14 красавіка 2014

Чаму камін-аўт — гэта не для ўсіх

9 560
Изображение: Светлана Гатальская для MAKEOUT
© Светлана Гатальская для MAKEOUT
Нядаўні камін-аўт Элен Пэйдж даў квір-кам’юніці нагоду для свята.

Хаця прывілеяванае становішча Пэйдж і робіць яе абставіны чужымі большасці, важна і натхняльна тое, што колькасць публічных фігураў, гатовых заняць цвёрдую пазіцыю і паказаць прыклад сваім прыхільнікам, з часам расце.

У сваім выступе Пэйдж прызналася, што адчувала, нібыта «маніць сваім бяздзеяннем», не ў стане адкрыта заявіць пра сваю сэксуальнасць, якая была прадметам спекуляцыяў з часоў галівудскага дэбюту акторкі.

Тады рэакцыя была збольшага станоўчай. Жанчыны-квіры масава радаваліся. У сваёй навіне пра гэта Кампанія за правы чалавека (HRC) віншавала Пэйдж з рашэннем «жыць сапраўдным жыццём».

Але што такое «сапраўднасць» квіра? І хто возьмецца яе акрэсліць?

Наступствы камін-аўта

Нешта мяне бянтэжыць, калі я думаю, што пацягне за сабою камін-аўт Пэйдж.

Пачнем з таго, што і сярод натуралаў, і сярод квіраў абавязкова знойдуцца тыя, хто не прапусціць магчымасці радасна паведаміць: «А я ж казаў!»

Яны гучна заяўляюць, што зусім не ўражаныя, бо ў камін-аўце Пэйдж няма нічога такога. «І каго яна думала абдурыць?» — пакепліваюць яны.

Не трэба гэтай дураты. Камін-аўт — асабістае рашэнне кожнага і важная падзея ў жыцці многіх.

«Незалежна ад таго, наколькі вам «усё было ясна» пра іхную сэксуальнасць, не змяншайце значнасці іх учынку і іх права быць пачутымі і прынятымі»

А такія крокі публічных асобаў увогуле бясцэнныя.

Нават цяпер адкрытасць у асабістым жыцці можа вельмі згубна паўплываць на кар’еру. Гэта цяжка, і гэта не варта абясцэньваць да банальных жартачак пра геяў.

Таксама мяне вельмі чапляе рыторыка, якой паслугоўваюцца ўсе, уключаючы Элен Пэйдж.

«Маніць», «бяздзеянне», «сапраўдны» — усе гэтыя словы мяркуюць адназначны падман, нібыта той, хто яшчэ не «выйшаў з шафы», наўмысна спрабуе ашукаць тых, хто звонку. І гэта мне не вельмі падабаецца.

Камін-аўт робяць не аднойчы

Мне здаецца, што ў заходняй культуры досвед квіра пачаў разглядацца як існаванне, адзначанае пячаткай сораму і падазронасці да таго часу, пакуль чалавек урэшце не ўдарыць па дзверках шафы, змушаючы іх адкрыцца і сігналізуючы такім чынам пра гатоўнасць прыняць сваю сапраўдную сутнасць.

Станоўчыя эмоцыі, якія звязваюцца з камін-аўтам, умацоўваюць такі аптымістычны погляд.

Чалавек, які робіць камін-аўт, з вялікай імавернасцю будзе апісаны як смелы, мужны ці годны, у той час як той, хто камін-аўта не зрабіў, лічыцца несумленным, поўным ілюзіяў альбо агіды да сябе.

У рэальнасці ж не ўсё так проста.

Адзін мой выкладчык аднойчы апісаў гэтую «шафу» як надбудову, якую ты заўсёды носіш з сабой.

Мы гаворым сабе, што варта толькі раз зрабіць камін-аўт — і ўсё будзе добра, але гэта не так.

«Закрытасць — гэта не пластыр, які адзін раз здзёр і ўсё. Табе давядзецца рабіць камін-аўт зноў і зноў цягам усяго жыцця»

У гэтым корань праблемы і прычына, з якой міф пра камін-аўт як чароўную браму ў законную квір-будучыню пачынае разбурацца.

Камін-аўт — не для кожнага, і гэта мусіць быць нармальным.

Усё новыя штучныя іерархіі «сапраўднасці» існавання квіра прыводзяць толькі да пастаяннай цыркуляцыі віны («Я павінен зрабіць камін-аўт, іначай я падробка»). Гэта змушае пакутаваць тых, хто застаецца па-за гэтымі іерархіямі і каму камін-аўт не ўяўляецца магчымым.

Чаму камін-аўт рабіць не варта?

Тое, што мы мусім прабягацца па спісе прычын, з якіх камін-аўт непажаданы, падаецца смешным, але гэта паказвае, наколькі глыбока ўкараніўся «камінаўтавы» спосаб мыслення.

Некаторыя прычыны відавочныя: напрыклад, чалавека пасля гэтага можа не прыняць сям’я. Магчыма, хтосьці не мае пастаяннай крыніцы прыбытку ці не можа сам сябе забяспечваць і не хоча застацца бяздомным.

Таксама цалкам зразумелая любоў да людзей, якія цябе выгадавалі, і нежаданне, нягледзячы на несупадзенне поглядаў, пазбавіцца іх падтрымкі.

Магчыма, хтосьці баіцца страціць працу.

Магчыма, здзейсніўшы камін-аўт, яны больш не атрымаюць роўнага доступу да такіх неабходных рэчаў, як, напрыклад, медыцынская дапамога.

На жаль, многія культурныя і рэлігійныя ўстаноўкі не прымаюць і не прызнаюць нічога, што выходзіць за межы гетэрасэксуальнасці.

І гэты спіс можна доўжыць.

Вас не мусіць прыгнятаць выбар паміж сваёй арыентацыяй і звыклым ладам жыцця. Не хочаце — не рабіце.

Не менш важна тое, што пастаяннае здзяйсненне камін-аўта раздражняе і вымотвае. Некаторыя проста не хочуць сябе гэтаму падвяргаць.

Смешна і нават крыху страшна выглядае нашае чаканне, што людзі зробяць здабыткам грамадскасці сваю сэксуальнасць, каб прыдбаць цэласнасць сваёй асобы.

Калі вы з кімсьці чужыя адно аднаму, ведаць пра яго штосьці — не вашае права і нават не вашая справа. Ніхто не абавязаны апраўдвацца перад вамі за свае прыхільнасці.

Раскрываць ці не раскрываць сваю сэксуальнасць?

«Што б вы ні выбралі, гэта ні ў якім разе не сведчыць пра вашую самапавагу ці яе адсутнасць і не вызначае вас як чалавека, вартага ці не вартага ўхвалы»

Гэта асабістае, а асабістае павіннае такім і заставацца, калі толькі чалавек не вырашыць іначай.

Камін-аўт — ваш уласны выбар

Я зусім не збіраюся чарніць ці дэманізаваць чыёсьці рашэнне ўсё ж зрабіць камін-аўт. Атрымацца можа выдатна, і многія разглядаюць яго як неад’емную частку сваёй ідэнтычнасці.

Я толькі хачу сказаць, што мы не павінныя асуджаць чалавека за нежаданне распараджацца сваім прыватным жыццём так, як падаецца дарэчным нам.

Я ведаю, што многія прагнуць як мага больш шумных і скандальных заяваў, але варта ўсё ж памятаць, што гэтая прага не абавязвае знакамітасцяў адкрыта абвяшчаць пра сваю арыентацыю.

У публічных людзей таксама ёсць прыватнае жыццё.

Таму, хто стане тварам квір-кам’юніці ў вачах грамадскасці, пагражае не толькі нечуваны ціск з боку соцыуму, але і далейшае жыццё, азмрочанае паўсюднымі здагадкамі пра тое, з кім вы сустракаецеся ці спіце.

Найбольш непрыемны пабочны эфект такога таўра — тое, што квіры перанялі пануючыя ўяўленні: маўляў, калі ты не гаворыш адкрыта пра сваю сэксуальнасць, значыць, ты маніш.

Прывяду ў якасці прыкладу сябе.

Маё паходжанне і прывілеяванае становішча дазваляюць не хвалявацца пра сваю бяспеку, бацькоўскае непрыняцце альбо фінансавыя цяжкасці.

Нягледзячы на гэта, а таксама на адсутнасць у мяне пары, я ўсё яшчэ пачуваюся няёмка ў кампаніі тых, хто не ведае, што я бісэксуалка.

Далучанасць да квір-кам’юніці наклала на мяне моцны адбітак, таму я баюся памыліцца і сказаць нешта такое, што прынясе маім сябрам няёмкасць альбо зменіць іх уяўленне пра мяне.

Такое адчуванне, нібыта я наўмысна не кажу нічога і захоўваю таямніцу, хаця гэтая тэма ў размове ніколі не ўсплывала.

Але чаму я павінная ім казаць, калі гэта абсалютна не ўплывае на нашыя адносіны? А з іншага боку... калі я не хачу гаварыць, ці не значыць гэта, што я падсвядома саромеюся сябе?

Гэты праблемны дэвіз «закрытых» квіраў, што гучыць як «усё альбо нічога», у пэўных абставінах можа і дапамагчы, але можа і нарадзіць агідную і нікому не патрэбную няўпэўненасць у сабе.

«У «закрытасці» не павінна быць месца для самаадмаўлення ці сораму. Для некаторых гэта бяспечная гавань і схоў ад няўхвальных ацэнак свету»

Рашэнне заставацца закрытым вашай ідэнтычнасці шкоды не прынясе.

Урэшце, вы можаце не зважаць на існаванне «шафы», і гэта таксама крута. Вашая сэксуальнасць не мусіць быць вашай вызначальнаю рысай.


Калі рабіць камін-аўт і ці рабіць яго ўвогуле — цалкам ваш выбар.

Зрабілі — віншую!

Не зрабілі — вашая справа.

Сваю сэксуальнасць і ідэнтычнасць вы фармуеце, пражываючы сваё ўласнае жыццё, а не скачучы праз абруч, каб здабыць прызнанне іншых.

Я радуюся радасці Элен Пэйдж з нагоды яе камін-аўта.

Нягледзячы ні на што, яе жыццё было, ёсць і заўсёды будзе сапраўдным.

Эрын Татум, EverydayFeminism