5 навуковых фактаў, якія падтрымліваюць фемінізм

Suzannah Weiss, Everydayfeminism,com | Перевод — Дзіяна | Прагляды: 441

© Linden Gledhill
«Навука даказвае існаванне гендарных роляў, і феміністкі ідуць супраць прыроды, калі гэта абвяргаюць», — так гучыць самае распаўсюджанае пярэчанне адносна фемінізму.

Сродкі масавай інфармацыі кішаць вучэннямі, якія нібыта дэманструюць эвалюцыйныя адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі. Аднак некаторыя з іх не выклікаюць даверу, тады як многія навуковыя даследаванні адмаўляюць гендар як прыродную характарыстыку.

«Мужчынам лягчэй даецца матэматыка», «жанчыны больш эмацыйныя», «мужчыны часцей ходзяць "налева"», — вядома, вы бачылі, як выстаўляюць эвалюцыйную тэорыю ў папулярных часопісах. Таму, калі ва ўніверсітэце я адначасова з кагнітыўнай нейрапсіхалогіяй пачала вывучаць гендар і сэксуальнасць, я чакала канфлікту паміж гэтымі дзвюма сферамі.

Але я была здзіўлена. Шмат з таго, што я вывучала на курсах біялогіі і псіхалогіі, падмацавала мае веды аб фемінісцкай і квір-тэорыі.

Вось некалькі даказаных фактаў, якія паказваюць, як навука падтрымлівае фемінізм, а не гендарны эсэнцыялізм (канцэпцыя, якая спрабуе замацаваць нязменную жаночую ці мужчынскую сутнасць, то бок жанчына супрацьпастаўлецца мужчыне).

5 навуковых фактаў, якія падтрымліваюць фемінізм
© Linden Gledhill

1. Існуе больш за два полы, не кажучы ўжо пра вялікую колькасць гендарных ідэнтычнасцяў

Большасць навуковых тэорыяў сцвярджае, што гендар прапісаны ў нашай генетыцы, а дакладней — наяўнасць дзвюх X-храмасом (звычайна лічацца жаночымі), ці адной X і адной Y (звычайна лічацца мужчынскімі) вызначае наш гендар і паводзіны.

Аднак інтэрсэкс-, трансгендарныя і неканформныя людзі даказваюць, што гендарныя праяўленні не звязаныя з храмасомамі, геніталіямі, гармонамі ды іншымі фізічнымі характарыстыкамі, якія часта кладуцца ў аснову «мужнасці» і «жаноцкасці».

Нават біёлагі пачынаюць прызнаваць, што існуе больш за два полы.

У артыкуле «Пяць полаў» (які, дарэчы, фактычна сцвярджае, што іх больш за пяць), прафесарка Браўнаўскага ўніверсітэта Эн Фаўста-Стэрлінг падкрэслівае, што пол існуе ва ўмовах, калі 4% ад усіх народжаных — інтэрсэкс-людзі (людзі, якія не маюць адназначна мужчынскіх ці жаночых полавых характарыстык). Гэта кожны дваццаць пяты чалавек!

Лічба здаецца ашаламляльна высокай. Мы рэдка сустракаем дарослых людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе як інстэрсэкс (а нават калі і сустракаем, мы можам не ведаць), бо хірургічнае ўмяшанне адбываецца адразу пасля нараджэння.

Аднак інтэрсэкс-актывіст_кi заклікаюць лекараў і лекарак пакінуць у спакоі целы немаўлят, калі іх пол складана вызначыць, пакуль іх здароўю нічога не пагражае. Так мы зможам сутыкнуцца з большай колькасцю людзей, якія знаходзяцца пасярэдзіне полавага спектру.

Не ўсе з'яўляюцца мужчынамі ці жанчынамі біялагічна. Варта таксама памятаць, што не ўсе жанчыны — біялагічна жанчыны і не ўсе мыжчыны — біялагічна мужчыны. Не ўсе людзі нават ідэнтыфікуюць сябе як мужчыну ці жанчыну.

Гендарная ідэнтычнасць — гэта нешта большае, чым храмасомы.

© Linden Gledhill

2. Навакольнае асяроддзе ўплывае на развіццё чалавека з самага пачатку на клеткавым узроўні

Нават калі гены адпавядаюць стандартным узорам XX і XY, храмасомам часта не ўласцівы ўсе тыя якасці, якімі іх надзяляюць людзі (я яшчэ вярнуся да гэтага), і генетычны матэрыял значыць не так шмат, як навука лічыла раней.

Аказваецца, што шлях ад генаў да паводзінаў доўгі і пакручасты і на яго ў вялікай ступені ўплывае навакольнае асяроддзе. Паколькі паводзіны не «жалезабетонныя» з нараджэння, казаць, што мы нараджаемся з гендарам — значыць вельмі ўсё спрасціць.

Замест таго, каб непасрэдна ўплываць на паводзіны, гены вызначаюць будову бялкоў, з якіх складаюцца клеткі нервовай сістэмы, якая ў сваю чаргу вызначае ўсе нашыя дзеянні.

І навакольнае асяроддзе ўмешваецца на кожным этапе гэтага працэсу.

Сёння многія біёлагі_лагіні падтрымліваюць тэорыю дынамічных сістэм. Гэтая тэорыя разглядае кампаненты развіцця чалавека як цесна ўзаемазвязаныя.

Выхаванне фармуе нашую прыроду, таму няма сэнсу аддзяляць адно ад другога.

Напрыклад, некаторыя даследаванні паказваюць, што ў сярэднім хлопчыкі больш фізічна актыўныя, чым дзяўчынкі, але даследаванне Фаўста-Стэрлінг дэманструе, што бацькі праводзяць час з сынамі больш актыўна.

«Вядома, для разумення гэтых біялагічных працэсаў патрабуецца больш даследаванняў. Але магчыма, што прынамсі часткова праз рознае мацярынскае абыходжанне сэнсорная, рухальная, нервова-цяглічная сістэмы хлопчыкаў развіваюцца па-іншаму, чым у дзяўчынак», — падсумавала яна.

Адно вядомае даследаванне паказвае, што людзі трымаюць дзяцей па-рознаму ў залежнасці ад полу дзіцяці, і гэта залічваецца ў падтрымку гэтай тэорыі.

Наколькі сур'ёзна ўплывае выхаванне на нашую прыроду? Калі мы нараджаемся ўжо з пэўнай мадэллю паводзінаў, тады здаецца, што гэта інстынкт розных сысуноў, як прызямляцца на лапы ў катоў ці пацукоў.

У адным неверагодным эксперыменце пацукоў змясцілі ў космас, каб праверыць гэтую тэорыю. Вызначальны рэфлекс (рэфлекс, які карэктуе арыентацыю цела, калі яно знаходзіцца не ў нармальнай вертыкальнай паставе) не развіўся нават пасля таго, як жывёлы вярнуліся ў нармальную гравітацыю. Гэта пацвярджае, што ўсё сапраўды залежыць ад умоваў.

© Linden Gledhill

3. Сацыялізацыя — магутная сіла

Мы не заўсёды ўсведамляем, што «біялагічныя» гендарныя адрозненні маюць культурныя карані, бо сацыялізацыя пачынаецца ў раннім дзяцінстве, глыбока ўкараняецца ў нашай свядомасці і вымушае жыць па сваіх правілах.

Напрыклад, калі псіхалогія сцвярджала, што жанчынам не так лёгка даецца матэматыка і прыродазнаўчыя навукі, яна такім чынам падтрымлівала культурную аргументацыю гендарнага разрыву ў сферы дакладных навук.

Даследаванні паказалі, што жанчыны адчуваюць сябе не ў сваёй талерцы, калі ўступаюць на «мужчынскую тэрыторыю», што яны менш схільныя ўдзельнічаць у інтэлектуальных занятках, якія, як кажуць, патрабуюць геніяльнасці ад нараджэння, і што краіны з гендарнай роўнасцю маюць меншы разрыў у выніках тэстаў па матэматыцы ці ўвогуле яго не маюць.

Адным з важных тлумачэнняў гендарных і расавых адрозненняў у прадукцыйнасці з'яўляецца страх пацвердзіць стэрэатып. Становіцца зразумела, чаму людзі працуюць горш, калі ад іх чакаюць дрэннай працы.

Напрыклад, жанчыны набіраюць менш балаў на тэстах па матэматыцы, калі ім нагадваюць пра іх гендар. Навукоўцы мяркуюць, што страх пацвердзіць гендарны стэрэатып не дае сканцэнтравацца. Гэта замкнёнае кола.

Нярэдка людзі прызнаюць гендарныя ролі, бо не хочуць пачуць крытыку ў свой адрас.

Адзін з гендарных стэрэатыпаў, з якім складана змагацца, — мужчынам патрэбны сэкс больш, чым жанчынам. У адным даследаванні жанчыны ацэньвалі іншую жанчыну, якая мела 20 сэксуальных партнёраў_ак. Параўноўваючы яе з жанчынамі, ў якіх было два партнёра_кі, яе называлі менш надзейнай і ласкавай. Пры гэтым і мужчыны часта неахвотна разглядаюць неразборлівых жанчын як патэнцыйных рамантычных партнёрак.

Хаця і лічыцца, што ў жанчын ніжэйшае лібіда, але больш верагодна, што мужчыны могуць мець больш сэксуальных партнёраў_ак, бо гэта больш сацыяльна прымальна.

© Linden Gledhill

4. Калі даследаванні сапраўды выяўляюць гендарныя адрозненні, яны часта занадта слабыя, каб служыць асновай для абагульненняў

Некаторыя рысы адрозніваюць гендары ў сярэднім, але насамрэч існуе большая розніца паміж асобамі аднаго гендара.

Напрыклад, розніца ў росце паміж самай высокай і самай нізкай жанчынамі свету нашмат большая, чым паміж сярэднім мужчынам і сярэдняй жанчынай.

Гэтыя адрозненні яшчэ слабейшыя, калі мы кажам пра паводзіны і абумоўленыя культурай аспекты, такія, як адзнакі па матэматыцы.

Нягледзячы на страх пацвердзіць стэрэатып і розніцу ў сацыялізацыі, сярэднія балы па матэматыцы адрозніваюцца толькі на 32 балы. Гэтага далёка не дастаткова, каб апраўдаць такі велізарны гендарны дысбаланс у матэматыцы.

5. Гендар азначае розныя рэчы ў розных культурах

Нягледзячы на тое, што мы падзяляем большую частку аднолькавай ДНК, даследаванні паказваюць, што прадстаўнікі_цы розных культур маюць свае уяўленні пра гендар. Гэта дазваляе казаць, што карціна больш шырокая, чым проста генетыка.

Адно даследаванне Гарвардскага ўніверсітэта паказала, што патрыярхальныя культуры спараджаюць гендарныя стэрэатыпы, паводле якіх лічыцца, што найбольш каштоўныя рысы — мужчынскія. Такім чынам, паколькі ў розных культурах цэняцца розныя рысы, іх ўяўленні аб жаноцкасці і мужнасці таксама адрозніваюцца.

Напрыклад, у карэйскай культуры цэніцца сувязь паміж людзьмі, таму карэйскія мужчыны лічацца больш залежнымі. У амерыканцаў супрацьлеглы ідэал, таму яны лічаць мужчын больш незалежнымі.

У патрыярхальных культурах шануюць мужчынскія рысы, таму што ў гэтых культурах найбольш каштоўныя якасці прыпісваюць менавіта мужчынам. І ў той час, як у ЗША лекары пераважна мужчыны, у Расіі прафесія доктаркі лічыцца жаночай і, верагодна, невыпадкова аплачваецца менш.

Хоць прыклад жывёльнага свету часта выкарыстоўваецца для падмацоўкі існавання гендарных роляў, мы не можам пераносіць паводзіны жывёлаў на людзей, асабліва ў гэтым пытанні. Паводзіны жывёлаў часта не адпавядаюць чалавечым гендарным ролям і не пацвярджаюць заходнія ўяўленні аб гендары.

Прывяду некалькі прыкладаў. Ільвіцы палююць больш, чым львы; самкі антылоп агрэсіўна канкуруюць за самцоў; а альбатросы ўтвараюць аднаполыя пары.

Нішто з гэтага не кажа, што мы павінны прыняць адваротны бок нашых цяперашніх нормаў. Проста справа ў тым, што ёсць больш за адзін погляд на рэчы і ніводны з іх не з'яўляецца больш натуральным за іншыя.

© Linden Gledhill

Чаму гэта ўсё так важна прызнаць?

Выкарыстанне навукі для абгрунтавання гендарнага эсэнцыялізма мае наступствы больш сур'ёзныя, чым фактычная недакладнасць.

Калі мы кажам, што гендарныя ролі натуральныя, мы прымушаем тых, хто ім не адпавядае, адчуваць сябе ненатуральна ці нават няправільна.

Многія рашэнні, якія не з'яўляюцца «натуральнымі» па стандартах нашага грамадства, на самой справе могуць быць звычайнымі для людзей, якія іх прымаюць. Кожны чалавек заслугоўвае прасторы, дзе ён_яна можа паказаць сябе сапраўдн_ую, незалежна ад таго, ці адпавядае ён_яна агульнапрынятым уяўленням.

Апраўданне гендарных стэрэатыпаў біялогіяй выклікае яшчэ больш праблем, калі мы пачынаем казаць пра адрозненні ў здольнасцях.

Калі былы прэзідэнт Гарварда Лары Самэрс сказаў, што ў жанчын і мужчын могуць быць розныя «ўнутраныя здольнасці» да навукі, ён на самой справе паспрыяў гэтым самым адрозненням.

Калі мы гаворым дзяўчынкам, што яны ад прыроды не такія здольныя ў навуцы, або кажам хлопчыкам, што ім складана вывучаць мовы, мы адбіваем у іх ахвоту рэалізавацца ў гэтых сферах.

Іншымі словамі, «біялагічныя» адрозненні фактычна могуць быць вынікам таго, што мы называем іх біялагічнымі. Выкарыстанне навукі для абгрунтавання стэрэатыпаў можа яшчэ больш умацаваць іх.

Яшчэ адна праблема звязана з тым, што, кажучы толькі пра мужчын і жанчын і прыраўноўваючы гендэр да храмасом, навука ў значнай ступені ігнаруе супольнасць ЛГБТ+.

Часта таксама спасылаюцца на полавы адбор (тэндэнцыю арганізмаў выбіраць партнёраў_ак з адаптыўнымі рысамі) як на прычыну эвалюцыі гендарных паводзінаў.

Напрыклад, псіхалогія сцвярджае, што мужчыны больш агрэсіўныя, таму што жанчыны аддаюць перавагу «альфа-самцам». Акрамя таго, што ёсць шмат гетэрасэксуальных жанчын, якія гэта не падтрымліваюць, такія абагульненні таксама замоўчваюць існаванне тых, хто не займаецца сэксам з мужчынамі.

© Linden Gledhill

Многія даследаванні ладзяцца на Захадзе. У псіхалогіі нават ужываецца абрэвіятура WEIRD (заходні, адукаваны, індустрыяльна развіты, багаты, дэмакратычны), каб апісаць насельніцтва, якое звычайна вывучаецца. І вельмі часта вынікі гэтых даследаванняў пераносяцца на ўсё чалавецтва ўвогуле, у тым ліку на іншыя культуры, якія вывучаюцца радзей.

Абвяшчэнне заходняга тыпу жаноцкасці і мужнасці ўзорам прыродных чалавечых схільнасцяў робіць іншыя культуры экзатычнымі, дзіўнымі ці нават няправільнымі.

Такім чынам, наступным разам, калі вы сутыкняцеся з даследаваннем пра тое, чаму мужчынскія і жаночыя мазгі або інстынкты адрозніваюцца, падумайце па культурныя абставіны, якія, магчыма, паўплывалі на структуру або вынікі даследавання.

Ці існуюць альтэрнатыўныя інтэрпрэтацыі вынікаў, якія маглі б замест гэтага падтрымаць уяўленне аб гендары як сацыяльна сканструяваным? Ці разглядала даследаванне чалавецтва ўвогуле? І нават калі эксперымент здаецца разумным, ці апраўдвае ён рознае стаўленне да мужчын і жанчын?

Тое, як мы ставімся да людзей на аснове іх полу, з'яўляецца больш моцным чыннікам у замацаванні сэксізму, чым эвалюцыя. Давайце не будзем гэтаму спрыяць.