24 мая 2016

Першая кніга гей-прозы па-беларуску (слова ад аўтара)

6 191
Зь дзяцінства аўтара натхняе віцебская казка і само княскае места Віцебск, сталае непаўторным тлом усіх казак і прозы жыцьця. А ў цэнтры расповядаў месьціцца жыцьцё аднаго простага і такога адрознага віцябляніна…
Дэбютны зборнік аповядаў Уладзя Гарбацкага «Песьні тралейбусных рагуляў» запрашае чытацтва ў сьвет вясёлых і сумнявых праўдзівых гісторыяк, напісаных у мяшаным мастацка-дакумэнтальным жанры. Кніга выйдзе друкам і ў электронным варыяньце у выдавецтве belarusians.co.uk 1 чэрвеня 2016 г.

Публікуем тэкст пра кнігу ад самога аўтара Уладзя Гарбацкага.

Першая кніга гей-прозы па-беларуску (слова ад аўтара)




З нагоды выхаду першага зборніку гей‐прозы па‐беларуску «Песьні тралейбусных рагуляў» Уладзіслава Гарбацкага

(слова ад аўтара)


«Раней грамадзтва ставіла пад сумнеў гомасэксуальнасьць,
цяпер жа гомасэксуальнасьць ставіць пад сумнеў
функцыянаваньне ўсяго грамадзтва...»

Эрык Фасэн


Перафразуючы сучаснага францускага гендарнага тэарэтыка я, такім парадкам, вельмі аптымістычна гляджу на шлях, па якім йдуць сучасныя геі і лесьбійкі на Захадзе, нават у Беларусі. Хоць сытуацыя не заўсёды аптымістычная, тым ня менш, яна кратнулася з месца. Праўда, не заўсёды за ёю кратаюцца прагрэсысцкія сілы грамадзтва (інтэлектуальныя колы, грамадзянская, палітычная супольнасьць). А якраз цяпер варта, каб да зьмяненьняў спрычыніліся навукоўцы, літаратары — інтэлектуальнае кола, так бы мовіць.

У Беларусі, на жаль, акрамя кволага гей і лесьбі-актывізму ніхто не артыкулюе праблемаў, зь якімі жывуць нашыя геі і лесьбійкі: яно і зразумела, за аўтарытарызмам людзі баяцца быць адкрытымі, крытычнымі, сьмелымі, проста шчырымі. Гэта датычыць, між іншым, як улады, як апазыцыі, так і саміх геяў і лесьбіяк. У такой нібыта адчайнай сытуацыі навукоўцы і пісьменьнікі могуць быць як ніколі карыснымі. Якраз яны могуць дапамагчы змаргіналізаваным групам быць бачнымі, прысутнымі ў публічнай сфэры. Тым больш, паўтаруся, лёгіка дэмакратыі, разьвіцьця Эўропы, Захаду палягае ў плюралізьме, разнастайнасьці. У Эўропе і ў Беларусі, зразумела даўно, што палітыка доўгі час маргіналізавала, ігнаравала, а часам і шкодзіла геям, лесьбійкам, як гэта было, дарэчы, з іншымі групамі: цыганамі, беларускамоўнымі, фэміністамі і г.д. Надыйшоў, надыходзіць і надыйдзе час зьменаў. Хацеў бы, каб і мой першы зборнік прозы хаця б мізэрна паспрыяў гэтаму надыходу.

Дзіўна, але першапачаткова свой зборнік апавяданьняў я не вызначаў, як "гей-проза", бо гэта перадусім ода майму любаму роднаму месту Віцебску. Значная частка тэкстаў, сапраўды, пра мае гейства, якое зьяўляецца неадымнай, важнай часткай майго жыцьця: гэта і першае каханьне, і першае зьбіцьцё, і першая здача, і першы раз у каханьні, і расчараваньні-разрыў, а таксама, канечне, смачная рутына. Я пісаў мастацкі тэкст, але хутка зразумеў, што гэта таксама і мілітантысцкі, ідэалягічны тэкст, які можа дапамагчы маладым беларускім геям і лесьбійкам (прынамсі я хацеў бы, каб так было!)


«Бо калі я быў малады, напрыклад, і шукаў нейкіх арыентыраў, мне дапамагла якраз літаратура - перадусім заходні, франкамоўны ў прыватнасьці раман гей-аўтараў»



Да ўсяго я маю прывілегіі, якімі б хацеў таксама падзяліцца: я жыву шчасна, адкрыта, шчыра свае жыцьцё, сваю гомасэксуальнасьць. Тады як пераважная бальшыня геяў у нас хаваюцца, вядуць дубальтовае, паралельнае жыцьцё. Іншая мая прывілегія ў тым, што маладосьць мая адбывалася ў досыць адкрытым клімаце: адна сыстэма развалілася, а другая яшчэ не ўвайшла у сілу. То была досыць цікавая, роўная, свабодная пара з пункту гледжаньня маралі, ідэалёгіі. Сяньня беларусам, геям асабліва жывецца складана, аднабакова, бо з Расеі ды ад саміх беларускіх элітаў, уладаў дзьме цемрашальствам, гамафобіяй. Гэтыя колы, таксама спрычыненыя да маргіналізацыі, а праз гэта часам і самагубстваў сваіх грамадзянаў і грамадзянак - геяў і лесьбіяк.

Думаю, мне пашанціла, таму я і пішу-зьвяртаюся да чытацтва — геяў ці гетэра — усё адно, мне карціць падзяліцца казкамі майго жыцьця. Карціць захаваць хаця б крыху таго, што было і ніколі ня вернецца. Карціць падарыць казку іншым, падзяліцца аптымізмам і сьмеласьцю. Карціць спыніць мітрэнгі хаця б некаторых маладых геяў і лесьбіяк. Апрача ўсяго ў апавяданьнях я ствараю гымн Віцебску, бабулям, родным, сябрам, каханым, якія дапамаглі мне стаць упэўненым і прынцыповым.

І потым я перакананы, што сяньня геям і лесьбійкам можа дапамагчы якраз літаратура, не рэлігія, не філязофія, не палітыка, а перадусім літаратура. Прынамсі мой досьвед такі — мне дапамагла мастацкая літарататура, мяне выратавалі ад адзіноты і няўпэўненасьці досьвед і фантазіі пісьменьнікаў і пісьменьніцаў. На жаль, не беларуская літаратура дапамагла мне справіцца ў цяжкія моманты, а француская, бэльгійская, нямецкая ці квэбэцкая. Беларуская літаратура хоць і прыгожая, багатая, гуманісцкая, але, на жаль, зачастую сацыяльна сасьлеплая, аднабаковая, кансэрватыўная.

Таму нароўні з магістральнай гомасэксуальнасьцю iншы важны момант я б адзначыў у сваіх тэкстах — гэта тэма бацькоў, родных геяў, асабліва тых, хто прымаюць гомасэксуальнасьць сваіх дзяцей (апавяданьні «Трамвайніца», «Паштоўка», «Гаданьне на каханьне», напрыклад). Як жывуць яны, зь якімі праблемамі сутыкаюцца? На маю думку, іх адзінота і прыняцьцё дзяцей - само па сабе ўжо вычын, варты ўхвалы і падзякі. Зрэшты, тэма бацькоў геяў ці лесьбіяк зьяўляецца яшчэ больш нябачнай, чымся тэма геяў проста.

Канечне, абавязковай тэма зьяўляецца гамафобія, зь якой сутыкаецца любы гей у сваім жыцьці, тым больш, калі ён жыве ў Віцебску. У аповядах «Зьбіцьцё», «Цыганка» паўстаюць розныя формы гамафобіі — ад схаванай «далікатнай» і «культурнай» да прымітыўнай фізычнай. Але плакаць і гараваць тут ня трэба, паралельна з гэтай тэмай разьвіваецца тэма супрацьстаяньня гамафобіі. Бо кожны гей, кожная лесьбійка выпрацоўваюць свой мэтад змаганьня ці супраціву гамафобіі, якую зачастую спавадуе сама дзяржава, само грамадзтва.

Акрамя сумных тэмаў у творах паўстаюць і цалкам жыцьцясьцьвярджальныя тэмы: першае каханьне («Паштоўка»), гей-бацькоўства («Таткі») — чытаць аповяд «Таткі»…, адкрыцьцё фізычнай асалоды («Першы раз»), знаёмства-флірт («Вясновы чмут»), прыняцьцё сябе і ўласнай гомасэксуальнасьці («Другая казка»).

Не абыйшлося тут і без палітыкі: як украінская тэма ўвайшла ў жыцьцё беларускага гея («Украіна»).

Варта адзначыць, што акрамя тэмы гомасэксуальнасьці ў зборніку ёсьць тэксты пра іншыя, ня меньш заначныя казкі майго жыцьця: беларуская мова, атэізм, Віцебск, стараверства, віцебскі тралейбус, фэмінізм і г.д.

Карацей, прапаную вашай увазе невялічкі дэбютны зборнік, які, спадзяюся, ня стане першым блінцом сабаку...