«Здольная»: павер ва ўласныя сілы

«Пырхай, як матылёк, джаль, як пчала, пацей, як конь» — 1 жніўня пачаў працаваць сайт праекта «Здольная». Мы, зацікаўленыя і натхнёныя, папрасілі каманду праекта падрабязней расказаць пра яго канцэпцыю і падзяліцца думкамі наконт таго, чаму так важна ніколі не забываць, што ты — здольная.
1 жніўня 2016 | 2 372 | Каментары
© Ілюстрацыя. Фонам – хаатычныя разводы фарбы: белы, пурпурны, фіялетавы і ружовы колеры. У цэнтры – рамка, унутры якой напісанае ў 3 радкі слова “Здоль-на-Я”.
— У чым заключаецца асноўная мэта праекта «Здольная»? Якія актыўнасці будуць у ім?


Ганна, арганізатарка праекта, футбол

Насамрэч «Здольная» для мяне — гэта не проста які-кольвек спартыўна-сацыяльны праект. Для мяне гэта мара, якая здзяйсняецца, квінтэсенцыя маёй кар’еры ў прафесійным спорце, а таксама рэальнае ўвасабленне жаданняў многіх жанчын нарэшце адшукаць тую супольнасць, у якой кожная зможа адчуваць сябе ў бяспецы, не сутыкаючыся з ацэначнымі меркаваннямі і дыскрымінацыяй паводле якой-небудзь прыкметы, дзеля таго, каб зрабіць першыя крокі ў спорце.

Асноўная мэта праекта — зрабіць усё магчымае, каб матываваць жанчын рознага ўзросту і магчымасцяў зрабіцца больш фізічна актыўнымі праз стварэнне матывацыйнага кантэнту ў сетцы на прыкладзе рэальных жанчын і рэпрэзентацыю рэальных цел без рэтушы, выгадных позаў і дарагіх спартыўных брэндаў, што часцей за ўсё не даступныя сярэднестатыстычнай беларусцы, праз стварэнне адзінай інфапляцоўкі, дзе будзе сабраная інфармацыя аб групах, да якіх магчыма далучыцца ў пэўным горадзе, а таксама праз стварэнне бяспечнага ў эмацыянальным плане асяроддзя на занятках, якое будзе падтрымліваць.

Праект не нацэлены на памяншэнне вагі, а скіраваны на авалоданне ўпэўненасцю ў сабе, у сваіх сілах, разбурэнне стэрэатыпаў кшталту «я не такая, у мяне не атрымаецца».

«Мы хочам, каб кожная ўдзельніца адчула сябе «Здольнай», палюбіла сваё цела, а таксама пачала атрымліваць асалоду ад заняткаў, нягледзячы на неадназначную ацэнку навакольных»

У найбліжэйшы час «Здольная» будзе прадстаўленая ў фармаце адкрытых заняткаў па розных відах спорту, паўдзельнічаць у якіх зможа любая жанчына без спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі. У будучым мы хацелі б арганізаваць рэгулярныя заняткі па найбольш запатрабаваных напрамках у розных кутках Беларусі. Дзеля рэалізацыі гэтай амбіцыйная мэты нам, без сумневаў, неабходныя спонсары і партнёры. Улетку мы без перашкод можам карыстацца гарадскімі пляцоўкамі, аднак з надыходам восені прыйдзе час думаць аб арэндзе памяшканняў для заняткаў.

Найвялікшая частка работы будзе адбывацца анлайн. Некаторыя вынікі нашай работы вы можаце бачыць ужо цяпер : кароткія відэаролікі с момантамі падрыхтоўкі дзяўчат да спартыўных заняткаў накіраваныя акурат на прыцягненне ўвагі да даты запуску праекта. Мы публікуем фота- і відэаматэрыялы ў сацыяльных сетках і суправаджаем іх рэальнымі выказваннямі дзяўчат падчас заняткаў. Лепей за саміх удзельніц аб асалодзе, якую яны атрымліваюць, займаючыся спортам, ніхто не скажа!

На асноўнай анлайн-пляцоўцы будзе прадстаўленая падрабязная інфармацыя аб праекце, каляндар з раскладам заняткаў, форма зваротнай сувязі для падпісантак з магчымасцю далучыцца да каманды «Здольная» ў якасці трэнеркі альбо валанцёркі. Мы рыхтуем першую партыю «Здольных» цішотак і налепак, якія будуць радаваць удзельніц праекта падчас адкрытых заняткаў.

Разам з галерэяй UnLock мы плануем арганізаваць сумесныя прагляды трансляцый жаночых спаборніцтваў (напрыклад, выступу зборнай Рэспублікі Беларусь па баскетболе на Алімпійскіх гульнях ў Рыа). Таксама мы лічым неабходным прыцягваць увагу да прафесійнага жаночага спорту, не зважаючы на стэрэатыпы аб яго беднай відовішчнасці ў параўнанні са спаборніцтвамі «сапраўдных мужчын».

«Здольная»: павер ва ўласныя сілы Фатаздымак. На шэрым пакрыцці спартыўнай пляцоўкі стаіць чалавек – у кадры бачныя загарэлыя ногі, абутыя ў чорна-чырвоныя красоўкі, і рукі. У адной руцэ чалавек трымае фіялетава-сіні баскетбольны мяч. Рука і мяч рухаюцца - фота змазанае. Унізе здымка – белая квадратная рамка, унутры якой напісанае ў 3 радкі слова “Здоль-на-Я”.

— Як зарадзілася і развівалася канцэпцыя праекта?

Ідэя праекта нарадзілася ў мяне пасля знаёмства з брытанскай нацыянальнай кампаніяй This Girl Can. Гэты рух у Вялікабрытаніі ўразіў мяне сваім розгаласам і ўвагай з боку ўрада, а таксама сур’ёзным падыходам да маркетынгавага прасоўвання кампаніі.

«Сацыялагічнае даследаванне напярэдадні старту кампаніі паказала, што найбольш сур’ёзнай перашкодай да заняткаў спортам сярод жанчын з’яўляецца страх, што іх выгляд будзе ацэнены і зганены»

Заняткі ў змешаных альбо ў аднародных групах без забеспячэння эмацыянальна камфортнага асяроддзя для жанчын могуць быць траўматычным досведам. Далей ідуць і іншыя фактары: наяўнасць маленькіх дзяцей, за якімі патрэбны догляд, інваліднасць, узрост, фінансавыя выдаткі на заняткі, навязаныя ўяўленні аб тым, што мэта спартыўных заняткаў — гэта ідэальнае цела, і многія іншыя.

Мы імкнуліся адаптаваць брытанскую версію пад сацыякультурныя асаблівасці і патрабаванні беларускі, у якой дзве работы, асноўная і «хатняя», сярэдні ўзровень даходу, ёсць маленькае дзіця і г.д. Адкрытыя заняткі мы будзем праводзіць бясплатна, а для ахвочых нас падтрымаць арганізуем магчымасць гэта зрабіць.

— Як сабралася каманда?

У рэалізацыі праекта на сённяшні дзень удзельнічае каля 40 чалавек па ўсёй краіне. Я сабрала каманду праз адкрытае пісьмо дзяўчатам у сацыяльных сетках. Вельмі дапамагла анлайн-пляцоўка MAKEOUT, якая апублікавала аб’яву аб пошуку каманды валанцёрак. За некалькі тыдняў я атрымала каля 40 лістоў с вельмі цёплымі і шчырымі словамі падтрымкі. І калі на пачатку свайго шляху я яшчэ сумнявалася, то пасля такіх лістоў зірнула на праект з абсалютна яскравым разуменнем, што «Здольная» неабходная беларускім жанчынам.

Каманда працуе паводле прынцыпу краўдсорсінгу: ёсць цесная арганізатарская каманда (каля 6 чалавек, якія аб’ядноўваюць і курыруюць працоўныя групы па разнастайных кірунках: фота і відэа, трэнеры, дызайн і г.д). Іншыя ўдзельніцы далучаюцца па меры сваіх мажлівасцяў і жадання выконваць канкрэтныя задачы, удзельнічаюць эпізадычна. Аднак гэта якраз тое, што падыходзіць сацыяльнаму праекту! Многія не гатовыя даваць абяцанні на доўгатэрміновае супрацоўніцтва, планаваць працоўную нагрузку на доўгі час і браць на сябе адказнасць, асцерагаючыся падвесці ўсю каманду. Я цудоўна гэта разумею і прапаную ўдзельнічаць у праекце на такіх умовах, каб кожная магла зрабіць пасільны ўнёсак дзеля агульнай мэты без шкоды для асноўнай працы альбо іншых заняткаў. Аднак варта аддаць належнае аснове «Здольнай», без энтузіязму якой не атрымалася б нічога.

«Здольная»: павер ва ўласныя сілы Фотаздымак. На зялёным футбольным полі стаіць чалавек. На ім белая футболка з лічбай на грудзях, чорныя шорты, белыя гольфы, красоўкі. Кароткія валасы сабраныя ў хвост на макушцы. Перад ім ляжыць мяч, за ім – размыты зялёны фон. Чалавек рухаецца: правая нага вынесеная наперад, левая рука сагнутая ў локці, позірк накіраваны на мяч. З правага боку – белая квадратная рамка, у якой напісанае ў 3 радкі слова “Здоль-на-Я”.

— З якімі складанасцямі вы сутыкнуліся ў працэсе стварэння і рэалізацыі праекта?

Думаю, што асноўная цяжкасць — гэта ўсё ж такі неадназначная рэакцыя людзей на разуменне мэты праекта. Ужо цяпер можна вылучыць, прынамсі, 2 лагеры, адзін з якіх — людзі, якія не бачаць сэнсу ў занятках без памяншэння вагі і «прывядзення свайго цела ў парадак», другі — неразуменне, навошта жанчынам гэтыя самыя асобныя заняткі ў бяспечным асяроддзі, якое падтрымлівае. Бо на кожным жа кроку ёсць фітнэс-клубы, куды «хадзі — не хачу».

«Таму варта яшчэ раз адзначыць, што наш праект — пра бодзі-пазітывізм, пра тое, што кожная жанчына — ужо Здольная, і мы ўспрымаем яе такой, якая яна ёсць»

Аб’ектыўныя цяжкасці, якія яшчэ наперадзе, — гэта арганізацыя рэгулярных заняткаў, забеспячэнне доступу людзей з інваліднасцю да заняткаў, а таксама арганізацыя спартыўных груп у рэгіёнах. Без партнёраў і мецэнатаў зрабіць гэта будзе практычна немагчыма. Аднак мы глядзім у будучае з аптымізмам :)



Мы запыталі ва ўдзельніц праекта, чаму кожная з іх асабіста вырашыла паўдзельнічаць у праекце.

«Здольная»: павер ва ўласныя сілы На фотаздымку – танцавальная заля ў шэрых танах. Справа бачны фрагмент люстэрка ад столі да падлогі. Некалькі людзей стаяць бокам, трохі нахіліўшыся, і глядзяць на свае адбіткі ў люстры: адзін на пярэднім плане, астатніе трохі далей, іх постаці размытыя. Усе апранутыя ў футболкі, шорты і красоўкі розных колераў, іх доўгія валасы сабраныя ў “конскія” хвасты. На фота накладзена белая квадратная рамка, у якой напісанае ў 3 радкі слова “Здоль-на-Я”.

Люся, танцы, рэгетон

«Здольная» – слова, якое адносіцца да кожнай, толькі далёка не кожная разумее гэта. Мая цікавасць да праекта не выпадковая, даведаўшыся пра яго, я проста не магла не паўдзельнічаць у ім! Яшчэ некалькі гадоў таму я ставілася да сябе зусім інакш. Я саромелася рабіць тое, што мне падабаецца, і асноўным фактарам было незадавальненне сваім вонкавым выглядам і шэраг унутраных бар’ераў (ведаеце, некалькі лішніх кг альбо любая іншая падстава, прыдумаць якую было куды прасцей, чым перайсці да рэальных дзеянняў). У сучасным свеце на нас уплываюць праз ідэалізаваныя малюнкі ў СМІ і сацсетках.

Так, мы бачым аднатыпныя профілі Інстаграм-прыгажунь, што адзетыя ў бікіні і рэкламуюць пратэінавыя кактэйлі, гэта быццам бы нічога, але, на жаль, многім гэта не дадае матывацыі, а наўпрост адбівае жаданне займацца сабой, бо вынік здаецца занадта недасяжным. Хтосьці скажа, што гэта лухта, але падсвядома такія вобразы накладваюць сур’ёзны адбітак на ўспрыманне сябе. Іначай нам не пісалі б дзяўчаты, якія хочуць прыйсці на трэніроўку, аднак толькі «калі крыху пахудзеюць», ці мы рэгулярна не атрымлівалі б паведамленні з тэкстам кшталту «вось як я да вас такая прыйду?» ці «нічога, што мне ужо больш, чым 30?» Хто ўвогуле дыктуе, як мы павінны выглядаць, хто накладае ўзроставыя забароны?

У нашай галаве вельмі шмат штучных рамак, і яны часта замінаюць нашай унутранай гармоніі і паўнавартаснаму шчасцю. Так, я за самаўдасканаленне, і вонкавае, і ўнутранае, аднак многія дзяўчаты няправільна расстаўляюць акцэнты.

«Трэба быць актыўным, не саромецца займацца спортам альбо танчыць проста таму, што ВАМ гэта цікава, проста таму, што Вам гэтага хочацца! Усе астатнія мэты – другарадныя»

Вельмі важна жыць у гармоніі са сваімі жаданнямі і прыўносіць новае ў сваё жыццё. Калі трэніроўка паможа вам пакінуць у баку мітусню і дадаць крыху яскравасці ў паўсядзённасць, то чаму б не паспрабаваць?

Мой асноўны кірунак – кубінскі рэгетон, і ў гэтым стылі мяне перадусім прыцягнула падача танцораў. Трэба ўпэўнена рухацца і несці з сабой зарад энергіі, і тады ўсё ў любым выпадку атрымаецца! Мне здаецца, што дзяўчаты ў нашай краіне даволі скаваныя. Шмат каму не цяжка вывучыць харэаграфію, але складана падаць эмоцыі падчас танца: усмешку, расслабленасць. Мне хочацца нязмушанасці, а не механічных рухаў! Таму ў нашым зале у працу павінна ўключацца не толькі цела. Па магчымасці я заўжды імкнуся паспрабаваць штосьці новае, як бы недарэчна гэта ні выглядала, бо няма нічога даражэйшага за новыя эмоцыі!

Я вельмі спадзяюся, што дзякуючы гэтаму праекту ў нашай краіне стане крыху меней стэрэатыпаў, што дзяўчаты даведаюцца аб новых магчымасцях развіцця, навучацца прымаць сябе, і кожная зможа зрабіцца крышачку больш шчаслівай!


«Здольная»: павер ва ўласныя сілы На здымку памяшканне з шэрай падлогай, бачныя кавалак шэрай сцяны і люстэрка ад падлогі дла столі справа. У цэнтры стаіць босы чалавек з кароткімі валасамі, апрануты ў белае кімано з чорным поясам, на яго руках чырвоныя пальчаткі. Правыя рука і нага чалавека вынесеныя наперад, корпус павернуты – ён стаіць ў баявой стойцы. У левым верхнім куце – белая квадратная рамка, у якой напісанае ў 3 радкі слова “Здоль-на-Я”.

Саша, удзельніца праекта, лыжны спорт

[Я ўдзельнiчаю ў праекце — рэд.], таму што доўгі час лічыла сябе «нявартай». У мяне ёсць індывідуальная асаблівасць, якая накладае значныя фізічныя абмежаванні, маё аблічча ў найлепшым выпадку можна назваць «нестандартным». Гэта, напэўна, прагучыць даволі недарэчна, але мне вельмі доўгі час здавалася, што я недастаткова прывабная, недастаткова «крутая». Калі глядзіш на дзяўчат-спартсменак у кіно, рэкламе альбо музыкальных кліпах, яны заўжды прыгожыя, маладыя, зграбныя. Калі ты не адпавядаеш гэтаму стандарту, ты хутчэй рызыкуеш, што твой фотаздымак акажацца ў інтэрнэце з крыўдным, абразлівым надпісам.

Я б хацела, каб гэта змянілася. У тым годзе я нарэшце выспела, плюнула на ўсё і стала на лыжы. Так, я фізічна не магу трымаць палкі, ну дык што? Можна навучыцца катацца без іх. Я ўсё жыццё ненавідзела зіму за халады, а цяпер чакаю з нецярплівасцю. Восенню нарэшце пайду на танцы!

Я хачу разбурыць міф аб тым, што спорт — гэта конкурс прыгажосці, куды нельга «занадта» старым, «занадта» поўным, людзям з «занадта» сур’ёзнай інваліднасцю, «занадта» іншым. Галоўнае – знайсці занятак, які захопіць і дазволіць атрымліваць асалоду. І пляваць на меркаванне навакольных!


Саша, дызайнерка праекта, лонгбордынг

Калі я ўпершыню пабачыла пост пра праект, мне стала цікава, што з гэтага можа атрымацца і што я магу зрабіць для таго, каб атрымалася, таму што ідэя здавалася і здаецца вельмі крутой, і паведамленне пра тое, што я ўмею і хачу рабіць, паляцела да Ані.

Мяне больш за ўсё прывабіў мой любімы фармат: прастора без абмежаванняў і дыскрымінацый. Калі б не «Здольная», я б, магчыма, ніколі і не даведалася б пра такую колькасць таленавітых і крутых дзяўчат, якія займаюцца рознымі відамі спорту, некаторыя з якіх традыцыйна лічацца "мужчынскімі", і дзяўчаты паспяхова ломяць усе існуючыя стэрэатыпы.

Таксама вельмі крута, што падчас работы над праектам у нас склалася каманда, якая робіць візуальны кантэнт. Нягледзячы на тое, што мы працуем разам не так даўно, у нас ужо склалася вельмі камфортная суполка.

«А назва праекта наогул зрабілася нейкай мантрай, бо ў апошні месяц падчас працы і над праектам, і наогул у жыцці, калі хочацца штосьці кінуць і здацца, у галаве пачынае круціцца наш хэштэг і фраза пра тое, што я здольная, і здавацца ўжо неяк не атрымліваецца»


«Здольная»: павер ва ўласныя сілы Фотаздымак. На фоне - размытае Траецкае прадмесцце ў Мінску. На пярэднім плане злева на асфальце стаіць лонгборд з аранжавымі коламі. На ім бокам стаіць чалавек з кароткімі светлымі валасамі, апрануты ў чорную футболку, светла-джынсавыя шорты вышэй калена, шэрыя кеды. Чалавек расставіў рукі, як быццам балансуе, позірк накіраваны пад ногі. У ніжнім правым куце – белая квадратная рамка, у якой напісанае ў 3 радкі слова “Здоль-на-Я”.

Маша, рэгбі

Чаму «Здольная»? Мяне зацікавіў гэты праект з многіх прычын. Самая галоўная – мне хацелася б дапамагаць жанчынам паверыць у сябе незалежна ад іх спартыўнага досведу, сацыяльнага становішча, узросту і камплекцыі. Тым больш, што гэта вельмі блізка мне: займацца рэгбі я пачала амаль з нулявой спартыўнай падрыхтоўкай і практычна такімі ж ведамі пра дадзены від спорту. Мне вельмі хацелася б, каб рэгбі, вядомы як «спорт для сапраўдных джэнтльменаў», зрабіўся яшчэ і «спортам для сапраўдных ледзі», калі можна так выказацца. У нашай краіне ён зусім не папулярны, а тыя, хто штосьці пра яго ведае, часцей за ўсё маюць даволі перакручаныя ўяўленні, якія ў першую чаргу і пужаюць дзяўчат. Больш за тое, менавіта рэгбі як камандны від спорту, звязаны з каласальнымі фізічнымі нагрузкамі, дапамагае людзям раскрыцца цалкам як асоба ў самы кароткі тэрмін. «Здольная» дапамагае аб’ядноўвацца дзяўчатам, у якіх ёсць унутраны стрыжань, якія вераць у сябе і могуць захапіць гэтым навакольных.


Вольга, рэгбі

Я вырашыла паўдзельнічаць у «Здольгай» для таго, каб на ўласным прыкладзе паказаць, што спортам можна пачаць займацца ў любым узросце і з любым узроўнем фізічнай падрыхтоўкі, а таксама каб разбіць стэрэатыпы аб тым, што рэгбі гэта выключна мужчынскі від спорту. А яшчэ каб паказаць, што трэніравацца з маленькім дзіцем – гэта крута і карысна, бо лепшага прыклада для пераймання не знайсці! Я ўпэўненая, што праект «Здольная» аб’яднае ўсіх трэнераў і зробіць шырэйшым кругагляд жанчын у Беларусі, пакажа ім, што спорт даступны кожнай дзяўчыне.


Вольга, фатографка, скачкі ў вышыню

Пабачыўшы аб’яву Ганны аб пошуку ахвочых паўдзельнічаць у праекце, я адказала адразу. Я практычна ўсё сваё жыццё займалася спортам: з дзяцінства і гадоў да 15 прафесійна, пасля — танцы, траўмы, фітнэс, ёга. Я ведаю, што дае спорт ва ўсялякіх яго праявах у жыцці — гэта бадзёрасць і моц духа, упэўненасць у сабе, добры настрой і яшчэ шмат карысных і прыемных бонусаў. Таксама я ведаю, што ёсць шмат жанчын, якім цяжка зрабіць нават першы крок насустрач спорту: заніжаная самаацэнка, няўпэўненасць у сваіх сілах і магчымасцях, элементарны сорам. Тут жа зроблены націск на бяспечнае асяроддзе, якое гатовае прыняць, на магчымасць паспрабаваць сябе ў розных відах спорту, а гэта вельмі цікава, хіба не?!

Паколькі я займаюся фатаграфіяй і таму магу быць карыснай праекту, я адгукнулася на аб’яву, і цяпер ў нашай невялікай, але ўжо з’яднанай камандзе мы робім вялікую справу, за якой вы ўжо можаце сачыць у сацыяльных сетках. Я ўпэўненая, што ў нас усё атрымаецца, мы верым у праект, верым у яго поспех, укладаем у яго душу і аддаем сябе цалкам.


«Здольная»: павер ва ўласныя сілы На здымку спартыўная пляцоўка. На фоне размытай зеляніны і агароджы чалавек з кароткімі валасамі бяжыць за мячом. На ім шэрая майка, сінія шорты і красоўкі. На пярэднім плане, у фокусе – другі чалавек падняў правую руку, у якой трымае фіялетава-сіні баскетбольны мяч. На ім чорная футболка, шэрыя шорты, чорныя гетры, ружова-белыя красоўкі з жоўтымі элементамі, на галаве – чырвоная павязка, валасы ўбраныя. Правая нага выстаўленая наперад, левая ў паветры. Чалавек на пярэднім плане глядзіць уніз, яго рот адкрыты. У правым верхнім куце – квадратная белая рамка, у якой напісанае ў 3 радкі слова “Здоль-на-Я”.

Каця, суарганізатарка праекта, вулічны баскетбол

У «Здольнай» мяне прывабіла магчымасць займацца спортам менавіта на аматарскім узроўні. На жаль, нават у Мінску не хапае суполак, куды ты магла б прыйсці для гульні дзеля свае прыемнасці без мэты дасягнуць сур’ёзнага спартыўнага выніку.

Падчас навучання ва ўніверсітэце цалкам нечаканым для мяне зрабіўся выпадак, калі я хацела далучыцца да каманды ВНУ па баскетболе. Выявілася, што нават на ўзроўні ўніверсітэцкай каманды неабходна было мець сур’ёзную папярэднюю падрыхтоўку і ўжо ўмець гуляць у баскетбол. Да рэгулярных заняткаў не дапускаліся пачаткоўцы, і ўрэшце аказалася, што гэта не тая прастора, дзе можна было б займацца дзеля свайго асабістага задавальнення і ў вольны час. Нягледзячы на тое, што ў мяне ўжо былі нядрэнны ўзровень валодання мячом і разуменне агульных правіл гульні, я аказалася на лаўцы запасных, бо для ВНУ быў важны ў першую чаргу вынік.

Таксама прыгадваю выпадак з дзяцінства, калі падчас спробы запісацца на плаванне пачула, што для пачатку заняткаў «узрост, маўляў, ужо не той». Гэта кажа пра тое, што ў Беларусі кепска развітая сістэма аматарскага спорту, і гутарка ідзе толькі аб спорце высокіх дасягненняў. Аднак што рабіць тым, хто хоча быць актыўным і пры гэтым не мае мэты заваяваць алімпійскія вяршыні?


Марына, тайскі бокс

Кожны дзень свайго жыцця я сустракаю з усмешкай. Асабліва прыўкрасны і непаўторны момант майго і твайго жыцця. Людзі вакол мяне адрозніваюцца сваёй непадобнасцю. Ёсць рэчы, якія нас аб’ядноўваюць. Добрыя, разумныя словы і ўчынкі. Навыкі і звычкі. Карысныя і не вельмі. Штосьці псуе нас, а штосьці робіць мацнейшымі, лепшымі і нават крышачку больш шчаслівымі. Прайшоўшы пэўны жыццёвы шлях, я многаму навучылася: змяняць асяроддзе свайго пражывання, прыслухоўвацца да сябе, любіць і разумець сваё цела, у якім я існую. Зноў і зноў я бачу навокал мноства адораных энергіяй людзей, якія развучыліся ёй карыстацца. Лаўлю позіркі жанчын — моцных, але тых, якія забыліся на тое, хто яны. Стаміліся змагацца з сабой за сябе, прайгралі ў гэтай бітве. Бачу тых, хто проста не ведае, з чаго пачаць! Я ведаю, як звярнуць увагу на сваё цела і займацца спортам з асалодай. Прыгадаць, хто ты сапраўдная. А яшчэ я ведаю – любы, нават самы далёкі і прывабны шлях пачынаецца с аднаго маленечкага кроку наперад!

© Фота: Вольга Жукоўская і Каця Арціменя
18+
Меркаванні ў артыкулах належаць аўтар_цы і неабавязкова адлюстроўваюць пазіцыю рэдакцыі. Публікацыя імя, фатаграфіі або іншай выявы якіх-небудзь асоб у межах гэтага сайта ніякім чынам не ўказвае на іх сэксуальную арыентацыю ці сэксуальныя перавагі. Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта абавязкова актыўная спасылка.