13 лютага 2014

«Жыццё Адэль»: некалькі разваг пасля прагляду

2 246
Часам хочацца паглядзець на фільм як на кнігу. Зразумела, што кіно патрабуе зусім іншых падыходаў — і ўсё ж звычайна (хаця далёка не заўсёды) і кнігі, і фільмы расказваюць нам нейкую гісторыю.
Изображение: victoria_fernandez
© victoria_fernandez
Часам хочацца паглядзець на фільм як на кнігу. Зразумела, што кіно патрабуе зусім іншых падыходаў — і ўсё ж звычайна (хаця далёка не заўсёды) і кнігі, і фільмы расказваюць нам нейкую гісторыю. І хаця проста расказваннем гісторыі ні кніга, ні фільм не абмяжоўваюцца, менавіта гісторыя запамінаецца нам найбольш. Пра гульню актораў, і пра рэжысёрскую працу я як шараговы глядач магу сказаць няшмат: акторы гралі добра (наўрад ці ў якасным кіно бывае іначай), карцінка перад вачыма ішла прыгожая. Але сама расказаная гісторыя выклікае мноства развагаў. Часам нават вельмі літаратуразнаўчых.

Жыццё Адэль ці жыццё Марыяны?

Першае, на што звяртае ўвагу і чытач, і глядач (а часам гэта тое, што прымушае выбраць тую ці іншую кнігу ці фільм), — гэта назва. «Жыццё Адэль» — назва простая, але адначасова з падвойным дном. Не ведаю, што з назвамі такога кшталту дзеецца ў кіно (хаця ў галаву адразу ж прыходзіць, напрыклад, «Жыццё іншых» 2006 года, фільм пра Штазі), аднак у літаратуры назвы такога тыпу маюць надзвычай даўнюю і багатую традыцыю. Спачатку жыцці імператараў, военачальнікаў і святых (асабліва святых!) поўніліся дзівосамі і цудамі, а потым і літаратура ўзялася за жыццяпісы тых ці іншых выдуманых персанажаў: «Жыццё Марыяны» П’ера Марыво, трохі пазней — «Жыццё і меркаванні Трыстрама Шэндзі, джэнтльмена» Лорэнса Стэрна, зусім нядаўна — «Жыццё Пі» Яна Мартэла і «Жыццё і час Міхаэля К.» Дж. М. Кутзэе. Дарэчы, «Жыццю Марыяны» ў фільме прысвечаны адзін школьны эпізод: вучні чытаюць урыўкі з рамана і разбіраюць іх. Што цікава, раман расказвае пра лёс дзяўчыны, з якой здараецца безліч непрыемнасцяў, ключавая сярод якіх — стасункі з каханым. Пераадолеўшы ўсе выпрабаванні, Марыяна разумее, што мірнае жыццё яму не цікавае і што ён акурат паспеў закахацца ў паненку, з якой яго чакаюць новыя нягоды. Марыяна застаецца адна, і на гэтым раман абрываецца: Марыво так яго і не скончыў. Ці варта шукаць паралелі паміж двума гэтымі сюжэтамі — справа кожнага гледача. Тое ж датычыць і сюжэта пра Антыгону, які таксама разбіраецца на адным з урокаў. Як толькі Антыгона страчвае сваю інфантыльнасць, яна памірае, кажа настаўніца (усе цытаты тут і далей даюцца прыблізна настолькі, наколькі магчыма памятаць цытаты з фільма, прагледжанага некалькі дзён таму). Ага, інфантыльнасць, можам падумаць мы і тут жа ўспомніць галоўную гераіню фільма, якая нават пасля заканчэння школы выглядае як школьніца.

Меншасць і прыватнасць

«Жыццё Адэль»: некалькі разваг пасля прагляду
© murddoc

Сама назва «Жыццё Адэль» адразу скіроўвае ў рэчышча абагульненняў. Прыватная любоўная гісторыя — пераказваць яе не буду, кароткі змест можна прачытаць ну хаця б на рускамоўнай Вікіпедыі, — якую то хваляць за «абуджэнне сэксуальнасці», то лаюць за «бязглуздасць і непераканаўчасць», здаецца мне тут разважаннем пра гендар і каханне ў крыху шырэйшым ключы, чым уласна жаночая пачуццёвасць і тэма аднаполых стасункаў.

Перад намі дзве гераіні, Адэль і Эма, абсалютна розныя жанчыны, якія вядуць абсалютна розны лад жыцця. Першая спачатку вучыцца, а потым працуе ў школе, у яе кансерватыўная сям’я, ад якой яна хавае свае стасункі, сябрам і калегам таксама нічога не расказвае. Другая вучыцца ва ўніверсітэце, спрабуе знайсці сябе ў творчасці, вядзе багемны лад жыцця. Ёй няма патрэбы нічога хаваць, бо яе атачэнне не толькі прымае яе арыентацыю, але і ў асноўным складаецца з аднадумцаў — і ў сферы мастацтва, і ў сферы сэксуальнасці. Адэль у гэтай яркай і стракатай кампаніі аказваецца ў меншасці. Падкрэслена вострая рэакцыя Эмы на здраду Адэль, прычым здраду менавіта з мужчынам, пацвярджае гэтую думку.

«У пэўны момант здалося, што гэта яшчэ і сатыра на самазакаханую багему, свет, у якім мае значэнне толькі штурмаванне вышыняў і з якога Адэль рана ці позна ўсё адно давядзецца сысці, незалежна ад таго, здрадзіць яна Эме ці не»

Аднак ніякай сатыры насамрэч тут няма: гэта проста жорсткае сутыкненне двух спосабаў існавання, у якім кожны ёсць тым, кім ён ёсць.

У адрозненне ад Эмы, дзяўчыны, якая выглядае як заўсёдніца гей-клубаў, Адэль падобная хутчэй да жыхаркі той кансерватыўнай Францыі, якая пра існаванне гей-клубаў, безумоўна, ведае, але не надае гэтаму факту асаблівай увагі. Лад жыцця Эмы шмат у чым вызначаецца і ўпарадкоўваецца яе сэксуальнасцю, сэксуальнасць жа Адэль — стыхійная і ўніверсальная. Адэль у чымсьці падобная да герояў «Гарбатай гары», якія крычаць: «Мы не геі!», а потым адкрываюць для сябе новае пачуццё, яна не дае вызначэнняў таму, што з ёй адбываецца, і не вельмі ўпісваецца ў субкультуру, якая адкрываецца ёй пасля знаёмства з Эмай. Варта ўспомніць эпізод з гей-парадам: гэтае свята жыцця нібыта праходзіць міма Адэль, якой не цікавыя рытуалы далучэння да братоў і сёстраў па арыентацыі, а цікавае ўласнае каханне і жыццё. Эма змагаецца за права адкрыта выяўляць сваю сэксуальнасць (адсюль — размова па тэлефоне, у якой мастачка абураецца тым, што змест яе карцін робіцца перашкодай для арганізацыі выставы), Адэль жа абараняе прыватнасць свайго пачуцця.

Простыя рэчы, вечныя тэмы

«Жыццё Адэль»: некалькі разваг пасля прагляду
кадр з фільма «Жыццё Адэль»

На ўзроўні асацыяцыяў і матываў «Жыццё Адэль» нагадвае «Маладую і прыгожую» Франсуа Азона, яшчэ адзін нашумелы мінулагодні фільм пра станаўленне пачуццёвасці і пошук сябе. Менавіта ў гэтым, як на мяне, і палягае цікавасць фільма «Жыццё Адэль»: аднаполыя стасункі тут паказаныя не ў канфлікце з грамадствам ці асяроддзем (хаця тэма гэтая ўскосна ў фільме закранаецца), і яны ўводзяцца ў фільм не для таго, каб уразнастаіць яго ці зрабіць тэму кахання менш банальнай. Сама думка пра тое, што можна быць у меншасці сярод прадстаўнікоў меншасці, што адчуванне сябе іншым не абавязкова мусіць яднаць, а таксама што можна быць іншым, не адчуваючы гэтага, вяртае нас ад правакацыйнай тэмы (ого, колькі лесбійскага сэксу!) да развагаў пра самыя звычайныя рэчы — ці не вяртае, калі меркаваць з рэакцыі мужчынскай часткі залы на тыя знакамітыя 10 хвілінаў: бурныя воплескі і крыкі «Яшчэ! Яшчэ!»

Ганна Янкута

Аб праекце Звязацца з камандай English
Лого MAKEOUT
Сайт належыць Сацыяльна-інфармацыйнай ўстанове па падтрымцы праектаў ў сферы гендэрнай роўнасці "АУТЛАУД", якая зарэгістравана 20 сакавіка 2018 г. Мінгарвыканкамам. Статут можна спампаваць тут.