я захоўвала вернасць «Паніцы».

Таня: «Калі я прыйшла на «Паніку», ва ўсіх было неяк гладка ў адносінах. Людзі, якія шукалі пару, яе знайшлі. Ва ўсіх была такая… цішыня ды супакой, як на возеры. Таму ўсе былі там шчаслівыя. А з часам нехта пасварыўся, нехта вырашыў крута жыццё змяніць — з’ехаў у Маскву ці Піцер, нехта знайшоў пару і закрыўся ў сваім маленькім свеце, задаволены гэтымі стасункамі. І таму «Паніка» павольна-павольна, але няўхільна пачала перараджацца. Туды пачалі хадзіць такія… маляўкі… мы іх называлі «пакаленне Next», адна нават спрабавала граць на гітары, але яны ніколі не былі… нейкімі фальшывымі яны былі…
Мы ніколі не верылі, што яны насамрэч ад усяго сэрца туды ходзяць. І ў «Паніку» вераць, і «Паніку» любяць. Адно пакаленне адцвіло, прыйшло іншае, але яно было нейкае каравае. І там, на гэтай «Паніцы», доўга не затрымалася».


Недзе з 2007 года, як сведчаць заўсёднікі, частымі гасцямі на Панікоўцы стаў АМАП. Гэта таксама стала прычынай «заняпаду» Панікоўкі («Ганяць пачалі часцей. З гэтымі законамі — піва не піць у грамадскіх месцах, не збірацца больш за 5 чалавек…»).

Аня: «Часам падыходзілі з тлумачальнымі размовамі, кшталту «Дзяўчаты, навошта вам гэта трэба? Знайдзіце сабе мужыка!» Галоўнае было, каб яны не трапляліся якому-небудзь агрэсіўнаму бучару. А там такія былі. Былі сутычкі».

Лёша: «Нават калі яшчэ было можна было піць піва, пачаў вельмі часта падыходзіць нарад АМАПу. Усе ведалі, што там збіраюцца геі і лесбіянкі, і заўсёды ўсё было добра. А тут... Наколькі я памятаю, часцей здараліся канфлікты паміж дзяўчатамі і АМАПам, таму што дзяўчаты больш агрэсіўна ставіліся да супрацоўнікаў аховы парадку».



Была рамантыка ці не было?

Цягам усіх інтэрв’ю я не магла пазбавіцца адчування лёгкага рамантычнага флёру, які атачае аповеды пра Панікоўку.

Аня: «Увогуле, заўсёды гэта было так. Паніка. А пасля нечая кватэра. Кухня, гітара, слёзы. Песня «Сербернары». Я помню гэты момант, калі мы збіраліся — розныя, на падлозе. Гучала гэтая песня. Грэбаная. Сербернары. Ты ўспамінала ўсё сваё трагічнае каханне. Глядзіш на свае шрамы. Плачаш. І думаеш: «Сука».

Ну, нейкая прыгажосць была. Ці гэта я, шызанутая, знаходжу ў гэтым прыгажосць? Тут акрамя бухалава было... Было яшчэ нешта. Была рамантыка».


Лёша расказвае, як людзі бавілі час на «Паніцы» («Часамі даходзіла да таго, што гулялі ў нейкія гульні, я ж звычайна сядзеў з кім-небудзь, балбатаў»). Пытаюся, на якія тэмы.

Лёша: «Пачынаючы з аповедаў пра сэксуальныя прыгоды і заканчваючы палітычнымі тэмамі. Хтосьці расказвае пра сваё новае каханне, хтосьці — як было ў ложку, хтосьці — як учора было на «Люціку», хтосьці — пра кніжку, што прачытаў. Панікоўка не навязвала тэмаў для размовы».

Пры гэтым Лёша некалькі разоў падчас размовы падкрэслівае, што ніякай рамантыкі на Панікоўцы не было.

Лёша: «Гэта было не самае культурнае месца. Няма ў гэтым ніякай высокай паэзіі. Але і дурноты няма. Маладыя людзі заўжды так бавілі час: за півам, з гітарамі, у размовах… Хтосьці цалаваўся, хтосьці сядзеў адно ў аднаго на каленках. Гэта была свайго кшталту рэзервацыя. Там не было актывізму, нейкіх ідэяў. Усё было нацэленае на тое, каб файна бавіць час».

Але праз нейкі час, падумаўшы, дадае:

«Не, яна была. Але гэта, ведаеш, такая паэзія, дзе няма гучных словаў… Я не вельмі веру ў ЛГБТ-лозунгі, шмат што застаецца гучнымі словамі, а на Панікоўцы акурат не было лозунгаў і актывізму, а было жыццё кам’юніці. І ў гэтым акурат паэтыка месца: там не было палітыкі, не было гэтых рытарычных «давайце, за правы геяў і лесбіянак, вясёлкавыя сцягі».

Файныя былі часы, як бы хто цяпер ні пляваўся. Панікоўка — маці нашая. Я гэта гаварыў заўжды».

Рэдакцыя MAKEOUT шукае людзей, якія заспелі ранейшыя часы «Панікі» і могуць падзяліцца ўспамінамі.


Анни
25 лет
Егор
20 лет
Полина
21 год
Настя
32 года
Юрий
40 лет
Полина
22 года
Юра
22 года
Юлия
23 года