Трэці іншы

У самай знакамітай сваёй працы «Трэці пол: Лёс пасынкаў Прыроды» прафесар Арон Белкін паспрабаваў акрэсліць межы паміж поламі, даводзячы, што строгі падзел свету на «мужчынскі» і «жаночы» — фікцыя.
25 жніўня 2014 | 1 919 | Каментары
© Christer Strömholm. В статье использованы фотографии из серии портретных снимков парижских транссексуалов, собранной и опубликованной под общим названием «Les Amies de Place Blanche» — уникального арт-исследования, созданного фотографом в период с 1956 по 1964 гг.
Паводле даследаванняў тральфамадорцаў*, што назіралі за Зямлёй са сваіх касмічных караблёў, на нашай планеце ёсць не менш за сем розных полаў, прычым для працягу чалавечага роду ўсе яны абсалютна неабходныя. Дзве з гэтых палавых групаў мы і самі някепска ўяўляем, астатнія ж дзейнічаюць толькі ў чацвертым вымярэнні:
Тральфамадорцы паспрабавалі дапамагчы Білі Пілігрыму ўявіць адрозненні сярод полаў у нябачным для яго вымярэнні. Яны казалі яму, што зямныя дзеткі не могуць нарадзіцца без удзелу гомасэксуалістаў. Аднак дзеткі могуць нарадзіцца без удзелу лесбіянак. Да таго ж дзеткі не могуць нарадзіцца без удзелу жанчынаў, якім больш за шэсцьдзесят пяць гадоў. Дзеткі могуць нарадзіцца без удзелу мужчынаў, якім больш за шэсцьдзесят пяць гадоў. Дзеткі не могуць нарадзіцца без удзелу іншых дзетак, якія пражылі пасля нараджэння адну гадзіну ці менш. І гэтак далей.

Курт Вонэгут «Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак», пераклад Паўла Касцюкевіча

Прафесар Арон Белкін (1927—2003) у сваіх даследаваннях далёкі ад радыкалізму тральфамадорцаў, аднак яго высновы таксама пераварочваюць уяўленні пра ісціны, якія доўгі час здаваліся непарушнымі. У самай знакамітай сваёй працы «Трэці пол: Лёс пасынкаў Прыроды» (Москва, 2000 г.) ён паспрабаваў акрэсліць межы паміж поламі, даводзячы, што строгі падзел свету на «мужчынскі» і «жаночы» — фікцыя. «Звыклае меркаванне, быццам род чалавечы складаецца з мужчын і жанчын, не вытрымлівае строгай праверкі. Паміж двума поламі няма выразнай мяжы. Ёсць вялізная нейтральная прастора. Яе напаўняюць людзі, якіх нельга аднесці ні да мужчынскага, ні да жаночага полу», — гаворыцца ў анатацыі да кнігі, аднак тэма працы шырэйшая і яшчэ больш неадназначная.

Трэці іншы
© Christer Strömholm


На пытанне межаў паміж поламі аўтар глядзіць з розных перспектыў: ён прыцягвае і антычныя міфы, і біблейскія гісторыі, і навуковыя тэорыі, сярод якіх ёсць і даволі фантастычныя, і цалкам правераныя часам. Але самае важнае ў гэтай кнізе — гэта гісторыі людзей, з якімі Арону Белкіну, псіхатэрапеўту, сэксолагу, заснавальніку савецкай школы псіханейраэндакрыналогіі, доктару медыцынскіх навук, даводзілася працаваць і якім ён змог дапамагчы. Яшчэ з 1970-х гадоў Белкін змагаўся за тое, каб гомасэксуальнасць перастала лічыцца злачынствам, і доўгі час быў адзіным спецыялістам, які меў права выдаваць транссэксуалам дазвол на хірургічную карэкцыю полу. Аднак навуковыя званні аўтара не мусяць адпужваць чытачоў: кніга напісаная даступнай мовай, і нават складаныя медыцынскія пытанні асвятляюцца ў ёй без злоўжывання спецыяльнай тэрміналогіяй.


Першая з’ява, якая разглядаецца ў кнізе «Трэці пол», — гермафрадытызм, альбо інтэрсэксуальнасць, — можа разбурыць многія звязаныя з полам стэрэатыпы. Бо існуюць не толькі тыя, каго прыцягваюць прадстаўнікі таго ж полу (гомасэксуальнасць), не толькі тыя, у каго фізічны пол не адпавядае ідэнтычнасці (транссэксуальнасць), але і тыя, у чыім целе і свядомасці прысутнічаюць прыкметы абодвух полаў (інтэрсэксуальнасць). Белкін апісвае доўгі працэс фармавання полу ў зародка, які мае шэраг стадыяў, і на любой з іх развіццё можа пайсці нестандартным чынам, а таму праяваў і відаў «трэцяга полу» існуе шмат. На сённяшні дзень медыцына вызначае пол генетычным аналізам (чыста вонкавага, акушэрскага агляду нованароджанага часта бывае недастаткова), пры неабходнасці робіцца хірургічная і гарманальная карэкцыя. Паводле Белкіна, трансфармацыя пройдзе максімальна лёгка, калі аперацыя зробленая ў раннім дзяцінстве, да трохгадовага ўзросту. Аўтар кнігі «Трэці пол» лічыць, што ў такім выпадку з праяваў гермафрадытызму могуць застацца толькі пэўныя рысы характару, больш звыклыя для процілеглага полу.

Усе людзі на пэўных стадыях эмбрыянальнага развіцця маюць прыкметы абодвух полаў, а таму патэнцыйна нашыя арганізмы нясуць у сабе магчымасць двухполасці. Белкін шмат гадоў працаваў з людзьмі, у якіх фармаванне полу пайшло нестандартным чынам і якім аперацыю з нейкіх прычынаў у дзяцінстве не зрабілі — і час быў іншы, і спецыялістаў, якія маглі дыягнаставаць «трэці пол», было мала, — і такім людзям у амаль дарослым узросце даводзілася цалкам мяняць ідэнтычнасць (такога кшталту карэкцыя полу магчымая толькі да 25 гадоў, пазней наступствы памылкі робяцца незваротнымі). Новапабудаваная ідэнтычнасць яшчэ доўгі час вельмі крохкая, часта па віне грамадства, якое не заўсёды гатовае прымаць такіх людзей, зрэшты, як і ўвогуле «іншых».

Асобную ўвагу Белкін звяртае на так званы «сацыяльны пол», гаворачы пра тое, што, хаця мужчыны і жанчыны ніколі не будуць аднолькавымі, многія адрозненні паміж двума поламі штучныя, выпрацаваныя грамадствам, і пераадолець іх не змагло нават стагоддзе эмансіпацыі. У якасці прыкладу ён прыводзіць падыходы да выхавання дзяўчынак і хлопчыкаў. Бацькі і выхавальнікі ў дзіцячых садках несвядома культывуюць у іх розныя якасці: дзяўчынак заахвочваюць быць паслухмянымі і акуратнымі, тым часам як у хлопчыках гэта лічыцца неабавязковым, і іх прывучаюць да большай самастойнасці і рашучасці.

Трэці іншы
© Christer Strömholm


Апроч гермафрадытызму ў кнізе разглядаецца яшчэ тры з'явы: скапецтва як адзін з варыянтаў бясполасці, гомасэксуальнасць і транссэксуальнасць. Скапецтва Белкін разглядае на прыкладзе рускай містычнай секты, якая з’явілася ў XVIII стагоддзі і ўзводзіла аперацыю па лягчанні ў ранг богаўгоднай справы — гэтая частка кнігі ўяўляе сабой гістарычны экскурс у гісторыю секты з паралельнымі каментарамі. Дзве астатнія тэмы падаюцца ў кнізе даволі супярэчлівым чынам. Аўтар расказвае пра свой шлях ад студэнта, якому на лекцыях гомасэксуальнасць выкладалася недзе паміж шызафрэніяй і чымсьці яшчэ не самым бяскрыўдным, да спецыяліста, які з нетрадыцыйнай арыентацыяй працуе, то бок шчыра ставіцца да такіх людзей з павагай, аднак у выніку робіць выснову, што вылечыць гомасэксуалаў можна. Тым не менш, гэтая аптымістычная выснова падаецца нелагічнай у дачыненні да ўсяго прыведзенага ў частцы матэрыялу. З аднаго боку, Белкін пагаджаецца, што лячэнне гомасэксуалаў доўгі час было вельмі небяспечным для жыцця пацыентаў і што ніводная з тэхнік сябе не апраўдала: фактычна, ніхто не зафіксаваў вартага ўвагі станоўчага выніку. З іншага боку, у савецкія часы нетрадыцыйная арыентацыя цягнула за сабой крымінальны артыкул, таму найлепшы спосаб, якім доктар мог дапамагчы такім людзям, — гэта і праўда пачаць іх лячыць.

Белкін расказвае пра сваіх пацыентаў, якія прыходзілі да яго і малілі зрабіць іх «нармальнымі». Для пачатку ён спрабаваў пазбавіць сваіх пацыентаў пачуцця віны і дапамагчы ім адчуць сябе паўнавартаснымі людзьмі. Калі пацыент настойваў на працягу лячэння, доктар спрабаваў зрабіць з яго гетэрасэксуала, але што атрымлівалася ў выніку? Аўтар прызнае, што часам удавалася абудзіць у геях цягу да жанчын (некаторыя з іх нават потым ажаніліся і нарадзілі дзяцей), але пры гэтым цяга да мужчынаў нікуды не знікала. Фактычна яны ператвараліся ў бісэксуалаў: у адной з гісторыяў аўтар згадвае, што адзін такі жанаты бісэксуал быў вымушаны весці падвойнае жыццё. У кнізе не прыводзіцца ніводнага выпадку поўнай і канчатковай змены арыентацыі, і ўсё ж яе аўтар сцвярджае, што лячыць гомасэксуалаў можна. Зрэшты, ён робіць пры гэтым шмат агаворак пра тое, што дагэтуль невядома, якія хімічныя і іншыя працэсы адказныя за гомасэксуальнасць.

Трэці іншы
© Christer Strömholm



Разважаючы над сутнасцю «трэцяга полу», Арон Белкін прыводзіць некалькі тэорыяў наконт яго месца ў гісторыі чалавечага роду. І хаця гучаць яны досыць фантастычна і адразу ж выклікаюць згадкі пра раман Курта Вонэгута «Бойня № 5», нельга не задумацца пра тое, што ў прыродзе не бывае нічога выпадковага.

1. Улічваючы, што любы чалавечы арганізм у зародкавым стане перажывае пэўныя стадыі двухполасці, розныя праявы «трэцяга полу» (гомасэксуальнасць, транссэксуальнасць, інтэрсэксуальнасць) — гэта рэалізацыя іншых магчымасцяў развіцця, закладзеных у чалавеку прыродай. Такім чынам дасягаецца біялагічная разнастайнасць, якая хоць і не вядзе да размнажэння, але ўзбагачае від, бо для эвалюцыі мае значэнне не толькі колькасць, але і якасць.

2. Улічваючы, што «трэці пол» не здольны да размнажэння, гэта можа быць адзін з прыродных механізмаў рэгуляцыі колькасці віду, які захапіў занадта шмат тэрыторыяў.

3. Калі на хвілінку ўявіць, што чалавек — не «вянец тварэння», а толькі адно са звенняў у ланцугу эвалюцыі, то «трэці пол» можа быць спробай прыроды выпрацаваць новы тып размнажэння. Калі спачатку арганізмы размнажаліся дзяленнем, потым два аднолькавыя арганізмы злучаліся і зноў дзяліліся, утвараючы ў выніку тую ж самую колькасць арганізмаў, але нашмат больш складаных, потым для размнажэння былі патрэбныя ўжо два арганізмы рознага полу, то, магчыма, цяпер прырода шукае спосаб падняцца на прыступку вышэй і вывесці неабходны ў далейшым «трэці пол», які пазней займее ў размнажэнні сваю ролю.

Магчыма, вынікі даследаванняў выдуманых Куртам Вонэгутам тральфамадорцаў акажуцца не такімі ўжо і неверагоднымі.


* Фантастычныя iстоты з раманаў К. Вонэгута
18+
Меркаванні ў артыкулах належаць аўтар_цы і неабавязкова адлюстроўваюць пазіцыю праекта.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта абавязкова актыўная спасылка.